From Wikipedia, the free encyclopedia
Карпа́ты, Карпацкія горы — горная сістэма на ўсходзе Цэнтральнай Еўропы.
Карпаты | |
---|---|
Краіны | |
Плошча | 188 000 км² |
Даўжыня | 1 500 км |
Шырыня | 420—1000 км |
Найвышэйшая вяршыня | Герлахаўскі Шціт |
Найвышэйшы пункт | 2655 м |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Горная сістэма Карпатаў размешчана на тэрыторыі Румыніі (каля 56 % паверхні), Чэхіі і Славакіі (20 %), Украіны (каля 10 %), Польшчы (9,3 %), Венгрыі (4,4 %) і Аўстрыі (0,3 %). Цягнецца дугой, адкрытай на захадзе, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўжыня 1500 км, шырыня 100—300 км, найбольшая да 430 км на паўднёвым усходзе. Паверхня Карпатаў разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс. км², з якіх 105 тыс. км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя вышыня каля 1000 м, найбольшая 2655 м (гара Герлахаўскі-Шціт у Татрах).
Карпаты — адзін з галоўных водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (частка іх называецца Украінскія Карпаты), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі Карпатаў цягнецца паласа перадгор’яў, шырыня да 40-60 км. Ва ўнутранай частцы Карпацкай дугі знаходзіцца Сярэднедунайская нізіна. У Карпатах пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усходніх Карпатах на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.
Карпаты ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асноўную ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтральны (восевы) пояс утвораны пераважна з крышталічных парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найбольш высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі старажытнага зледзянення. Унутраны пояс прадстаўлены ў асноўным вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінеральных вод і інш.
Клімат Карпат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −2 °C на поўдні да −5 °C на поўначы, на высокіх вяршынях да −10 °C. Ва ўнутраных упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя тэмпература ліпеня ад 17 °C на поўначы да 20 °C на поўдні: у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усходніх і Паўднёвых Карпат і 900—1000 мм у Заходніх Румынскіх гарах і Заходніх Карпатах. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на поўдні і 1800—2000 мм на паўночным усходзе. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—10 месяцаў і больш.
Рэкі басейна Віслы і Одры ахопліваюць большую частку паўночных схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае мора. Большасць рэк належаць да басейна р. Дунай, рэкі паўночна-ўсходніх схілаў — да басейна р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае мора. Для рэк Карпат характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вялікія запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы старажытных караў.
Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да вышыні 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м на поўначы і 1700—1800 м на поўдні. Вышэй за лясы размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Заходніх Карпатах і вольха ва Усходніх Карпатах); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да вышыні 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш.
Найбольш густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (максімальная да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытворчасці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных катлавінах і на схілах да вышыні 600—1000 м. Праз Карпаты ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінеральнай вадой. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нацыянальных паркаў. Самы вялікі з іх — у Татрах на тэрыторыі Польшчы і Славакіі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.