Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Антон Антонавіч Шукелойць, або Шукелойц (19 ліпеня 1915, в. Якелеўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі раён Гродзенскай вобл. — 7 студзеня 2017[1], Нью-Ёрк) — беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.
Антон Антонавіч Шукелойць | |
---|---|
Род дзейнасці | грамадскі дзеяч |
Дата нараджэння | 19 ліпеня 1915 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 студзеня 2017 (101 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у |
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Антона і Бенедыкты з Пецюкевічаў. Бацька меў гаспадарку і гандляваў лесам. Скончыўшы Жупранскую пачатковую школу, паступіў у Ашмянскую польскую гімназію. Скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя (1939). Падчас студэнцтва працаваў ва ўніверсітэцкім этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі.
У юнацтве далучыўся да грамадскага руху, падчас вучобы ў Ашмянскай польскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі, якім кіраваў вядомы ашмянскі сацыялістычны дзеяч адвакат Аляксандр Барановіч. У Вільні далучыўся да групы студэнтаў, якая выдавала часопіс беларускай сацыялістычнай думкі «Золак», ідэалагічна набліжаны да эсэраў. Ва ўніверсітэце быў сябрам беларускіх студэнцкіх арганізацый: Беларускага студэнцкага саюза, Таварыства прыяцеляў беларусаведы (у апошнім быў старшынёй). Спяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.
Па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе А. Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940 годзе стаў дэпутатам Ашмянскага гарадскога савета, загадчыкам гарадскога аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.
23 чэрвеня 1941 года арыштаваны органамі НКУС, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Мінскай гарадской управы, дзе ўпарадкоўваў архівы ЗАГСа, часткова знішчаныя ў выніку ваенных дзеянняў. Затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музея (потым — Краязнаўчы музей). Далучыўся да падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі, удзельнічаў у заснаванні Мінскага камітэта Беларускай незалежніцкай партыі.[2] Пасля арганізацыі ў Мінску Беларускага культурнага згуртавання А. Шукелойця прызначылі кіраўніком аддзела краязнаўства галоўнай управы. Урэшце быў школьным інспектарам пры аддзеле Беларускай цэнтральнай рады. З 1944 года ў Германіі.
Пасля вайны працаваў у сістэме адукацыі ў лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Спрабаваў адшукаць у Баварыі сляды вывезеных туды беларускіх музейных каштоўнасцей. У пачатку 1950-x гадоў пераехаў у ЗША. Працаваў тавараведам пры Інстытуце вытворчасці моды, у краме вопраткі «Орбакг». Актыўны ўдзельнік жыцця беларускай дыяспары ў ЗША. Шматгадовы старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, некралогаў апублікаваных у газетах «Бацькаўшчына» і «Беларус». Апублікаваны матэрыялы А. Шукелойця пра лёс музейных фондаў вывезеных у час Другой сусветнай вайны з Беларусі ў Германію і Аўстрыю.
100-гадовы юбілей Антона Шукелойця ўрачыста адзначаўся 19 ліпеня 2015 года беларускай грамадой у Нью-Ёрку (урачыстасць ладзіў Бруклінскі аддзел БАЗА).
Памёр 7 студзеня 2017 года. Пахаваны 14 студзеня 2017 года на беларускіх могілках Божай Маці Жыровіцкай у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.[3]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.