Насяко́мыя[1][2][3] (Insecta) — клас беспазваночных членістаногіх жывёл. Разам з мнаганожкамі адносяцца да падтыпу трахейнадыхальных. Цела насякомых пакрыта хіціназаванай кутыкулай[ru], якая ўтварае экзашкілет і складаецца з трох аддзелаў: галавы, грудзей і брушка. У шмат якіх групах насякомых другі і трэці сегменты грудзей нясуць па пары крылаў. Ног тры пары, і яны мацуюцца на грудным аддзеле. Памеры цела насякомых ад 0,2 мм да 30 см і больш[4].
Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Закрыць
Поўны жыццёвы цыкл[en] насякомых уключае эмбрыянальнае развіццё (яйцо) і постэмбрыянальнае, якое суправаджаецца метамарфозам. Вылучаюць два асноўныя тыпы метамарфозу — няпоўнае і поўнае ператварэнне. Няпоўнае ператварэнне характарызуецца праходжаннем насякомым трох фаз развіцця (яйцо, лічынка[ru] і імага), а поўнае — чатырох (яйцо, лічынка, кукалка і імага). У насякомых з няпоўным ператварэннем[ru] лічынкі знешне падобныя на дарослых насякомых, адрозніваючыся ад іх меншымі памерамі цела, адсутнасцю ці зачаткавым станам крылаў і палавых прыдаткаў. Насякомыя з поўным ператварэннем[ru] характарызуюцца чэрвепадобнымі лічынкамі, і толькі дарослыя асобіны маюць усе асаблівасці, характэрныя для атрада ў цэлым. У фазе лічынкі ў насякомых адбываецца рост і развіццё, а ў фазе імага — размнажэнне і рассяленне[5].
Незвычайная разнастайнасць форм насякомых з’яўляецца іх дзіўнай асаблівасцю[5]. Апісана больш за 1 млн відаў насякомых[6], што робіць іх самым шматлікім класам жывёл, якія займаюць разнастайныя экалагічныя нішы[7] і сустракаюцца паўсюдна, уключаючы Антарктыду[8].
Навука, якая вывучае насякомых, называецца энтамалогіяй.