From Wikipedia, the free encyclopedia
Гарадскія ўмацаванні Пінска — комплекс абарончых пабудаванняў Пінска, якія існавалі ў XIV—XVIII стст.
Складаліся з замка і ўмацаванняў вакол пасадаў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р. Піна. У вопісе горада за 1561—1566 гады згадваецца «вежа Владычная», якая стаяла асобна ў паўночнай частцы замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёй у лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. Пра канструкцыю абарончых сцен замка звесткі адсутнічаюць. Аднак з павіннасцей сялян замкавай воласці вынікае, што яны абавязаны былі даглядаць менавіта гародні, вартаваць замак, даваць падводы. Мяшчане разам з царкоўнікамі таксама выконвалі замкавую работу — рубілі замак і паркан, даглядалі абарончы роў, масты.
Умацаванні вакол пасадаў складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны і фактычна ўключалі тэрыторыі горада 11—13 стст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі аброны складала 1,4 км. На тэрыторыі, заслоненай гэтым паўкальцом умацаванняў, размяшчаліся традыцыйныя для гарадоў з магдэбургскім правам рынак з крамамі, ратуша, жылыя пабудовы, студня. У найбольш адказных месцах абароны (каля гарадскіх брам і на подступах да замка) стаялі манументальныя будынкі манастыроў і цэркваў: каля Спаскай брамы — францысканскі кляштар з магутнай мураванай агароджай і вуглавымі вежамі, на ўсход ад замка — Богаяўленскі манастыр і кляштар езуітаў, на захад ад Уладычнай брамы — кляштары базыльян, марыявітак, кармелітаў і Маркаўскі манастыр.
Другая лінія абароны, т.зв. астрог, даўжынёй каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую на захадзе, Віленскую на поўначы, Северскую і Лешчынскую на паўночным усходзе. На захадзе і паўночным захадзе перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на паўночным усходзе і ўсходзе пераходзіў у прыродны з працякаючым па дне ручаём, т.зв. Каралінскай канавай. 3 усходу горад прыкрываўся Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад'ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў.
У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў абарончыя збудаванні Пінска былі моцна разбураны. У 1673 годзе сойм Рэчы Паспалітай адзначыў, што «пагранічнае места Пінск не мае вартай фартыфікацыі супраць непрыяцельскай інкурсіі, якой ён падвяргаецца разам з паветам», а таксама заклікаў пінчукоў умацаваць горад агульнымі намаганнямі. Усе 3 лініі абароны Пінска (замак, «перакоп», «астрог») захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага стараства за 1783 года. Пазней, на працягу 19 ст., гарадскія ўмацаванні былі паступова знівеліраваны.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.