From Wikipedia, the free encyclopedia
Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА) — нелегальная рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя нацыянальна-вызваленчага характару ў Заходняй Беларусі ў 1922—1923. Вылучылася ў пачатку 1922 з левага крыла Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і ў ліпені 1922 аформілася ў самастойную арганізацыю.
У шэрагу дакументаў называлася Беларуская рэвалюцыйная партыя, Беларуская камуністычная партыя. Тэрытарыяльныя арганізацыі БРА існавалі ў Вільні, Навагрудку, Пружанах, Баранавічах, Слоніме, Нясвіжы, Нова-Свянцянску, Лідзе, Валожыне, Свіслачы, Ваўкавыску і аб'ядноўвалі каля 300 чл. (1923). Мела некалькі соцень спачуваючых, арганізаваных у групы. У ЦК БРА ўваходзілі П. Корчык (І. К. Лагіновіч), А. У. Канчэўскі, Л. І. Родзевіч (А. Сталевіч), A. Р. Капуцкі. Друкаваны орган — газета «Наш сцяг».
БРА стаяла на пазіцыях класавай барацьбы, падтрымлівала дыктатуру пралетарыяту, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне працоўных, уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Мела ўплыў на сялян, лесарубаў, рабочых лесапільных заводаў, рэвалюцыйна настроеную беларускую інтэлігенцыю, якая ў свой час актыўна ўдзельнічала ў Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайне. На палітычнае аблічча БРА вялікі ўплыў рабілі поспехі ў гаспадарчым і культурным развіцці Савецкай Беларусі. 3 самага пачатку сваёй дзейнасці БРА наладзіла цесную сувязь з камуністамі Вільні, знаходзілася ў пастаянным кантакце з ЦК Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КПРП). Сваёй праграмы не мела, цалкам прытрымлівалася рашэнняў II з'езда КПРП (1923).
Кіраўнікі і члены БРА прымалі актыўны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі ў польскі сейм у 1922, вялі агітацыю за кандыдатаў у дэпутаты ад Кампартыі, праводзілі сходы і мітынгі, перакладалі на беларускую мову і распаўсюджвалі выбарчую літаратуру. БРА арганізавала 15 мясцовых выбарчых камітэтаў, якія пасля выбараў сталі выконваць функцыі сакратарыята Беларускага пасольскага клуба ў сейме. Пасля ўтварэння ў кастрычніку 1923 Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) кантакты паміж ЦК БРА і ЦК КПЗБ узмацніліся. У канцы 1923 адбыўся шэраг сустрэч і сумесных пасяджэнняў членаў ЦК КПЗБ С. Т. Мілера, С. А. Дубовіка і сакратара Віленскага акруговага камітэта КПЗБ А. Буксгорна з кіраўнікамі БРА П. Корчыкам, Канчэўскім, Родзевічам, на якіх абмяркоўвалася палітыка Кампартыі і адносіны да яе БРА. Ад ЦК КПРП у гэтых сустрэчах удзельнічаў С. А. Мертэнс.
Прызнаўшы асноўныя праграмныя і тактычныя прынцыпы Камуністычнай партыі, БРА на краявой канферэнцыі 30 снежня 1923 у Вільні прыняла рашэнне пра самароспуск і ўступленне ў КПЗБ. У склад ЦК КПЗБ ад БРА кааптаваны П. Корчык, Канчэўскі, Капуцкі і Родзевіч. Прыняцце БРА ў склад КПЗБ зацверджана ЦК КПЗБ і ЦК КПРП. Пра значэнне ўваходжання БРА ў КПЗБ сведчыць тое, што ў складзе ЦК КПЗБ да гэтага часу не было ніводнага чалавека, які б свабодна валодаў беларускай мовай, ведаў жыццё сялян, гісторыю Беларусі. На думку П. Корчыка, які ацэньваў аб'яднанне КПЗБ з БРА, «КПЗБ перастала быць арганізацыяй Беластока і Вільні, а стала сапраўды масавай партыяй, якая арганізуе шырокія пласты беларускага сялянства на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.