Гейдэльбергскі чалавек (Homo heidelbergensis) — выкапнёвы від людзей, еўрапейская разнавіднасць чалавека прамаходзячага (роднасны да ўсходнеазіяцкага сінантрапа і інданезійскага пітэкантрапа), жыў у Еўропе (ад Іспаніі і Брытаніі да Беларусі[1]) 700—345 тыс. гадоў таму[2][3]. Хутчэй за ўсё, з’яўляецца нашчадкам еўрапейскага Homo antecessor (да пераходнай формы можна аднесці Homo cepranensis) і непасрэдным папярэднікам неандэртальца. Відавое адзінства таксона Homo heidelbergiensis прызнаецца не ўсімі антраполагамі.
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Першая знаходка датуецца 1907 годам, калі блізу горада Гайдэльберга[4] была выяўленая сківіца, падобная да малпавай, але з зубамі, падобнымі да велізарных зубоў чалавека. Апісана і вылучана ў асобны від прафесарам Ота Шэтэнзакам. Узрост знаходкі быў вызначаны ў 400 тыс. гадоў. Культура знойдзенай паблізу зброі (каменныя рубілы і адшчэпы) ахарактарызаваная як абевільская (шэльская)[5]. Шэнінгенскія дзіды(руск.)(бел. дазваляюць выказаць здагадку, што гейдэльбергскія людзі палявалі з дапамогай драўляных дзід нават на сланоў, аднак мяса елі сырым, бо слядоў агню на стаянках не выяўлена[6].
Выяўленне слядоў гейдэльбергскага чалавека на поўдні Італіі дазволіла навукоўцам зрабіць выснову, што ён быў прамаходзячы, а яго рост не перавышаў 1,5 м.[7]
Згодна з меркаваннем Анры дэ Люмле, гейдэльбергскі чалавек мог будаваць прымітыўныя хаціны і карыстацца агнём — аб гэтым, як ён лічыць, сведчыць помнік Тэра-Амата. Інакш інтэрпрэтуе гэты помнік Паола Вілья з інстытута Каларада (ЗША), датуючы яго больш познім перыядам (230 тысяч гадоў таму) і адносячы адпаведна да больш позняга віду — неандэртальцаў.
Першая знаходка рэшткаў гэтага віду была зроблена 21 кастрычніка 1907 года, падчас раскопак у Маўэры, калі рабочы Даніэль Хартман знайшоў у раскопе сківіцу. Сківіца (en:Mauer 1) была ў добрым стане, за выключэннем зубоў-прэмаляраў, якія адсутнічалі і былі знойдзены пазней, паблізу ад сківіцы. Рабочы перадаў знаходку прафесару Ота Шэтэнзаку з Гайдэльбергскага ўніверсітэта, які ідэнтыфікаваў знаходку і даў ёй назву.
Наступныя ўзоры рэшткаў гейдэльбергскага чалавека былі знойдзены і ў Еўропе: Штайнхаме-на-Муры (Германія, штэйнгемскі чалавек), Араго (Францыя, Татавельскі чалавек), Петралоне (Грэцыя), Чампате-дэль-Дз'явала (Італія)[8], Сіма-дэ-лос-Уэсас (Атапуэрка (Іспанія), Ароэйра (Галерыя Песада, Партугалія)[9], Боксгрове (Вялікабрытанія)[10] і ў Афрыцы: Бода (Аваш, Афар, Эфіопія)[11] Ндуту (Серэнгеці, Танзанія)[12], Брокен-Хіле (Замбія)[13], Сале (Марока)[14]. Найбольш старажытная знаходка — чэрап з Бода (Эфіопія), яго ўладальнік жыў каля 600 000 гадоў таму[4].
А. М. Хрысанфава лічыць H. heidelbergensis выключна еўрапейскай формай, продкавай для неандэртальцаў[15].
Пасля вывучэння ядзернай ДНК трох узораў з іспанскай пячоры Сіма-дэ-лос-Уэсас у Атапуэрцы высветлілася, што гейдэльбергцы знаходзіліся на лініі, якая вядзе да неандэртальцаў[16][17]. Эвалюцыйнае разыходжанне галіны дзянісаўцаў з галіной, агульнай для неандэртальцаў і гейдэльбергцаў з пячоры Сіма-дэ-лос-Уэсас, адбылося, паводле ядзернай ДНК, каля 500 000 гадоў таму (раней за 430 000 гадоў таму). Агульны продак Homo heidelbergensis і Homo sapiens жыў 700—765 000 гадоў таму[16][18].
Гейдельбергский человек/ Зубов А. А.//Восьмеричный путь— Германцы.— М.: Большая Российская энциклопедия, 2006.— С.489-490.— (Большая российская энциклопедия: [в 35 т.]/ гл. ред. Ю. С. Осипов; 2004—).— ISBN 5-85270-335-4.