From Wikipedia, the free encyclopedia
Старажытная гісторыя народаў ЦАР мала вывучана. Здаўна па тэрыторыі краіны праходзілі шляхі шматлікіх міграцый афрыканскіх народаў, і гэта ў значнай ступені паўплывала на яе засяленне. Выяўленыя пры здабычы алмазаў у басейне ракі Убангі прылады каменнага веку даюць падставу лічыць, што ў старажытнасці раўніны Цэнтральнай Афрыкі былі заселенымі. Першымі жыхарамі на гэтай тэрыторыі, відаць, былі пігмеі. Аб існаванні зямель да захаду ад вытокаў Ніла, населеных цёмнаскурымі народамі, было вядома старажытным егіпцянам. Расшыфраваныя надпісы на егіпецкіх манументах распавядаюць аб краіне Уам (у раёне рэк Мобу і Кембэ), населенай «чорнымі карлікамі — пігмеямі». На старажытнаегіпецкіх картах рэкі Убангі і Уэле зваліся Чорным Нілам і былі злучаныя з Белым Нілам ў адну раку.
Больш развітыя плямёны жывёлаводаў, хутчэй за ўсё, перасяліліся сюды з паўночных саванаў, якія ўжо былі закранутыя працэсамі апустыньвання. Знойдзеныя ў пачатку 60-х гадоў XX стагоддзя антраполагам П’ерам Відалем на паўднёвым захадзе краіны мегаліты Буар вышынёй да 3 м адносяцца да эпохі неаліту. Сярод народа гбая яны вядомыя пад назвай «таджуну», гэта значыць стаячыя камяні.
У XVI—XVII стагоддзях на тэрыторыю міжрэчча Убангі — Шары з абязлюдзелых узбярэжжаў сталі прыходзіць паляўнічыя за жывым таварам. Аднак праз аддаленасць ад акіянаў і становішча ў сэрцы трапічнай Афрыкі краіна аж да XIX ст. заставалася невядомай еўрапейцам. Падчас падзелу Афрыкі тэрыторыя будучай ЦАР увайшла ў сферу інтарэсаў французаў. У 1895 годзе Францыя стварыла залежную тэрыторыю Убангі-Шары. Пасля Першай сусветнай вайны калонія была аддадзена ў арэнду буйным кампаніям, якія прымушалі мясцовае насельніцтва працаваць у нечалавечых умовах на плантацыях гевеі, кавы, не плацячы грошай і нават беручы ў заложнікі сем’і рабочых. Дзесяткі тысяч завербаваных у суседняе Конга абарыгенаў загінулі падчас прымусовых работ на будаўніцтве чыгункі Конга-Акіян. Усё гэта прывяло да моцнага антыкаланіяльнага «паўстання ручкі матыгі» (1928), жорстка задушанага каланіяльнымі ўладамі. У час Другой сусветнай вайны верх атрымалі антыфашысцкія галісцкія сілы.
Першы абраны пасля атрымання незалежнасці прэзідэнт Давід Дако быў зрынуты ў 1966 г. ў выніку ваеннага перавароту. Да ўлады прыйшоў Жан-Бэдэль Бакаса, які абвясціў ЦАР імперыяй, а сябе — імператарам. У 1979 г. пры ваеннай падтрымцы Францыі да ўлады вярнуўся Дако, краіне была вернута ранейшая назва. У 1981 г. ў выніку чарговага ваеннага перавароту прэзідэнтам стаў генерал Андрэ Калінгба.
У пачатку 1990-х гадоў пад уплывам агульных дэмакратычных тэндэнцыяў у Афрыцы і палітыка-эканамічнага ціску з боку заходніх донараў ваенныя ўлады абвясцілі, што прыступаюць да стварэння ўмоў для вяртання краіны да грамадзянскага кіравання. Аднавілася дзейнасць палітычных партыяў, быў прыняты Закон аб выбарах. У 1993 г. на прэзідэнцкіх выбарах, прызнаных міжнароднымі назіральнікамі вольнымі і дэмакратычнымі, перамог Анж-Фелікс Патасэ. У верасні 1999 г. ён быў перавыбраны на новы шасцігадовы тэрмін.
На працягу некалькіх гадоў сітуацыя ў ЦАР заставалася вельмі нестабільнай і выбуханебяспечнай, рэжым Патасэ трымаўся ў асноўным за кошт прамой ваеннай падтрымкі Лівіі і фактычна кантраляваў толькі сталіцу ЦАР.
У 2001 г. была ажыццёўлена спроба дзяржаўнага перавароту пры падтрымцы генерала Франсуа Базізэ, які займаў пасаду начальніка Генеральнага штаба арміі. Паўстанцаў разграмілі пры дапамозе лівійскіх войскаў, якія даслаў М. Кадафі. Ф. Базізэ знялі з пасады, і ён збег у Чад разам з 300 паўстанцамі. У 2002 г. яго прыхільнікі пачалі ажыццяўляць вылазкі на паселішчы ЦАР, якія рабавалі. У кастрычніку 2002 мяцежнікі распачалі спробу захапіць Бангі. Узброеная атака працягвалася 6 дзён. На дапамогу Патасэ зноў прыйшлі лівійскія салдаты і група з 1000 чал., якія былі дасланыя камандуючым Рухам за вызваленне Конга Ж.–П. Бемба. Мяцежнікі былі выбітыя з горада. Аднак накіраваныя дапамагаць салдаты пачалі марадзёрстваваць ў вызваленых населеных пунктах. Прэзідэнта Патасэ абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў і злоўжыванні ўладай. У краіне пачаўся палітычны крызіс.
У 2012—2013 гг. на тэрыторыі краіны дзейнічала мяцежная кааліцыя «Селека». Групоўка праводзіла ваенныя дзеянні супраць афіцыйных уладаў і арміі ЦАР. 24 сакавіка 2013 г. паўстанцы ўвайшлі ў Бангі і іх лідар Мішэль Джатодзія абвясціў сябе прэзідэнтам краіны, зрэшты, праз 10 месяцаў ён склаў з сябе паўнамоцтвы.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.