![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/0d/Tribes_of_Sicily_by_11th_century_BC-be.svg/langbe-640px-Tribes_of_Sicily_by_11th_century_BC-be.svg.png&w=640&q=50)
Сікулы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сікулы (лац.: Siculi, грэч. Σικελοί) — старажытны народ вострава Сіцылія. У адрозненне ад сіканаў іх лічаць індаеўрапейцамі, якія прасочваюцца ва ўсходняй Сіцыліі з канца бронзавага веку.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/0d/Tribes_of_Sicily_by_11th_century_BC-be.svg/640px-Tribes_of_Sicily_by_11th_century_BC-be.svg.png)
Паводле падання, сікулы раней жылі ў Лацыі, аднак былі выцеснены абарыгенамі. Паводле археалагічных даных, сікулы прыбылі на востраў у канцы 2-га тысячагоддзя да н.э. і прынеслі з сабой мастацтва апрацоўкі жалеза (раней на востраве выкарыстоўвалася бронза) і прыручаных коней. З сікульскіх некропаляў найбольш вядомая Панталіка каля горада Сіракузы; яшчэ адзін некропаль выяўлены каля Нота. Пахаванні сікулаў «печкавага» тыпу маюць форму пчаліных вулляў.
Магчыма, сікулы ўпершыню згадваюцца ў егіпецкіх надпісах як адзін з «народаў мора» (шэкелеш).
Сікульская мова вядома па субстратнай лексіцы, а таксама шэрагу кароткіх надпісаў на пасудзінах грэчаскім алфавітам. Вядомыя таксама два адносна доўгія надпісы без прабелаў паміж словамі. З вялікай верагоднасцю сікульская мова адносілася да лаціна-фаліскскай падгрупы італійскіх моў, гэта значыць была найбліжэйшым сваяком лацінскай мовы (высокую ступень падабенства сікульскай мовы з лацінскай адзначаў яшчэ сучаснік Марк Тэрэнцый Варон).