From Wikipedia, the free encyclopedia
Аляксей Пятровіч Хара́к (28 ліпеня 1978, Мінск — 21 лістапада 2019) — беларускі мастацтвазнавец, экспазіцыянер.
Аляксей Пятровіч Харак | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 ліпеня 1978 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 лістапада 2019 (41 год) |
Месца працы | |
Альма-матар |
Нарадзіўся 28 ліпеня 1978 года ў Мінску. У 2000 годзе скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт па спецыяльнасці «мастацтвазнаўства». Сваю працоўную дзейнасць пачаў як настаўнік англійскай мовы ў СШ № 181 г. Мінска. Адначасова вучыўся ў аспірантуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якую скончыў у 2004 годзе па спецыяльнасці «мастацтвазнаўства». З 2001 года працаваў з музейнай сферай. У 2001—2005 гадах ён працаваў у Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе», пачаўшы з пасады навуковага супрацоўніка навукова-экспазіцыйнага аддзела. У далейшым узначаліў навуковую працу музея на пасадзе намесніка дырэктара па навуковай рабоце. З мая 2008 года і да апошніх дзён жыцця быў супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У кастрычніку 2010 года ён узначаліў аддзел рускага і замежнага мастацтва, а з лістапада 2017 года заняў пасаду намесніка генеральнага дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Сферай яго навуковых інтарэсаў стала вывучэнне рускага мастацтва і творчасці мастакоў — ураджэнцаў Беларусі XIX — пачатку ХХ стагоддзя. У 2009 годзе Аляксей Харак удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі новай пастаяннай экспазіцыі музея «Мастакі Беларусі XIX — першай паловы ХХ ст.». Вынікі яго даследаванняў партрэтнай спадчыны І. Ф. Хруцкага ляглі ў аснову цэлага шэрага публікацый, у тым ліку альбома-каталога «Творы Івана Хруцкага ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (2010) і кнігі «Іван Хруцкі», выдадзенай у серыі «Славутыя мастакі з Беларусі» ў 2012 годзе. Вялікую ўвагу Харак надаваў даследаванню творчасці В. К. Бялыніцкага-Бірулі. У 2014 годзе ён стаў аўтарам навуковай канцэпцыі пастаяннай экспазіцыі філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Музея В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, адкрытага пасля рэканструкцыі ў 2018 годзе. Вёў актыўную працу па атрыбуцыі твораў калекцыі рускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, быў аўтарам цэлага шэрага навуковых публікацый.
За гады працы ў музеі праявіў сябе як таленавіты экспазіцыянер. Ён стаў куратарам і сакуратарам многіх яркіх, канцэптуальных, надзвычай пазнавальных выставачных праектаў, якія набылі вялікую папулярнасць і сімпатыю гледачоў і былі высока ацэнены калегамі. Сярод іх — «Рускі жанравы жывапіс» (2010), «Іван Шышкін. Жывапіс і графіка» (2012), «І. Айвазоўскі і марскі пейзаж XIX-ХХ стст.» (2012), «Камерны партрэт першай паловы XIX стагоддзя» (2015), «Пастэль і акварэль рускіх мастакоў другой паловы ХІХ стагоддзя» са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (2015), «Сучаснікі карыфеяў. Пейзажны жывапіс рускай школы другой паловы ХІХ стагоддзя са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (2015), «Ад рэалізму да імпрэсіянізму… Рускі жывапіс другой паловы XIX — пачатку ХХ стагоддзя са збору Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі» (2015), «Хрысціянства і хрысціяне ў творчасці рускіх і беларускіх мастакоў сярэдзіны XIX — пачатку ХХ стагоддзя», прымеркаваная да 80-годдзя Мітрапаліта Філарэта, ганаровага Экзарха ўсяе Беларусі (2015), «Героіка і лірыка мінулага стагоддзя. Рускі жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (2016), Міжнародны арт-праект «Час і творчасць Льва Бакста (1866—1924)»(2016), «Рускі жывапіс XIX—XX стагоддзяў» з фондаў расійскага калекцыянера Аляксандра Навумавіча Валадчынскага (2016—2017), «Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны» са збору Нацыянальнага музея ў Кракаве (2017), «Айвазоўскі і марыністы» (2017, 2018), а таксама шэраг віртуальных выстаў.
Удзельнічаў у распрацоўцы буклетаў выстаў «Свет дзяцінства ў рускім выяўленчым мастацтве XVIII — сярэдзіны ХХ стагоддзя», «Пейзажы І. І. Шышкіна ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь». Ён стаў аўтарам канцэпцыі і тэксту відэафільма «Свет дзяцінства» (2008), створанага на аснове аднайменнай выставы, якая праходзіла ў музеі ў 2005 годзе. Гэты фільм стаў першым падобнага роду праектам у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.