Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вуліца Маскоўская — вуліца на сутыку Кастрычніцкага і Маскоўскага раёнаў Мінска. Адна з галоўных магістраляў, злучае цэнтр горада з паўднёвымі раёнамі — Курасоўшчынай, Паўднёвым Захадам, Малінаўкай і Брылевічамі.
Маскоўская вуліца Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён |
Кастрычніцкі, Маскоўскі |
Працягласць |
|
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Інстытут культуры Вакзальная |
Паштовы індэкс | 220007 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Названая так па былым вакзале Маскоўска-Берасцейскай чыгункі.
Вуліца працягнулася ад плошчы Мяснікова да вуліцы Чкалава. Па Маскоўскай вуліцы праходзіць мяжа Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў Мінска.
23 жніўня 1870 года за дзве з паловай вярсты ад тагачаснай гарадской мяжы Мінска была здзейснена закладка вакзала Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Туды ўздоўж старога Койданаўскага тракта працягнулася вуліца, якая спачатку называлася Нова-Захар’еўскай, Новай Маскоўскай, а з 1880 года і дагэтуль называецца Маскоўскай. Маскоўска-Брэсцкая і пабудаваная неўзабаве пасля яе Лібава-Роменская чыгункі адсеклі ад горада яго паўднёвую частку — чыгуначныя раёны Уборкі, Грушаўку і Добрыя Мыслі, якія бурна забудоўваліся. Каб скараціць час прастою ля шлагбаўмаў, у дзевяностыя гады XIX стагоддзі над Маскоўскай вуліцай быў збудаваны першы ў Мінску чыгуначны пуцеправод — Заходні мост. Вуліца і з другога боку ўпіралася ў чыгуначнае палатно, таму ў 1908 годзе Маскоўскую вуліцу і Койданаўскі тракт злучыў Бетонны мост, названы ад матэрыялу, з якога выраблены пуцеправод, па тых часах быў рэдкім і не самым танным (зрэшты, мясцовыя жыхары называлі яго яшчэ «цэментавым» або «каменным віядукам»). Бетонны мост быў рэканструяваны ў першай палове 80-х гадоў XX стагоддзя, у выніку на скрыжаванні Маскоўскай і Суражскай вуліц з’явілася двухузроўневая развязка.
Велізарную тэрыторыю паміж левым (няцотным) бокам вуліцы і пуцямі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі шмат гадоў займала так званае Францысканскае балота[1]. Па ўсёй верагоднасці назва гэта паходзіць ад размешчанага ў далёкім канцы вуліцы падворка Францысканскага манастыра[2].
У 1892 годзе Віленскі і Брэсцкі вакзалы злучыла Вакзальная лінія конкі, якая ішла ўздоўж Бабруйскай і Маскоўскай вуліц. У 1929 годзе на месца конкі прыйшоў трамвай, потым аўтобус, а ў 1956 годзе і тралейбус. Трамвайная лінія была знята ў 1961 годзе.
На вуліцу ёсць выхады са станцыі метро «Інстытут Культуры».
Дарэвалюцыйная Маскоўская вуліца была забудавана пераважна драўлянымі дамамі, ды і нямногія цагляныя былі не вышэй за два паверхі. З тагачаснай забудовы захаваўся толькі дом № 11[3], які, аднак, быў перабудаваны да непазнавальнасці, надбудаваны да трохпавярховага і таму ахоўнага статуса не атрымаў. У дваццатыя-трыццатыя гады мінулага стагоддзя з’явіліся першыя шматпавярховыя дамы, але таксама не занадта высокія — не больш за чатыры паверхі. Дом № 5 пабудаваны ў 1929 годзе. У трыццатыя тут размяшчаўся інтэрнат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пасля вайны дом, застаючыся ўніверсітэцкім, на нейкі час стаў жылым, у тэлефонных даведніках пяцідзесятых гадоў[4] можна знайсці прозвішчы, знаёмыя шматлікім студэнтам і супрацоўнікам універсітэта. Затым на працягу многіх гадоў у будынку знаходзілася ваенная кафедра ўніверсітэта, цяпер там Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ.
100-кватэрны дом № 8, які стаіць насупраць (архітэктары А. П. Воінаў, М. Гіляраў і А. Крылоў, што працавалі пад сумесным псеўданімам вогикры[5][6]) пабудаваны ў трыццатыя гады для чыгуначнікаў..
На кароткай Маскоўскай вуліцы — 20 будынкаў, 5 з іх маюць ахоўны статус помнікаў архітэктуры[7].
На доме № 11 мемарыяльная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза Я. Ф. Філіпскіх[8].
Мы жылі з ёй у згодзе, былі з ёй амаль што сябрамі, |
Аркадзь Куляшоў. «Сцяг брыгады»[9] |
Я жыву на вуліцы Маскоўская… |
Аркадзь Куляшоў. «Вуліца Маскоўская»[10] |
Аркадзь Куляшоў, які да Вялікай Айчыннай вайны жыў у доме № 16, згадаў і свой дом, і Маскоўскую вуліцу ў паэме «Сцяг брыгады» ў кранальных радках пра чалавека, што пакідае свае рэчы перад ад’ездам на фронт. У іншым сваім вершы, які так і называецца «Вуліца Маскоўская», Аркадзь Куляшоў распавядае, як у вёсцы адказвае сябрам, на якой вуліцы жыве.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.