![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/8/8a/%25D0%25A1%25D1%2580%25D0%25B5%25D0%25B4%25D0%25BD%25D0%25B5%25D0%25B4%25D1%2583%25D0%25BD%25D0%25B0%25D0%25B9%25D1%2581%25D0%25BA%25D0%25B0%25D1%258F_%25D0%25BD%25D0%25B8%25D0%25B7%25D0%25BC.png/640px-%25D0%25A1%25D1%2580%25D0%25B5%25D0%25B4%25D0%25BD%25D0%25B5%25D0%25B4%25D1%2583%25D0%25BD%25D0%25B0%25D0%25B9%25D1%2581%25D0%25BA%25D0%25B0%25D1%258F_%25D0%25BD%25D0%25B8%25D0%25B7%25D0%25BC.png&w=640&q=50)
Сярэднедунайская нізіна
From Wikipedia, the free encyclopedia
Сярэднедунайская нізіна (Сярэднедуна́йская раўні́на[1], Венгерская нізіна[1], Ціса-Дунайская нізіна, Панонская раўніна; харв.: Panonska nizina, чэшск.: Panonská pánev, венг.: Kárpát-medence, славацк.: Panónska panva, ням.: Pannonische Tiefebene, рум.: Câmpia Panonică, укр.: Тисо-Дунайська низовина, сербск.: Панонска низија, славенск.: Panonska nižina, басн.: Panonska nizija) — раўніна ў басейне сярэдняга цячэння ракі Дунай, у межах Венгрыі (вялікая частка), Славакіі, Румыніі, Харватыі і Аўстрыі; на паўночным усходзе заходзіць на тэрыторыю Закарпацкай вобласці Украіны. Плошча — каля 200 тыс. км².
Сярэднедунайская нізіна | |
---|---|
![]() Сярэднедунайская нізіна | |
Каардынаты: 47° пн. ш. 19° у. д.HGЯO | |
Вышыня над узроўнем мора | 100—200 м |
Плошча | каля 200 тыс. км² |
Рэкі | Дунай, Драва, Сава |
Азёры | Балатон |
Уяўляе сабой міжгорную тэктанічную нізіну, якую атачаюць Альпы, Карпаты, Дынарскае нагор’е і горы Усходняй Сербіі. Сярэднедунайская нізіна з’яўляецца ўзнятым дном Панонскага мора, што існавала ў перыяд пліяцэну. Шэраг гор (напрыклад, града Фрушка-Гара ў Сербіі) з’яўляюцца колішнімі астравамі ў Панонскім моры.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/32/Canal_Danube-Tisa-Danube_in_Serbia.jpg/640px-Canal_Danube-Tisa-Danube_in_Serbia.jpg)
Вышыня — 100—200 м[1]. Паверхня плоская — у Альфёльдзе (на ўсход ад Дуная) ці слабаўзгорыстая — Дунантуль (на захад ад Дуная) з асобнымі ізаляванымі гарамі сярэдняй вышыні (гэтак званае Задунайскае сярэднегор’е, вышынёй да 757 м). На паўночным захадзе — Кішальфёльд, большая частка якога ўяўляе сабой конус вынасу Прадуная. У склад Сярэднедунайскай нізіны ўваходзяць таксама Заграбскі басейн (на паўднёвым захадзе) і даліны рэк Драва і Сава на поўдні. На Сярэднедунайскай нізіне знаходзіцца возера Балатон. Радовішчы баксітаў (Гант, Іскасентдзьердзь у Венгрыі), нафты, прыроднага газу, бурага вугалю.
Клімат умераны, кантынентальны, на ўсходзе засушлівы. Сярэдняя тэмпература паветра студзеня ад −1 да −2 °C, у ліпені 20—22 °C. Ападкі — 500—600 мм, у гарах — да 900 мм у год. Пераважна чарназёмы і алювіяльныя глебы, на ўсходзе месцамі засоленыя. 70—80 % тэрыторыі Сярэднедунайскай нізіны разараны (пасевы пшаніцы, кукурузы, сады, вінаграднікі). Малаважныя ўчасткі лесастэпаў (галоўным чынам у гарах і перадгор’ях).
Сярэднедунайская нізіна густа населена; найбольш буйныя гарады — Будапешт (Венгрыя), Заграб (Харватыя), Браціслава (Славакія), Тымішаара (Румынія).