газета, 1992 From Wikipedia, the free encyclopedia
«Пагоня» — штотыднёвая газета на беларускай мове. Выходзіла з 25 сакавіка 1992 да 12 лістапада 2001 года ў Гродне.
«Пагоня» | |
---|---|
Арыгінальная назва |
Пагоня |
Тып | штотыднёвая газета[d] |
Заснавана | 25 сакавіка 1992 |
Спыненне публікацый | 2001 |
Мова | беларуская |
Была зарэгістраваная ў чэрвені 1991 года тагчасным дэпутатам Вярхоўнага савета БССР. Выдавалася культурна-асветніцкім фондам «Бацькаўшчына». Рэдактарам «нулявога» нумара, які выйшаў у 1992 годзе адмыслова да 25 сакавіка, быў журналіст і пісьменнік Сяргей Астраўцоў. Ён жа наладзіў рэгулярны выпуск са жніўня 1992 года[1]. З 1995 года галоўным рэдактарам быў Мікола Маркевіч.
У першыя гады існавання, калі старшынёй Гродзенскага гарвыканкама быў Сямён Домаш, рэдакцыя газеты знаходзілася ў памяшканнях гарвыканкама на вуглу вуліц Савецкай і Дамініканскай[2]. Пазней пераехала на вуліцу Маркса.
У час прэзідэнцкіх выбараў 1994 года газета падтрымлівала Зянона Пазняка, востра крытыкавала Аляксандра Лукашэнку. Першай з беларускіх СМІ змясціла даклад дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў асяроддзі Аляксандра Лукашэнкі. Займалася гучнымі мясцовымі справамі, такімі як карупцыйны складнік у няўдалай рэстаўрацыі Дома купца Мураўёва ў Гродне[3].
У 1995 годзе папулярнасць газеты расла і яе наклад павялічыўся да 10 000 асобнікаў. З 1997 года выходзіла два разы на тыдзень. З 1998 выдаваўся дадатак «Маю Права». З лета 1999 газета ізноў пачала выдавацца раз на тыдзень, наклад знізіўся да 7 000 асобнікаў[4].
У газеце працавалі вядомыя гродзенскія журналісты Павел Мажэйка[5], Вітаўт Руднік, Юрый Гумянюк[6], Юлія Дарашкевіч, Андрэй Мялешка, Уладзімір Хільмановіч, Зміцер Кісель, Міхал Карневіч, Алена Раўбецкая і іншыя.
За змест некалькіх публікацый газета была закрытая 12 лістапада 2001 суддзём Вышэйшага Гаспадарчага суда Валерыем Жандаравым у выніку позвы Гродзенскай пракуратуры.
Галоўны рэдактар Мікола Маркевіч і журналіст Павел Мажэйка ў 2002 годзе былі асуджаны за «паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з абвінавачаннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў» і сталі аднымі з першы палітвязняў у незалежнай Беларусі. Працэс некалькі разоў адкладаўся, бо суд не адважваўся распачынаць пасяджэнне, калі да будынка суда сцякаліся сотні людзей: праваабаронцаў, айчынных і замежных журналістаў, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу[7].
У Гродне ў многіх месцах вясной 2002 года з'яўляліся графіці ў падтрымку Маркевіча і Мажэйкі. Праходзілі акцыі салідарнасці. 1 красавіка каля будынка аблвыканкама адбыўся несанкцыянаваны пікет у абарону Маркевіча і Мажэйкі. Удзельнікі пікету трымалі ў руках плакаты з лозунгамі : «Мажэйка, Маркевіч – хто наступны?», «Свабода = Свабода слова», «Разам за ПАГОНЮ!». 5 красавіка адбыліся пікеты каля аблвыканкама і на плошчы Савецкай. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках транспаранты: «Рукі прэч ад Маркевіча і Мажэйкі», «Быў бы журналіст – камера будзе», «Я таксама пішу праўду пра прэзідэнта. Я наступны?». Удзельнікі некаторых пікетаў былі затрыманыя і асуджаныя да адміністрацыйнага арышту[7][8].
Мікола Маркевіч быў асуджаны на 1,5 года абмежавання волі, Павел Мажэйка – да 1 году абмежавання волі (вырак суду прысуджаў кожнаму на год больш, але тэрмін адразу быў скарочаны ў межах аб'яўленай тады амністыі)[9].
Пасля ліквідацыі папяровага выдання Мікола Маркевіч некалькі гадоў кіраваў інтэрнэт-сайтам «Пагоня».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.