былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Араві́чы[1] (трансліт.: Aravičy, руск.: Аровичи) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.
Вёска
Аравічы
|
Ці не ўпершыню паселішча згаданае ў памятным запісе 1526 года ігумена Свята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя – «купилъ есми у Марка [папраўдзе: Макара] Орменина Киевского[A] две службе, у-въ Оревицкой волости[B] Лысковщину а Погоны». Названыя Аравічы і ў пацвярджальнай грамаце манастыру караля Жыгімонта Старога, датаванай 30 снежня 1543 года: «Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти, у Воревичохъ[C], на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей...»[3].
Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Аравічы з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[4].
4 чэрвеня 1570 года каралём Жыгімонтам Аўгустам выдадзена чарговая пацвярджальная грамата манастыру на Лыскоўшчыну і Пагонную, у якой зноў згаданыя Аравічы, але воласць названая слушна, хоць і ў скарочаным выглядзе: «…ижъ две службы людей на Припяти у въ Оревичахъ[D]… у волости Сороцкой игуменъ святого Михаила Золотоверхого, небожчикъ Макарей, купилъ…»[5]. Надалей урэшце крыніцы паведамілі і пра тое, хто валодаў самымі Аравічамі. У падатковым рэестры Кіеўскай зямлі, складзеным у 1581 годзе каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, Аравічы і яшчэ 15 сёл паказаныя прыналежнымі Кіева-Пячорскаму манастыру[E] ў асобе яго архімандрыта, епіскапа ўладзімірскага Мялеція Храбтовіча[7]. Уласнасцю Пячорскага манастыра сяло Аравічы (Orewicze) названа таксама ў вопісе рухомай і нерухомай маёмасці, калі на пасаду яго архімандрыта ў 1593 годзе заступаў Нікіфар Тур[8].
Ад мяжы сяла Аравічы пачыналіся ўгоддзі сяла Краснаселле пана Мікалая Харлінскага[F] і сяла Лыскоўцаў Кіеўскага Свята-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра ў асобе яго ігумена Іосіфа Міроўскага, што засведчана ў іх дамове ад 20 снежня 1603 года[9].
25 сакавіка 1627 года праваслаўны мітрапаліт кіеўскі і галіцкі Іоў Барэцкі асвяціў антымінс на здзяйсненне боскай літургіі ў царкве Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў сяле Аравічах[G].
Згодна з тарыфам падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 года, з 7 дымоў сяла Аравічы архімандрыта Пятра Магілы і капітулы Кіева-Пячорскага манастыра скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 2 агароднікаў па 24 грошы, з адной убогай халупы яшчэ 20 грошаў. 10 мая 1682 года, кароль Ян Сабескі, зважаючы на страту Кіева ў войнах з Расіяй, дзеля чаго добры Кіева-Пячорскага манастыра пазбавіліся гападароў, падараваў іх адміністратару Кіеўскай мітраполіі епіскапу львоўскаму і галіцкаму Іосіфу Шумлянскаму. Надалей яны пазначаліся, як прыналежныя манастыру, хіба намінальна. У пераліку сёл епіскапа, складзеным у ліпені т. г., названыя і Аравічы (Агревичи), але з неверагодна вялікай колькасцю двароў — ажно 64[11]. У 1683 годзе, калі маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Пячорскай архімандрыі кіраваў чашнік падольскі Самуіл Шумлянскі, брат епіскапа, з 8 дымоў у Аравічах Пячорскага манастыра выплачваліся 2 злотыя[12]. Згаданыя Аравічы ў рэестры рэвізіі 1686 года палескіх вёсак Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячорскай архімандрыі пры прыняцці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[13].
16 сакавіка 1706 года епіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ, у складзе якога і сяло Аравічы. 28 днём лістапада 1714 года датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж кіеўскім мітрапалітам Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа (у тым ліку сяла Аравічы) за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 года мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ з Аравічамі ў арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казіміру Стэцкаму за сімвалічныя 170 злотых. 12 сакавіка 1728 года пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродскага суда аб уводзе ў валоданне Беласароцкім ключом адміністратара Кіеўскай мітраполіі епіскапа Афанасія Шаптыцкага[14].
На 1734 год Аравічы ў складзе Беласароцкага ключа, як і раней, належалі Кіеўскай мітраполіі[15]. Паводле «Апісання цэркваў горада Рэчыцы і Рэчыцкага павета, падпарадкаваных Чарнігаўскай духоўнай кансісторыі» 1796 года, Раства-Багародзіцкай царкве ў Аравічах у 1737 годзе выдадзены фундуш мітрапалітам кіеўскім[H][16]. Згодна з земскай кнігай Кіеўскага ваяводства, 23 студзеня 1747 года ў валоданне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячорскай архімандрыі, у тым ліку Беласароцкім ключом з Аравічамі, уведзены новы адміністратар архіепіскап Фларыян Грэбніцкі[17]. Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Аравічы былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[18]. У 1754 годзе з 27 двароў[I] (×6 — прыкладна 162 жыхары) вёскі Аравічы выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 4 злотыя і 5 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 16 зл. і 22 гр.[19].
У 1777 годзе ў Аравічах на сродкі прыхаджан узведзены новы драўляны будынак царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы[20]. 14 кастрычніка 1780 года возны генерал ваяводства Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданне маёнткамі, у тым ліку Аравічамі ў складзе Беласароцкага ключа, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячорскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумента возны, не ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[21].
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Аравічы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[22]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што сяло Аравічы заставалася ўласнасцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Феадосія Растоцкага[23]. У метрычнай кнізе 1795 года Раства-Багародзіцкай прыходскай царквы ў Аравічах маюцца звесткі пра нараджэнне і хрост 18 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак, 7 шлюбаў, пахаванне 11 мужчын і 5 жанчын. Святаром на той час быў Антоній Кміта, дзячком Аверкій Кміта[J].
Згодна з энцыклапедыяй «Гарады і вёскі Беларусі», у 1834 годзе ў Аравічах налічвалася 53 двары, сяло належала пану Горвату. На 1850 год — 66 двароў. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 236 жыхароў сяла Аравічы з’яўляліся прыхаджанамі царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы[24].
У парэформенны перыяд сяло належала да Дзёрнавіцкай воласці. У пачатку 1870 года ў Аравічах — 102 мужчынскія душы з ліку сялян-уласнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства[25]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Раства-Багародзіцкай прыходскай царквы названыя настаяцель а. Самуіл Лісоўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Капітон Лісоўскі. Да прыходу, акрамя сяла Аравічы, належалі вёскі Краснаселле, Дронькі і Пагоннае[26]. На 1879 год царкоўны прыход налічваў 497 душ мужчынскага і 599 душ жаночага полу верных сялянскага саслоўя[27]. У 1886 годзе ў сяле 39 двароў, 334 жыхары[28].
Паводле перапісу 1897 года, у Аравічах было 87 двароў з 513 жыхарамі, дзейнічалі хлебазапасны магазін, карчма. На 1909 год у паселішчы налічвалася 115 двароў, 774 жыхары[29].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Аравічы ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[30].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Аравічы — цэнтр сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены праз далучэнне да яго тэрыторый скасаваных Дронькаўскага, Краснасельскага і Паганянскага сельсаветаў. З 26 ліпеня 1930 года ў складзе Хойніцкага раёна БССР. У тым жа годзе арганізаваны калгасы «Камунар» і «Перамога сацыялізму», працавалі вятрак, кузня, ваўначоска, пачатковая школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Аравічах было 237 двароў, 711 жыхароў. У красавіку-маі 1943 года ў вёсцы размяшчаўся Пуцілаўскі партызанскі атрад і штаб злучэння С. А. Каўпака. Непадалёку на рацэ Прыпяці была разгромлена нямецкая флатылія. У жніўні 1943 года акупанты спалілі ў Аравічах 79 двароў і загубілі 21 жыхара[31]. 81 вясковец загінуў на франтах.
З 8 студзеня 1954 года Аравічы — у складзе Гомельскай вобласці. Дзейнічала сярэдняя школа[32]. Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы было 923 жыхары. Цэнтр саўгаса «Аравічы».
8 студзеня 1987 года Аравіцкі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Стралічаўскага сельсавета[33]. На момант скасавання сельсавет налічваў 7 населеных пунктаў: вёскі Аравічы, Дронькі, Краснаселле, Пагоннае, Хвашчоўка, пасёлкі Гнездзенка і Града.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.