From Wikipedia, the free encyclopedia
Валерый Аляксеевіч Шчукін (22 сакавіка 1942, Уладзівасток, СССР — 10 кастрычніка 2020, Мінск) — беларускі палітык, дэпутат Вярхоўнага Савета РБ 13-га склікання, праваабаронца, журналіст, член «Беларускага Хельсінкскага камітэта», ганаровы член «Беларускай асацыяцыі журналістаў», палітвязень.
Валерый Аляксеевіч Шчукін | ||||
---|---|---|---|---|
|
||||
Нараджэнне |
22 сакавіка 1942 |
|||
Смерць |
10 кастрычніка 2020 (78 гадоў) |
|||
Месца пахавання | ||||
Партыя | ||||
Адукацыя | ||||
Прафесія | Капітан другога рангу ў адстаўцы | |||
Званне | commander[d] | |||
Узнагароды | Лаўрэат штогадовай Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў у намінацыі «Асоба» ў 2015 г. |
Нарадзіўся 22 сакавіка 1942 года ва Уладзівастоку (цяпер Прыморскі край, Расійская Федэрацыя). У 1951 г. сям’я вярнулася ў БССР, у Талачынскі раён, на радзіму маці. Скончыў беларускую пачатковую школу, пасля бацькі перавялі яго ў рускую школу ў Мінску.
З 15 гадоў працаваў слесарам на мінскім заводзе буддэталяў. Служыў у войску. У 1964 г. скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча. 27 гадоў адслужыў на Ціхаакіянскім флоце, капітан другога рангу ў адстаўцы. Пасля службы вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Полацку, з 1987 г. па 1995 г. працаваў машыністам крана-трубаўкладчыка.
У 1995 годзе быў абраны ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання ад Партыі камуністаў Беларускай. Працаваў сакратаром камісіі па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю.
Актыўна выступаў за імпічмент прэзідэнта А. Лукашэнкі ў 1996 г. Пасля антыканстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі (1996 г.), выкліканага абвастрэннем адносін паміж прэзідэнтам і парламентам, які значна пашыраў паўнамоцтвы прэзідэнта, В. Шчукін канчаткова перайшоў на дэмакратычныя пазіцыі, у адкрытую апазіцыю да прэзідэнта і выканаўчай улады.
6 гадоў быў членам Цэнтральнага Камітэта ПКБ. У 1998 г. быў выключаны з партыі камуністаў Беларускай.
Як незалежны журналіст супрацоўнічаў з беларускімі незалежнымі выданнямі, газетамі «Народная Воля», «Товарищ».
У 2003 годзе быў пазбаўлены прапіскі ў інтэрнаце ў Полацку. На працягу наступных чатырох гадоў шмат начэй правёў на чыгуначным вакзале ў г. Віцебску ў знак пратэсту супраць незаконнага высялення, але справядлівасці так і не дабіўся.
В. Шчукін удавец, мае двух дзяцей і сямёра ўнукаў.
В. Шчукін лаўрэат нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека «Хартыі-97».[1]
Лаўрэат штогадовай Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў у намінацыі «Асоба» ў 2015 г.[2]
У 1996—2003 годах жыў у Полацку.
У апошні час жыў у Мінску разам з дачкой і яе сям’ёй.
Памёр 10 кастрычніка 2020 года. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Мінску.
В. Шчукін шмат разоў затрымліваўся міліцыяй, быў караны адміністрацыйнымі штрафамі і арыштамі за ўдзел у апазіцыйных акцыях.
Падчас першага адміністрацыйнага арышту ў 1998 г. у прыёмніку-размеркавальніку ў Мінску дабіўся, каб зняволеным выдавалі лыжкі з ручкамі. Перад гэтым лыжкі для арыштаваных выдаваліся без ручак.[3]
10 лістапада 1997 года ў дачыненні да В. Шчукіна была распачата крымінальная справа за абразу членаў урада. Справа грунтавалася на жорсткіх словах
В. Шчукіна і абвінавачванні ў адрас прэзідэнта А.Лукашэнкі, якія мелі месца ў жніўні 1997 года на 30-м ралі за свабоду слова ў Беларусі. 22 лістапада 1997 г. В. Шчукін на некалькі гадзін быў затрыманы міліцыяй пасля ўдзелу ў сустрэчы апазіцыйных дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі.
У кастрычніку 1999 г. В. Шчукін быў адным з заяўляльнікаў мітынгу і шэсця «Марш Свабоды». Гарадскімі ўладамі шэсце было забароненае, ён адмовіўся ад свайго подпісу і 17 кастрычніка 1999 г. пайшоў на «Марш Свабоды» ў якасці звычайнага ўдзельніка. Правядзенне «Марша свабоды» суправаджалася сур’ёзнымі сутыкненнямі дэманстрантаў з міліцыяй. 19 кастрычніка 1999 года В. Шчукін быў выкліканы ў Савецкі РАУС па позве, дзе быў затрыманы. Пры затрыманні В. Шчукін быў моцна збіты (ім пададзеная скарга ў пракуратуру Савецкага раёна г. Мінска). Тры дні В. Шчукін знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, а пасля прад’яўлення яму абвінавачання па арт. 186.3 КК РБ накіраваны ў СІЗА № 1. Абраная для В. Шчукіна мера стрымання, арышт, потым была зменена на падпіску аб нявыездзе.
17 красавіка 2001 года за арганізацыю «Марша Свабоды» (1999) быў абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, і аштрафаваны гарадскім судом г. Мінска (суддзя Т. Высоцкая) па арт.186-3 КК РБ на 30 базавых велічынь. Іншы фігурант гэтай крымінальнай справы, Мікола Статкевіч, быў асуджаны на штраф у 100 базавых велічыняў.[4]
Затрыманы 25 сакавіка 2000 г. на Дзень Волі ў Віцебску разам з Уладзімірам Плешчанкам. Асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.[5]
7 чэрвеня 2001 года за ўдзел 18 мая 2001 года ў акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей» быў асуджаны судом Ленінскага раёна г. Мінска, суддзя А. Шылько, на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Падчас акцыі быў затрыманы і жорстка збіты супрацоўнікамі міліцыі.[6]
16 студзеня 2001 г. В. Шчукін спрабаваў трапіць на першую адкрытую прэсавую канферэнцыю міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, які адказваў на пытанні, звязаныя з праблемай знікнення людзей у Беларусі[7] В. Шчукін спрабаваў рэалізаваць сваё права на атрыманне інфармацыі і ўвайсці на прэс-канферэнцыю з пасведчаннем члена БАЖ. Але трое супрацоўнікаў аховы будынку павалілі В. Шчукіна на падлогу, пры гэтым былі разбіты дзве шыбы ў дзвярах, аб якія В. Шчукін парэзаў нагу. Па выкліку журналістаў прыехала «хуткая дапамога». В. Шчукін быў дастаўлены ў ваенны шпіталь у аддзяленне мікрахірургіі з траўмай сярэдняй цяжкасці.[8]
20 сакавіка 2001 г. В. Шчукін быў асуджаны Цэнтральным судом г. Мінска (суддзя А. Ільіна) па арт. 399.1 КК РБ (злоснае хуліганства) на тры месяцы арышту. Пакаранне адбываў у жодзінскай турме. 20 сутак правёў у карцэры. 12 верасня 2001 г. быў вызвалены. Падчас зняволення В. Шчукіна сябры «Маладога Фронту» правялі каля жодзінскай турмы акцыю пратэсту, пасля якой яны былі затрыманыя міліцыяй.[9]
Быў арганізатарам марша пратэсту «Так жыць нельга», які адбыўся 19 красавіка 2002 г. Быў затрыманы, моцна збіты. «Хуткая дапамога» адвезла В. Шчукіна ў ваенны шпіталь. На наступны дзень міліцыяны забралі В. Шчукіна з шпіталю, ён быў асуджаны судом Партызанскага раёна г. Мінска на 15 сутак арышту разам з іншымі арганізатарамі і ўдзельнікамі акцыі: М. Халезіным, З. Бандарэнкам, Ю. Хашчавацкім, А. Атрошчанкавым і іншымі.[10]
29 ліпеня 2002 г. быў асуджаны судом Бераставіцкага раёна (суддзя М. Панок) на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. В. Шчукін накіроўваўся ў г. п. Вялікая Бераставіца, дзе адбывалася разбурэнне храму Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.[11]
26 сакавіка 2007 г. В. Шчукіна чарговы раз выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г. Віцебска. Яму прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 189 ч. 2 Крымінальнага кодэксу РБ — «знявага, нанесеная ў друкаваным творы», выкліканае тым, што напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы В. Шчукін вырабіў і распаўсюдзіў улёткі з крытыкай аб парушэнні заканадаўства супрацоўнікамі акружных выбарчых камісій гораду. У сувязі з гэтым следчы Гердаў вынес пастанову пра ўжыццё да В. Шчукіна падпіскі аб нявыездзе. Аднак В. Шчукін такой падпіскі не даў, заявіўшы, што для яго, як для палітыка і журналіста, лепей сядзець у СІЗА. В. Шчукін быў прызнаны вінаватым і аштрафаваны.
Затрыманы 3 ліпеня 2011 г. на Прывакзальнай плошчы ў Мінску падчас «маўклівай» акцыі. Адбыў адміністрацыйнае пакаранне 5 сутак арышту. 8 ліпеня 2011 г., пасля адбыцця пакарання, невядомыя ў грамадзянскім запіхалі В. Шчукіна ў легкавы аўтамабіль і вывезлі за горад у поле.[12]
29 сакавіка 2012 г. затрыманы ў будынку суда ў г. Орша, дзе адбываўся адміністрацыйны працэс супраць старшыні Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы свет» С. Калякіна, старшыні АГП А. Лябедзькі, сакратара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» А. Атрошчанкава, якіх знялі з цягніка Мінск-Масква ноччу 28 сакавіка. Міліцыя забараніла прысутнічаць на судзе ахвотным. В. Шчукін лёг на дол у дзвярах, дзе адбываўся працэс, каб іх не зачынілі. Ноч правёў у міліцыі. 30 сакавіка 2012 г. суддзёй Т. Рыбаковай быў асуджаны на штраф у 34 базавых велічыні.
Быў актывістам грамадзянскай кампаніі «Наш дом». У 2010 г. двойчы затрымліваўся міліцыяй за перавоз газеты «Наш дом» і праваабарончых брашур, якія былі канфіскаваны 25 сакавіка і 8 жніўня 2010 г. 26 сакавіка судом Буда-Кашалёўскага раёна і 1 кастрычніка 2010 г. судом Ленінскага раёна г. Магілёва быў прызнаны вінаватым у вырабе, дастаўцы і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, вырабленай з парушэннем беларускага заканадаўства і аштрафаваны кожны раз на 30 базавых велічыняў.[13]
19 красавіка 2011 г. міліцыя ў Мінску ўварвалася ў кватэру дачкі В. Шчукіна, дзе сабраліся актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш Дом», быў затрыманы ў Фрунзенскім РУУСе разам з праваабаронцам з Віцебску Паўлам Левінавым і кіраўніцай «Нашага Дому» Вольгай Карач.[14]
Затрыманы 25 сакавіка 2017 года на Дзень Волі. Быў моцна збіты ў Заводзкім РАУС Мінска. Дастаўлены ў ваенны шпіталь з гіпертанічным крызам[15].
1 мая 2017 года Фрунзенскім судом г. Мінска (суддзя М. Ярохіна) за ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску аштрафаваны на 10 базавых велічынь.[16]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.