From Wikipedia, the free encyclopedia
Радзівілаўскі летапіс, або Кёнігсбергскі летапіс — летапісны помнік меркавана пачатку XIII стагоддзя, які захаваўся ў двух спісах XV стагоддзя — уласна Радзівілаўскім, ілюстраваным шматлікімі мініяцюрамі, і Маскоўска-Акадэмічным. Спіс «Аповесці мінулых часоў» працягнуты пагадовымі запісамі да 1206 года.
Радзівілаўскі летапіс | |
---|---|
Мова арыгінала | царкоўнаславянская мова |
Дата напісання | XV стагоддзе |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У XVII стагоддзі першым (уласна Радзівілаўскім) спісам валодаў вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл, помнік захоўваўся ў Бібліятэцы Радзівілаў ў Нясвіжы. Паводле тастаменту Багуслава Радзівіла, генеральнага губернатара Прускага герцагства, спіс у 1671 годзе перададзены ў бібліятэку Кёнігсберга. Адсюль — назва летапісу: Радзівілаўскі, або Кёнігсбергскі.
У час Сямігадовай вайны Радзівілаўскі спіс у 1760 годзе патрапіў у Расійскую імперыю як трафей. Захоўваецца ў Бібліятэцы Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбурзе.
Радзівілаўскі спіс — выдатны ўзор ілюстраванай рукапіснай кнігі Беларусі XV—XVII стагоддзяў. Спіс адзін з трох ілюстраваных усходнеславянскіх летапісаў, якія захаваліся да нашага часу (два іншыя — цвярскі спіс візантыйскай «Хронікі Георгія Амартола » XIII—XIV стагоддзяў і маскоўскі Ліцавы летапісны звод XVI стагоддзя).
На думку расійскага гісторыка Аляксея Шахматава, Радзівілаўскі летапіс паходзіць ад летапіснага зводу, складзенага ў Пераяслаўлі-Залескім у 1214—1216 гадах. Тэкстуальна Радзівілаўскі летапіс блізкі да Лаўрэнцеўскага летапісу, але са шматлікімі адрозненнямі (асобнымі дадаткамі, іншымі фармулёўкамі), што сведчыць пра сістэматычныя рэдакцыйныя праўкі папярэдняга тэксту. На падставе гэтых розначытанняў Аляксей Шахматаў і М. Прыселкаў зрабілі выснову, што ў аснове Лаўрэнцеўскага летапісу быў Уладзімірскі звод XII ст., дзе тэкст летапісання папярэдняга часу не зведаў яшчэ значных і тэндэнцыйных пераробак, а ў аснове Пераяслаўскага зводу 1214—1216 гадоў — крыніцы Радзівілаўскага летапісу — быў Уладзімірскі звод пачатку XIII ст., які праслаўляў Усевалада Вялікае Гняздо і быў складзены пры яго сынах Юрыю і Яраславе.
Месца стварэння Радзівілаўскага спіса не вызначана. Ёсць меркаванне, што мог быць напісаны ў Смаленску. На думку ўкраінскага гісторыка А. П. Талочкі, летапіс не мог быць створаны ў Смаленску або ў Паўночна-Усходняй Русі (бо, напрыклад, у тэксце Уладзімір-на-Клязьме згадваецца як «Уладзімір Маскоўскі»), а створаны, напэўна, на Валыні[1].
Найвялікшую цікавасць маюць каляровыя мініяцюры (агулам 617), якімі ілюстраваны Радзівілаўскі спіс. Мяркуючы па тым, што ў Маскоўска-Акадэмічным спісе ў шэрагу выпадкаў перапісчыкам па недаглядзе прапушчаны тэкст, змешчаны ў Радзівілаўскім спісе паміж мініяцюрамі, ілюстраваны быў агульны пратограф абодвух спісаў (раней прапаноўвалі гіпотэзу, паводле якой Маскоўска-Акадэмічны спіс быў копіяй з Радзівілаўскага, цяпер яна адкінута).
Такім чынам, ілюстрацыі XV ст. былі копіяй з ранейшых — як мяркуюць некаторыя даследчыкі, арыгінальныя мініяцюры маглі быць створаны нават у XI ст.
Мініяцюры Радзівілаўскага спіса, нягледзячы на схематызаваны стыль, даюць уяўленне пра побыт, будаўніцтва, ваенную справу сярэдневяковай Русі. Іх завуць «вокнамі ў зніклы свет».
Поўная назва другой копіі агульнага пратографа — Маскоўска-Акадэмічнага спіса — «Рукапіс Маскоўскай Духоўнай Акадэміі». На першым аркушы пазначана «Живоначальные Троицы» (адсюль назва Троіцкі летапіс), на апошнім аркушы напісана «Сергиева монастыря». Да 1206 года гэты спіс дае той самы тэкст, што і Радзівілаўскі, практычна без значных розначытанняў, далей апавяданне працягваецца ў іншым стылі і тоне, даводзячы падзеі да 1419 года даволі самастойна, не паўтараючы арыгінальнай часткі Лаўрэнцеўскага летапісу. Захоўваецца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве.
Навуковае выданне тэксту летапісу пачата М. Прыселкавым і завершана праз паўстагоддзя пасля яго смерці, толькі ў 1989 годзе.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.