![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/11/%25D0%2598_%25D0%25B0%25D0%25B2%25D0%25B3%25D1%2583%25D1%2581%25D1%2582%25D0%25B0_%25D0%25B2_31_%25D0%25B4%25D0%25B5%25D0%25BD%25D1%258C.jpg/640px-%25D0%2598_%25D0%25B0%25D0%25B2%25D0%25B3%25D1%2583%25D1%2581%25D1%2582%25D0%25B0_%25D0%25B2_31_%25D0%25B4%25D0%25B5%25D0%25BD%25D1%258C.jpg&w=640&q=50)
Паерык
From Wikipedia, the free encyclopedia
Па́ерык (таксама ерак, ерчык, ерціца)[1] — надрадковы знак царкоўнаславянскага і наогул старадаўняга кірылічнага пісьма, які ставіцца над зычнай літарай або пасля яе замест «Ъ» ці (радзей) «Ь».
У новацаркоўнаславянскай мове рускага зводу выкарыстоўваецца замест «Ъ» на канцы прыназоўнікаў і прыставак (у апошнім выпадку адпавядае рускаму раздзяляльнаму цвёрдаму знаку). Пры гэтым звычайна выконваецца наступная сістэма: з еркам пішуцца шматлітарныя прыназоўнікі і прыстаўкі (из̾, пред̾, без̾ і інш.), а таксама прыслоўі бли́з̾ і в̾слѣ́дъ, адналітарныя ж прыназоўнікі і прыстаўкі (въ, съ, къ) пішуцца з паўнавартасным ерам (за выключэннем згаданага слова в̾слѣ́дъ).
У старым маскоўскім зводзе царкоўнаславянскай мовы (які ўжываецца стараверамі) таксама часткова выконвае функцыі знака пераносу слоў: калі слова разрываецца пасля зычнага, то над ім ставіцца ерак: содер̾//жа́ти (а калі пасля галоснага, то перанос ніяк не пазначаецца: по//доба́етъ).
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/32/Russkiy_iazyk_Azbuka_Burtsov.svg/640px-Russkiy_iazyk_Azbuka_Burtsov.svg.png)
У напісанні ерак дваякі: можа выглядаць S-падобна, накшталт вертыкальнай тыльды, або ў выглядзе чагосьці сярэдняга паміж формамі 7 і У; у старажытнасці сустракалася і форма ў выглядзе капялюшыка ці вечкі ^.
У старабеларускіх друкаваных выданнях розным напісанням спрабавалі надаць рознае арфаграфічнае і фанетычнае значэнне: так, у граматыцы Мялеція Сматрыцкага (1619) надрадковы знак у выглядзе ^ (названы пае́ркъ) адпавядае «Ь» на канцы слоў, а знак у выглядзе У (названы е́рикъ) — «Ъ». (Надрадковы ж заменнік Ь паміж зычнымі ў Сматрыцкага называецца мяккая і выглядае як рыска /, амаль гэтак жа, як знак звычайнага націску-оксіі, але трохі меншы.) У выданнях Львоўскай брацкай друкарні тых жа часоў «Ъ» таксама замяняўся надрадковым У-падобным знакам, а вось «Ь» ператвараўся ў надрадковую вуглаватую вертыкальную тыльду.
У расійскіх царкоўнаславянскіх выданнях падобная арфаграфічная розніца не адбілася, хоць ужываюцца (у розных шрыфтах) і S-падобнае, і У-падобнае напісанні ерка.