Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Іракскі канфлікт (араб. صراع العراق) — серыя ўзброеных канфліктаў на тэрыторыі Ірака, якія пачаліся пасля ўварвання ЗША і звяржэння рэжыму Садама Хусейна. У наступным супраць замежнай акупацыі і новых уладаў разгарнуўся паўстанцкі рух[1], прадстаўлены рознымі групоўкамі баевікоў, якія перыядычна канфліктавалі паміж сабой. Пасля вываду войск ЗША у 2011 годзе сутыкненні працягнуліся. У 2014 годзе ў краіне набрала сілу арганізацыя «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» (ІДІЛ). Наступленне ісламістаў вымусіла ўрад звярнуцца па дапамогу да амерыканцаў і іранцаў, пры чыёй падтрымцы ў 2017 годзе ўдалося разграміць групоўку. Тым не менш, радыкалы не спынілі сваю дзейнасць[2], а тэрыторыя краіны стала полем амерыкана-іранскага супрацьстаяння.
З 1968 года Ірак знаходзіўся пад кіраваннем іракскага аддзялення партыі Баас. Гэты перыяд пачаўся з высокага эканамічнага росту і імклівага росквіту, але скончыўся тым, што краіны сутыкнулася з сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай стагнацыяй. Сярэднегадавы даход знізіўся як з-за знешніх фактараў, так і з-за ўнутранай палітыкі ўрада. Найбольшае пагаршэнне становішча краіны пачалося пасля заканчэння вайны з Іранам (1980—1988). Каб выйсці з крызісу ўрад Садама Хусейна, які прыйшоў да ўлады ў 1979 годзе, уварваўся ў суседні Кувейт. У жніўні 1990 года іракская армія ўварвалася і досыць хутка захапіла краіну. Спачатку тут быў створаны марыянеткавы ўрад, а неўзабаве тэрыторыі дзяржавы была ўключана ў склад Ірака як правінцыя Ас-Садамія. Гэтыя падзеі выклікалі негатыўную рэакцыю ў свеце. У сваю чаргу ЗША сабралі міжнародную кааліцыі і ў лютым 1991-га выбілі іракцаў з Кувейта[3][4][5].
Пасля вайны з боку краін кааліцыі былі створаны спецыяльныя нелётные зоны для баявой авіяцыі Ірака, з мэтай абароны курдаў і шыітаў. Таксама, у адпаведнасці з рэзалюцыяй СБ ААН 687, экспертамі спецыяльнай камісіі была рэалізавана праграма па знішчэнні хімічнай зброі на тэрыторыі краіны. Усяго яны ліквідавалі або пацвердзілі добраахвотную ліквідацыю самімі іракцамі 88000 хімічных боепрыпасаў, больш за 690 тон рэагентаў, 4000 тон прэкурсараў і 980 адзінак абсталявання, якое выкарыстоўвалася для вытворчасці хімічнай зброі[6]. Нягледзячы на паспяховае выкананне сваіх функцый, у 1998 годзе ўрад Ірака адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва з ААН, і настаяў на вывадзе камісіі[7].
11 верасня 2001 года ЗША падвергліся тэрарыстычнаму нападу, які забраў жыцці амаль трох тысяч чалавек. Прэзідэнт Джордж Буш-малодшы ў пасланні да нацыі абвясціў вайну з тэрарызмам, і ў той жа год ЗША ажыццявілі інтэрвенцыю ў Афганістан. Адначасова абвастраецца канфлікт з Іракам. У дачыненні да рэжыму Садама Хусейна былі выстаўлены абвінавачванні ў наяўнасці зброі масавага знішчэння, а таксама і ў падтрымцы міжнароднага тэрарызму[8]. У сваю чаргу амерыканская разведка, правёўшы праверкі па гэтым пытанні, паведамляла свайму кіраўніцтву аб памылковасці дадзеных заяў. Аднак Белы дом ігнараваў справаздачы ЦРУ[9].
На спецыяльным пасяджэнні Савета Бяспекі ААН 5 лютага 2003 года дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл нават выступіў з заявай, што Ірак хавае ад міжнародных інспектараў забароненую зброю. Ім жа была прадэманстравана прабірка з белым субстратам, які чыноўнік назваў пробамі біязброі. Гадамі праз высветлілася, што ў пасудзіне знаходзіўся звычайны парашок[10].
20 сакавіка 2003 года кааліцыя на чале з ЗША ўрываецца ў Ірак, дзе за лічаныя тыдні яна разбівае іракцаў. 1 мая Джордж Буш абвясціў пра канчатковы разгром урадавай арміі[11]. Партыя Баас і Садам сышлі ў падполле[12]. Крыху пазней былы кіраўнік дзяржавы быў злоўлены, падвергнуты суду і пакараны смерцю[13].
У гэты час Ірак перайшоў пад кіраванне замежных сіл. Міжнародная кааліцыя праводзіла палітыку па лібералізацыі і дэмакратызацыі краіны. У прыватнасці, былі расфармаваны былыя органы ўлады, сілавыя і ваенізаваныя структуры, розныя грамадскія арганізацыі, а на іх месцы фармаваліся новыя. Важным мерапрыемствам стала дэбаасізацыя, якая заключалася ў ачыстцы дзяржавы ад членаў партыі Баас. Рэформы праводзіліся і ў эканамічнай сферы. Так, напрыклад, у лістападзе 2003-га пачалася прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў[14].
У гэты час супраць міжнароднай кааліцыі і яе саюзнікаў разгортваецца паўстанцкі рух. Некаторы час незадаволенасць выяўлялася праз пратэстныя дэманстрацыі, але такія акцыі звычайна заканчваліся разгонамі з ужываннем гумовых куль і іншых спецсродкаў[15]. Усплёск узброеных выступленняў адбыўся ў 2004 годзе[16]. Нападам падвяргаліся як кааліцыйныя сілы, так і іракскія сілавікі. Па канфесійнай прыкмеце вылучыліся дзве асноўныя галіны паўстанцкага руху — суніцкая і шыіцкая[17]. Цэнтр першага быў размешчаны ў так званым «суніцкім трохвугольніку», а менавіта ў горадзе Эль-Фалуджа. Ядром другога стала Басра і багдадскі раён Садр-Сіці. Увесну для ЗША і іх саюзнікаў склалася найбольш крытычная сітуацыя, калі, апроч партызанскі нападаў у тыле, давялося змагацца з баевікамі адразу на два фронты: у Эль-Фалуджы на захадзе супраць сунітаў, і ў правінцыях на поўдзень ад Багдаду, душачы шыіцкае паўстанне[18].
Паралельна з барацьбой супраць замежнікаў і новых уладаў, розныя фарміраванні паўстанцаў часам уступалі адзін з адным ва ўзброены сутыкнення, паколькі супраціў з’яўляўся разнастайным і яго члены мелі шэраг ідэалагічных і рэлігійных спрэчак. Асабліва гэта тычылася барацьбы шыітаў з сунітамі і праіранскіх сіл (пераважна шыітаў, прыхільнікаў ісламскай рэспублікі) з баасістамі (пераважна сунітаў). У 2006—2009 гадах гэта супрацьстаянне прыняло свой апагей[19][20].
Галоўным чынам ад сварак баевікоў пакутавалі мясцовыя жыхары, што былі ахвярамі тэрактаў і міжканфесійных сутыкненняў.
У канцы 2010-х, калі замежнікі і новыя ўлады змаглі палепшыць сітуацыю з бяспекай у краіне, зайшла гаворка аб вывадзе войскаў міжнароднай кааліцыі. Працэс пачаўся ў снежні 2007 года і быў завершаны да снежня 2011 года. Колькасць амерыканскіх узброеных сіл, перад пачаткам скарачэння кантынгенту, дасягнула піку ў 170 300 чалавек. Нягледзячы на сыход замежных войскаў, у краіне заставалася група ваенных інструктаў і байцоў розных ПВК.
Пасля сыходу амерыканцаў баявыя дзеянні ўспыхнулі зноў. Паўстанцкія групоўкі разгарнулі ўзброеную барацьбу супраць цэнтральнага іракскага ўрада і замежных прыватных ваенных кампаній. Узровень гвалту вырас[21]. Групы баевікоў актывізавалі свае дзеянні супраць шыіцкай большасці насельніцтва з мэтай падрыву даверу ў шыітаў да ўрада і яго намаганням, накіраваным на абарону грамадзян уласнымі сіламі, без непасрэднага амерыканскага ўдзелу[22].
Летам 2014 году суніцка-салафіцкая групоўка «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» (ІДІЛ, ІД) захапіла заходнюю правінцыю Аль-Анбар. Затым арганізацыя разгортвае шырокамаштабнае наступленне на поўначы краіны і бярэ Масул, другі па велічыні горад. Баевікі ІДІЛ пачалі прасоўванне на Багдад з мэтай устанаўлення поўнага кантролю над краінай[23].
У гэты час адбылася кансалідацыя шыіцкіх груповак і афіцыйных уладаў, якіх падтрымалі Іран і міжнароднай кааліцыяй на чале з ЗША. У большасці ўдзел замежных сіл абмяжоўваўся каардынацыяй дзеянняў, авіяпадтрымкай і правядзеннем спецаперацый[24]. Кааліцыя ўзброеных сіл ЗША і іх саюзнікаў дзейнічалі ў рамках аперацыі «Непахісная рашучасць». Фінансавае, разведвальнае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і палітычную падтрымку кампаніі ажыццяўлялі больш за 20 краін[25]. Саюзнікі займаліся авіяцыйнымі і ракетнымі ўдарамі па інфраструктуры баевікоў[26].
Дзякуючы аб’яднанню розных іракскіх і замежныя сіл, атрымалася перайсці ў контрнаступленне, а ўжо летам 2017 года адбылося вызваленне Масула, пасля чаго ІД у Іраку пачала слабець.
Пасля шэрагу буйных паражэнняў ІДІЛ сышла ў падполле, займаючыся асобнымі рэйдамі і тэрактамі[27]. Урадавая армія, Сілы народнай мабілізацыі і замежныя сілы засяродзіліся па выяўленні і знішчэнню спячых вочак «Ісламскай дзяржавы». Баявыя аперацыі праводзіліся ў правінцыях Кіркук, Анбар, Найнава, Дыяла, Багдад і інш. Ірак вядзе барацьбу сумесна з Сірыяй[28][29].
Бягучае становішча ў краіне і ўзброеныя сутыкненні восенню 2019 года выліліся ў масавыя пратэсты і беспарадкі. Фактамі незадаволенасці насельніцтва з’яўляліся тэрарызм[30], карупцыя, беспрацоўе, іранскі ўплыў[31], энергетычны крызіс[32], звальненне камандуючага арміяй Абдул-Вахаба аль-Саадзі[33], рост антыамерыканскіх настрояў[34][35][36]. Падчас вулічных сутыкненняў загінулі некалькі сотняў чалавек.
У гэты ж час Ірак становіцца полем супрацьстаяння паміж Іранам і ЗША. У канцы снежня праіранскія фарміраванні абстралялі авіябазу К-1, на што амерыканцы адказалі серыяй ўдараў па аб’ектах «Катаіб Хезбала» (сяброўскай Ірану групоўцы). 31 снежня прыхільнікі групоўкі напалі на пасольства ЗША ў Багдадзе. 3 студзеня 2020 года амерыканцы разбамбавалі міжнародны аэрапорт Багдада, забіўшы камандуючага атрадам «Кодс» іранскага Корпуса Вартавых Ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані. Праз некалькі дзён Тэгеран ажыццявіў акцыю адплаты, абстраляўшы ваенныя аб’екты ЗША на тэрыторыі Ірака.
На гэтым фоне Савет прадстаўнікоў Ірака прагаласаваў за тое, каб абавязаць урад працаваць над спыненнем прысутнасці ўсіх замежных войскаў на іракскай тэрыторыі[37]. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адказаў на гэтую рэзалюцыю пагрозамі ўвесці санкцыі супраць краіны[38]. Тым не менш, праз некаторы час амерыканскае кіраўніцтва пагадзілася пакінуць краіну. На працягу 2020—2021 гадоў УС ЗША праводзілі паступовы вывад свайго кантынгенту. 9 снежня 2021, ужо пры прэзідэнце Джо Байдэне, Ірак і ўзначаленая ЗША кааліцыя абвясцілі, што баявая місія замежных сіл завершана, і тыя, што засталіся ў краіне амерыканскія войскі будуць выконваць кансультатыўныя, дапаможныя і навучальныя функцыі[39].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.