Эміграцыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Эміграцыя (лац.: emigratio — высяленне, перасяленне) — вымушаная ці добраахвотная змена месца пражывання людзей (эмігрантаў, перасяленцаў), перасяленне са сваёй радзімы, з краіны, дзе яны нарадзіліся і выраслі, у іншыя краіны глабальнага грамадства па эканамічных, палітычных або рэлігійных прычынах.
Эміграцыя — гэта выезд за межы краіны пражывання ў іншую краіну, які абавязкова прадугледжвае перасячэнне дзяржаўнай мяжы. Само паняцце эміграцыі ўзнікае з усталяваннем і развіццём дзяржавы. Раннія перасяленні людзей, як і сучасныя перасяленні ў межах адной дзяржавы — мясцовасці, раёна і г.д., завуць міграцыі.
Эміграцыя ажыццяўляецца з мэтай пастаяннага — доўгачасовага або часовага — пражывання ў іншай краіне і часта з адпаведным змяненнем прававога статусу, чым і адрозніваецца ад мэтавых, турыстычных паездак і г.д. У той жа час эміграцыя не заўсёды звязана з натуралізацыяй, гэта значыць, са зменай грамадзянства або падданства.
Эміграцыя можа быць і добраахвотнай, і вымушанай, але ажыццяўленне ўсіх працэдур па выезду (эміграцыі) з краіны адбываецца асобай, якая з'язджае з краіны, добраахвотна. Прымусовае (нярэдка гвалтоўнае) перасяленне або высяленне асобы / асоб, здзейсненае прадстаўнікамі дзяржаўных органаў краіны, адкуль адбываецца перасяленне, называюць дэпартацыяй.
Эміграцыяй называюць і сукупнасць эмігрантаў за межамі бацькаўшчыны. Паняцце не нашмат адрозніваецца ад паняцця дыяспара: апошняе, зрэшты, шырэй, бо ахоплівае не толькі асоб, якія выехалі з айчыны, але і тых, якія ў сілу розных абставін, нікуды не перасяляючыся, апынуліся ў той ці іншай краіне з прычыны змены дзяржаўных межаў этнічнай радзімы; паняцце датычыцца таксама іх нашчадкаў (наступных пакаленняў) і першых эмігрантаў. Акрамя таго, дыяспара — паняцце, звязанае з этнічнасцю, этнічным паходжаннем асоб, а эміграцыя — з грамадзянствам, гэта значыць, з прававой сувяззю з той ці іншай дзяржавай. Менавіта таму могуць быць дыяспары недзяржаўных народаў, напрыклад, «курдскія дыяспары» ў Турцыі, Іраку і г.д., а эміграцыі — няма.
«Рээміграцыя» — гэта вяртанне эмігранта ў краіну першапачатковага пражывання, гэта значыць, зваротная эміграцыя.
Антонім да слова «эміграцыя» — іміграцыя, г.зн. прыезд у краіну для пастаяннага жыхарства.
У XV-XIX стагоддзях мела месца перш за ўсё эканамічная эміграцыя. Як прыклад — перасяленне вялікай колькасці людзей з Еўропы ў Амерыку. У ХХ стагоддзі адбываліся самыя масавыя эміграцыі, звязаныя з Першай сусветнай вайной і Другой сусветнай вайной, шматлікімі міжнароднымі і лакальнымі канфліктамі, зменамі дзяржаў свету (утварэнне дзяржавы Ізраіль, распад СССР і г.д.), унутранай і знешняй палітыкай асобных дзяржаў (палітычныя і культурныя прыгнёты ў СССР, КНР і інш.).
Няспынныя эміграцыі, як эканамічныя, так і палітычныя, з'яўляюцца прыкметай сучаснасці. Напрыклад, у Афрыцы з прычыны палітычных хваляванняў і паўстанняў, міжэтнічных канфліктаў і эканамічных праблем, выкліканых засухамі і неўраджаямі, назіраюцца частыя эміграцыі з Конга, Бурундзі, Руанды, Самалі, Эфіопіі і г.д.; Далай-лама Тыбета, які пераследуецца кітайскімі ўладамі, з'яўляецца палітычным эмігрантам, жыве ў Індыі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.