Даўжыня цела 27-29 см, маса 100—125 г. Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая (каля чвэрці агульнай даўжыні), прамая.
Голас вясной «ч-п… ч-п…». Пры такаванні самца ў палёце рулявыя пёры вібруюць і выдаюць гукі, падобныя да бэкання ягняці (адсюль народная назва баранчык, козка).
Палёт імклівы, з зігзагамі пасля ўзлёту.
Пашырэнне
Распаўсюджаны ў лесатундры, лясной і стэпавай зонах. Арэал ахоплівае Галарктыку (акрамя поўдня і крайняй поўначы), ізаляваныя папуляцыі сустракаюцца ад паўднёва-ўсходняга Афганістана да поўначы Індыі, жыве і ў Паўночнай Амерыцы.
Жыве каля вады. Насяляе вільготныя лугі, тарфянікі, багны, пад час пералётаў таксама глеістыя берагі вадаёмаў і спушчаныя сажалкі, а таксама іншыя вільготныя месцы. У Беларусі звычайны гнездавальны і пералётны від. Адлятае ў жніўні—верасні.
Гняздо ў купіне асакі (часцей за ўсё вакол яе плыткая вада), добра схаванае з бакоў. Скупая высцілка з кавалкаў асакі.
Яйкі звычайна 4 (часам 2-5), авальныя да грушападобных з тупым вузейшым канцом, розных адценняў аліўкава-зялёнага альбо аліўкава-карычневага; глыбокія плямы — шэрыя альбо шэра-аліўкавыя (вялікія, звычайна больш густыя на шырокім канцы), паверхневыя — карычневыя або чырвона-карычневыя.
Бакас міжнародна прызнаны як папулярны аб’ект спартыўнага палявання (слова «снайпер» паходзіць ад англійскагаsniper — «паляўнічы на бакасаў»).
Даўней мяса бакаса лічылася ў шляхецкай кулінарыі найсмачнейшым з усіх дзікіх птушак. Мяса перад прыгатаваннем вымагае бардзіравання або марынавання (даўней бакасаў марынавалі на зіму пасля запякання вытрыбушанымі на ражне).