Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Аўгустоўскі канал — гідратэхнічнае збудаванне XIX ст., на тэрыторыі Беларусі (Гродзенскі раён) і Польшчы (Аўгустоўскі павет).
Аўгустоўскі канал | |
---|---|
Адзін са шлюзаў канала | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 101,2 км |
Размяшчэнне | |
Краіна | Польшча, Беларусь |
Аўгустоўскі канал на Вікісховішчы |
Даўжыня 101,2 км, у межах Беларусі 22 км. Глыбіня 1,8 м. Праходзіць з р. Нараў па рэках Бебжа, Нэта, далей праз азёры Сайна, Нецка, Белае, Сцюдзёнае, па р. Чорная Ганча ў Нёман. Беларуская частка канала налічвае 3 шлюзы — Нямнова, Дамброўка, Валкушак (шлюз Кужынец — на мяжы Беларусі з Польшчай) і 2 плаціны. Шлюз у Нямнове самы вялікі — трохкамерны, даўжыня яго трох камер — 43,5 м. Астатнія шлюзы адна- і двухкамерныя.
План па пабудове канала належаў князю Францішку Ксаверыю Друцкаму-Любецкаму (1778—1846) для стварэння воднага шляху з басейнаў Віслы і Нёмана да расійскіх портаў на Балтыйскім моры ў абход тэрыторыі Каралеўства Прусія, якое ўвяло вялікія правазныя пошліны. Праект, які атрымаў назву «Аўгустоўскі канал», быў цалкам распрацаваны ў 1824 годзе і прадугледжваў канцавым пунктам канала порт Віндавы (цяпер Вэнтспілс). У тым жа годзе прект ухваліў расійскі імператар Аляксандр І. Паводле першапачатковага праекта, агульная даўжыня канала ад р. Бебжа да порта Віндавы мусіла скласці 395 км, але пабудавана было толькі 101,2 км, бо другая лінія канала па рэках Нёман—Дубіса—Віндава (цяпер р. Вента) не была пабудаваная, паколькі ў канцы XIX стагоддзя пачаў бурна развівацца чыгуначны транспарт.
Праект распрацоўваўся і канал будаваўся пад кіраўніцтвам ваеннага інжынера Ігнація Прандзінскага, які разлічваў, што будаўніцтва мусіла быць закончана праз 10 гадоў, а першыя судны маглі пачаць курсіраваць ужо праз 3—4 гады. Асноўныя работы былі выкананы да 1830 года. Будаўніцтва перапынялася за часам паўстання 1830—1831 гадоў і аднавілася (пад кіраўніцтвам інжынера Тэадора Урбанскага) ў 1833 годзе, закончылася ў 1839 годзе. На канале было 18 шлюзаў, мноства мастоў, плацін, службовых будынкаў. Шлюзы Аўгустоўскага канала — сапраўдныя шэдэўры інжынернага мастацтва, пабудаваныя надзвычай дабротна і надзейна.
Канал выкарыстоўваўся для перавозкі мукі, солі, збожжа, крэйды, гіпсу і г.д. У Аўгуставе быў пабудаваны буйны порт і спецыяльныя дарогі для коней, каб цягнуць баржы ўверх па цячэнні. Водная траса была разлічана на праход суднаў да 40 м у даўжыню, да 5 м у шырыню і здольных перавозіць да 10 тон (? неяк мала) грузу. З сярэдзіны XIX стагоддзя канал пачаў паступова прыходзіць у заняпад. З 1852 года па ім сплаўлялі толькі лес, а з сярэдзіны 1860-х гадоў канал закінулі. Падчас Другой сусветнай вайны нямецкія войскі ўзарвалі тры шлюзы, каля дзясятка мастоў і восем плацін. Пасля Другой сусветнай вайны польская частка канала была адрэстаўраваная. Беларуская частка канала за доўгія гады ператварылася ва ўнікальную экасістэму. У 1970-я гады на гэтай тэрыторыі быў створаны дзяржаўны батанічны заказнік «Сапоцкінскі».
Аўгустоўскі канал цяпер выкарыстоўваецца для турыстычна-экскурсійнай дзейнасці.
Аб’ект Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, шыфр 410Г000146 |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.