Фантастыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Фантастыка — жанр мастацкай літаратуры, у якім з дапамогай дадання фіктыўных, уяўных элементаў ствараецца свет, адменны ад сённяшняга, рэальнага. Да фантастыкі не адносяцца казкі, накшталт «Ката ў ботах», і многія іншыя, бо апрача агульнай, павярхоўнай «казачнай» атмасферы, фантастыка мае свае тэмы, праблемы, якія яна раскрывае, — «чалавек і прырода», «чалавек і Сусвет», «чалавек і грамадства», «чалавек і дабро (зло)». У залежнасці ад тэмы ўнутраны свет кожнага фантастычнага твора напаўняецца пэўнымі атрыбутамі. Напрыклад, у «чалавек і Сусвет» канечне маюць быць зоркалёты або іншыя касмічныя транспартныя сродкі, на якіх ён, гэта значыць чалавек, будзе баразніць абшары Галактыкі, у «чалавек і дабро (зло)» павінны быць выяўленыя элементы дабра і зла, накшталт эльфаў і оркаў у фэнтэзійных творах. Часта тэмы пераплятаюцца, утвараючы непаўторны кактэйль з каларытных вобразаў (напрыклад, у тэхнафэнтэзі, дзе магія спакойна існуе разам з высокімі тэхналогіямі).
Героямі фантастыкі могуць быць не толькі людзі, у адным з такіх паджанраў як біяпанк галоўнымі героямі часта з'яўляюцца жывёлы, якія з прычыны генетычных эксперыментаў ці іншага збегу акалічнасцяў сталі разумнымі. Акрамя таго, героямі фантастычнага твора могуць стаць і робаты, і іншапланецяне (чужыя), што часта практыкуюць розныя аўтары, спрабуючы апісаць спецыфічную псіхалогію, сістэму каштоўнасцяў і логіку разумных істот (напрыклад, тры законы робататэхнікі, што прыдумаў Азімаў). У фэнтэзі (адным з паджанраў фантастыкі) выбар «герояў-нелюдзяў» вельмі шырокі — ад невялікіх гномаў да гіганцкіх цмокаў.
Падсумоўваючы вышэйсказанае, можна адзначыць, што фантастыка гэта асаблівы, своеасаблівы жанр літаратуры, які падахвочвае людзей задумвацца над жыццём, яго перспектывамі, рэаліямі і мэтамі.