From Wikipedia, the free encyclopedia
Яўхім Марахоўскі, часам даецца Ірахім, свецкае імя Ілья Сцяпанавіч або Стафанавіч (каля 1576, Львоў[1] — 19 лютага 1631, Уладзімір[2]) — уніяцкі епіскап уладзімірскі і берасцейскі, рэлігійны пісьменнік-палеміст.
Яўхім Марахоўскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||
Царква | Грэка-Каталіцкая Царква | ||||||
Папярэднік | Іпацій Пацей | ||||||
Пераемнік | Іосіф Вельямін Руцкі | ||||||
Адукацыя | Калегіум Св. Афанасія (Рым) | ||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар, пісьменнік, каталіцкі біскуп | ||||||
Нараджэнне |
каля 1576 |
||||||
Смерць |
люты 1631 |
||||||
Пахаванне | |||||||
Бацька | Сцяпан |
Нарадзіўся ў сям’і шляхціча Рускага ваяводства Сцяпана Марахоўскага герба «Корчак»[3][4]. З 1596 па 1603 г. вывучаў філасофію і тэалогію ў Грэчаскім Калегіуме Св. Афанасія ў Рыме[5]. Пасля вяртання ў Рэч Паспалітую адзін з найбліжэйшых паплечнікаў уняцкага мітрапаліта Іпація Пацея ў справе пашырэння уніі. Выконваў асабістыя даручэнні мітрапаліта ў розных справах .[6] . З 1609 г. сакратар караля Жыгімонта III Вазы[7]. 9 жніўня 1613 г. пасля смерці Іпація Пацея атрымаў каралеўскі прывілей на Уладзімірскую і берасцейскую епархію[8]. 3 ліпеня 1614 г. пасвечаны мітрапалітам Іосіфам Вельямінам Руцкім на пасаду епіскапа Уладзімірскага і берасцейскага[9]. Энергічна распаўсюджваў царкоўную унію на тэрыторыі епархіі, у тым ліку і адміністрацыйнымі сродкамі, што выклікала супраціўленне праваслаўных. У сеймавай інструкцыі 1616 г. валынская шляхта дамагалася скасавання каралеўскага прывілея на епархію, дадзенага Я. Марахоўскаму, і перадачы ўладыцтва ўраджэнцу Валыні[10]. Але гэтыя захады не мелі станоўчага выніку. У 1629 г. Яўхім Марахоўскі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы супольнага сабора праваслаўных і грэка-католікаў у Львове з мэтай наступнага заключэння новай царкоўнай уніі. Меркавалася напярэдадні сабора паслаць яго як «вельмі вучонага» епіскапа для дыскусій па багаслоўскіх пытаннях з праваслаўнымі[11]. Дэталі плана абмяркоўваліся 9 ліпеня 1629 г. на уніяцкім царкоўным саборы ва Уладзіміры Валынскім[12]. Але, паколькі ідэю новай уніі не падтрымала большасць праваслаўнай шляхты і духавенства, сабор у Львові так і не адбыўся. Яўхім Марахоўскі клапаціўся аб адукацыі духавенства. На Кобрынскім саборы 1626 г. ён ахвяраваў 2000 фларынаў на адкрыццё ўніяцкай семінарыі[13]. Матэрыяльна падтрымліваў уніяцкую школу ва Уладзіміры Валынскім. Каля 1626 г. у сталіцы епархіі заснаваў брацтва Прачыстай Маці Божай і шпіталь [14] Выдаткаваў грошы на аднаўленне кафедральных цэркваў і літургічнага начыння ва Уладзіміры Валынскім і Берасці[15]. Памёр у лютым 1631 г., пахаваны, згодна запавету, ва Уладзіміры Валынскім[16].
Яўхім Марахоўскі адзін з першых уключыўся ў літаратурную палеміку з праваслаўнымі ў абарону царкоўнай уніі. Пісаў на польскай мове.
Яго першая апублікаваная праца пад тытулам «Парыгорыя або заспакаенне з’едлівага Ляманту уяўнай Божай Царквы» (1612) напісана ў адказ на «Трэнас» (1610) праваслаўнага публіцыста Мялеція Сматрыцкага. Твор мае падкрэсленна апалагетычны харатар. Аўтар паказвае перавагі Каталіцкай Царквы ў веравучэнні, царкоўнай арганізацыі і абраднасці над Праваслаўнай. Вялікая колькасць цытатаў з Бібліі і твораў Айцоў Царквы, сакавітая мова дазваляюць залічыць «Парыгорыю» да лепшых узораў палемічнай літаратуры Рэчы Паспалітай XVII ст.
Прычыны падзелу Хрысціянскай Царквы на Каталіцкую і Праваслаўную аналізуюцца ў кнізе «Размовы пра пачатак адарвання Грэчаскай Царквы ад Рымскага Касцёла» (1622)[17]. Яўхім Марахоўскі — аўтар першага друкаванага жыццепіса Іасафата Кунцэвіча («Рэляцыя пра жорсткае забойства Іасафата епіскапа полацкага» (1624). (На думку украінскага гісторыка Івана Скрутэня твор напісаны мітрапалітам Іосіфам Вельямінам Руцкім, а Я. Марахоўскі быў яго выдаўцом).[18]. Пераклаў з грэчаскай на польскую мову кнігу візантыйскага гісторыка Х ст. Нікіты Пафлагона «Жыццё Святога Ігнація патрыярха Царградскага» (1624)[19].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.