From Wikipedia, the free encyclopedia
Пе́ршы Слу́цкі полк стральцо́ў — вайсковая часць Беларускай Народнай Рэспублікі, створаная ў лістападзе 1920 года ў Слуцку.
1-ы Слуцкі полк | |
---|---|
Гады існавання | 1920 |
Краіна | Беларуская Народная Рэспубліка |
Падпарадкаванне | Урад БНР |
Уваходзіць у | Слуцкая брыгада |
Тып | полк |
Складаецца з | 3 батальёны |
Функцыя | абарона Слуцкага павета |
Колькасць | 2500 чал. |
Дыслакацыя | Семежава |
Дэвіз | Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына |
Рыштунак | 300 карабінаў, вінтоўкі, 10 кулямётаў |
Удзел у | Слуцкі збройны чын |
Вядомыя камандзіры | Павел Пятровіч Чайка |
Быў асноўнай ваеннай часткай Слуцкай брыгады, якая бараніла Слуцкі павет БНР ад расійскіх бальшавікоў у ходзе Слуцкага збройнага чыну 1920 года.
У жніўні 1920 г. капітан Антон Самусевіч вярнуўся ў родны Слуцк, дзе сабраў у полк каля 2500 чалавек. Камандзір Асобнага аддзела войскаў БНР генерал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч прызначыў Антона Самусевіча камандзірам 1-га Слуцкага палка і вылучыў 30 000 польскіх марак на закуп зброі і абмундзіравання. Спачатку на ўзбраенні налічвалася 300 карабінаў, якія дапоўнілі 500 вінтоўкамі[1].
21 лістапада 1920 года Рада Случчыны зацвердзіла Дэкларацыю, у якой заклікала «стаяць за незалежнасць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту збоку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы, нават, сілаю аружжа». У выніку пачалася мабілізацыя ў Слуцкую брыгаду, якая ўключыла 2 палкі. 22 лістапада 1920 г. Рада Случчыны зацвердзіла стварэнне 1-ага Слуцкага палка стральцоў у складзе 3-х батальёнаў. Аднак сябры Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Радзе Случчыны адмовіліся ўхваліць прызначэнне Самусевіча камандзірам палка. Тады Самусевіч здаў камандаванне падпалкоўніку Паўлу Чайку. З Гродна даслалі сцяг 1-га Слуцкага палка з Пагоняй і дэвізам «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Камандзірам 1-га батальёна быў прызначаны падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, 2-га — капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, 3-га — капітан Аляксей Колпак. Пасаду начальніка гаспадарчай часці заняў прапаршчык Кашкарэвіч. Паручнік Кахановіч выконваў абавязкі ад’ютанта. Роты ўзначалілі: 1-ю — паручнік Якуб Гузней; 4-ю — Аляксандр Савановіч; 5-ю — паручнік Павел Бранавіцкі, 6-ю — падпаручнік Нікадзім Кернажыцкі. Агулам налічвалася 9 ротаў. Кулямётную каманду склалі 10 чалавек. Аддзел разведкі ўзначаліў прапаршчык Шыманскі[1].
27 лістапада 1920 г. 1-ы Слуцкі полк займаў участак ад Семежава (цяпер Капыльскі раён) да Вызны (цяпер Салігорскі раён) працягласцю каля 20 км, калі пачаліся баі Слуцкага збройнага чыну. 6-я рота 1-га Слуцкага палка захапіла ў палон разведвальны атрад расійскіх бальшавікоў пад 4-ма вёскамі (цяпер Капыльскага раёна) Быстрыца, Верамейчыкі, Васільчыцы і Чарнагубава. У ходзе боя пад Васільчыцамі стралец Піліп Валодзька атрымаў цяжкае раненне і стаў першым памерлым удзельнікам слуцкага паўстання[2]. Расійскія чырвонаармейцы страцілі 3 чалавекі забітымі, 3 — параненымі і яшчэ 1 чырвонаармеец трапіў у беларускі палон. 5-я рота 1-га Слуцкага палка пасля бою вызваліла 2 вёскі (цяпер Капыльскага раёна) Лютовічы і Дашнава і паланіла 5 расійскіх чырвонаармейцаў. 7-я і 8-я роты 1-га Слуцкага палка адбілі напад расійскага войска на вёску Мацкевічы[1].
30 лістапада 1920 г. расійскія войскі падцягнулі новыя ваенныя часткі пад вёску Вужыца (Бабруйскі павет) на ўсход ад Слуцка, дзе спынілі наступ 1-га Слуцкага палка. 2 снежня начальнік разведкі Слуцкай брыгады Антон Мірановіч арыштаваў камандзіра 1-га Слуцкага палка Паўла Чайку, пасля перахопу яго ліста да расійскіх бальшавікоў. Новым камандзірам стаў падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч. 4 снежня 1920 г. часткі 8-й і 17-й дывізій 16-й арміі расійскіх бальшавікоў выціснулі 1-ы Слуцкі полк з Вызны. 7 снежня 1920 г. 1-ы Слуцкі полк адступіў з Семежава ў Подчыцы, адкуль у Грыцэвічы (цяпер Клецкі раён)[1].
12 снежня 1920 г. 1-ы Слуцкі полк вызваліў Семежава, дзе завалодаў запасам снарадаў. Істотную ролю ў наступе адыграла 2-я рота. 17 снежня 1-ы Слуцкі полк вызвалі Вызну, аднак адступіў з яе 19 снежня. Пры наступе на Слуцк расійскія войскі выкарыстоўвалі 6 браневікоў. Пагатоў 1-ы Слуцкі полк меў па 30-40 вінтовак на роту. 20 снежня полк зноў пакінуў Семежава, адкуль адступіў у Морач (Клецкі раён), а затым у Заастравечча. 28 снежня 1920 г. Найвышэйшая рада БНР на пасяджэнні ў Баранавічах пастанавіла распусціць Слуцкую брыгаду, у тым ліку 1-ы Слуцкі полк. У той дзень большасць (1500) стральцоў перайшла раку Лань, дзе іх інтэрнавала польскае войска. Астатнія 400 чалавек увайшлі ў склад падпольнай арганізацыі «Зялёны Дуб»[1].
У канцы снежня 1920 года паўстанцы Першага Слуцкага палка атрымалі свой сцяг. Яго вышылі беларускія жанчыны-патрыёткі з Гродна.
Сцяг быў залацістага колеру. 2 метры ў даўжыню і 1 метр у шырыню. Пасярэдзіне герб «Пагоня» памерам каля 45 сантыметраў, навокал якога надпіс «Першы Слуцкі полк стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі».
Случчакі атрымалі штандар ад Рады БНР за ўдзел у баях і захавалі падчас інтэрнавання ў Польшчы. Пасля яго з сабой у Вільню забраў камандзір палка Антон Сокал-Кутылоўскі.
Улетку 1921 года Сокал-Кутылоўскі звярнуўся да Пінскага і Навагрудскага епіскапа Панцеляймона, які на той час жыў у Навагрудку, з просьбай прыняць сцяг на захаванне ў Навагрудскі сабор, але ён у гэтым адмовіў.
Сцяг захоўваўся ў Сокал-Кутылоўскага да 1931 года, калі падчас вобшуку яго канфіскавала польская паліцыя.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.