Альманскія балоты
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Альманскія балоты — буйнейшы ў Еўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, які захаваўся да нашых дзён у натуральным стане.
Альманскія балоты | |
---|---|
Размяшчэнне | Беларусь |
Плошча | 93699 га |
ТВП міжнароднай значнасці (крытэрыі A1, B2, B3), утворана ў 1998 годзе. Альманскія балоты маюць статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння з 2001 года і ахоўваецца Рамсарскай канвенцыяй (крытэрыі 1, 2). У межах комплексу дзейнічае ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Альманскія балоты»[1].
На яго тэрыторыі размешчаны ваенны авіяцыйны палігон, які дзейнічае і зараз. Паўднёва-заходняя частка масіву распасціраецца на тэрыторыю Украіны, у сувязі з чым паўднёвая мяжа заказніка праходзіць па дзяржаўнай мяжы. Плошча трансфармаваных земляў (дарогі, тэрыторыі вайсковых пастоў) складаюць не больш за 1 % ад усёй плошчы заказніка. Каля 40 % тэрыторыі займаюць адкрытыя балоты, пераважна пераходныя, парослыя разрэджаным трыснягом, мохам і рэдкімі бярозкамі. Сярод балот раскіданы пясчаныя дзюны (у выглядзе астравоў і працяглых град), парослыя хваёвымі альбо ліставымі лясамі. Увогуле, лясамі, пераважна забалочанымі, пакрыта амаль 50 % плошчы заказніка. Акрамя балотных сустракаюцца сухія хвойнікі, пойменныя дубравы і чорнаалешнікі.
Альманскія балоты размешчаны ў міжрэччы правага прытока Прыпяці — ракі Сцвіга і ракі Льва, якая ўпадае ў Сцвігу і ўтварае паўночна-заходнюю мяжу заказніка. Акрамя Львы ў Сцвігу ўпадаюць некалькі старых меліяратыўных каналаў, якія былі пабудаваны яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. У цяперашні час яны знаходзяцца ў паўразбураным стане, аднак сток вады з балот (асабліва інтэнсіўны вясной) па ім яшчэ працягваецца. Пойма ракі Льва ў межах заказніка вельмі забалочана. У паўночнай частцы комплексу знаходзяцца два возеры — Вялікае і Малое Засомінае з агульнай плошчай каля 100 гектараў. Астатнія 23 возеры заказніка зусім дробныя — ад 0,5 да 5 гектараў. Альманскія балоты адрозніваюцца ад іншых падобных балотных комплексаў буйнымі памерамі, захаванасцю ў натуральным стане, стабільнасцю гідралагічных умоў.
Арнітафаўна Альманскіх балот прадстаўлена 151 відам птушак, 25 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі[1].
Aльманскія балоты забяспечваюць існаванне значнай часткі (10-20 %) беларускай папуляцыі барадатай кугакаўкі (Strix nebulosa), гняздуецца тут і адзін з найбольш каштоўных паляўнічых відаў птушак — глушэц (Tetrao urogallus), палеская папуляцыя якога зараз знаходзіцца ў прыгнечаным становішчы.
На тэрыторыі заказніка сустракаецца 26 відаў млекакормячых, 3 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Да нядаўняга часу тут яшчэ адзначалася норка еўрапейская (Mustela lutreola) — від, які знаходзіцца ў Еўропе пад пагрозай глабальнага знікнення. Поймы рэк Ствіга і Льва падтрымліваюць існаванне адной з буйнейшых папуляцый выдры (Lutra lutra)[1].
На тэрыторыі ўгоддзя выяўлена 687 відаў раслін, 12 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі[1].
Акрамя Палескага авіяцыйнага палігона на тэрыторыі заказніка дзейнічае Палескі вайсковы лясгас Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, а таксама калгас «Рубельскі». Насуперак меркаванням, дзейнасць вайскоўцаў, якая вядзецца на лакальных участках балота, не толькі не прывяла да дэградацыі прыродных супольнасцей, а наадварот, абумовіла абмежаванне гаспадарчай дзейнасці, у асаблівасці, гідрамеліярацыі, што дазволіла захаваць гэты балотны масіў у натуральным стане. Акрамя вайсковай дзейнасці на тэрыторыі заказніка ажыццяўляецца рэгламентаванае лесакарыстанне, дазволена паляванне і рыбная лоўля, праводзіцца нарыхтоўка вялікай колькасці грыбоў і ягад.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.