![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/98/Libya_Regions_map.png/640px-Libya_Regions_map.png&w=640&q=50)
Лівійскі крызіс
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ліві́йскі кры́зіс[1][2] (араб. الأزمة الليبية) — серыя ўзброеных канфліктаў падчас барацьбы за палітычную ўладу ў Лівіі. Падзеі пачаліся як частка Арабскай вясны з выступленняў супраць лідара краіны Муамара Кадафі, пасля звяржэння якога разгарэлася супрацьстаянне ўнутры былой апазіцыі. Канфлікты ахоплівалі некалькі бакоў, якія ваявалі з прычыны этнаплемянных, палітычных, ідэалагічных і эканамічных рознагалоссяў, пад моцным уплывам замежных сіл. Баявыя дзеянні прывялі да нестабільнасці па ўсёй краіне, дзясяткаў тысяч ахвяр, зніжэння аб’ёму вытворчасці ў найважнейшай нафтавай прамысловасці. У гэты перыяд Лівія фактычна перастала існаваць як дзяржава[3]. Ускосны ўрон быў панесены таксама іншым краінам, пацярпелым ад наплыву мігрантаў і тэрарыстычнай пагрозы. Крызіс паказаў спрэчнасць выкарыстання міжнародных ваенных інтэрвенцый, прадэманстраваў неэфектыўнасць афіцыйнай дыпламатыі і неабходнасць стварэння нефармальных дыялогавых арганізацый, якія дзейнічалі б сумесна з ААН. Наступствы грамадзянскай вайны ў Лівіі сталі міжнароднай праблемай і запатрабавалі сумеснага рашэння[4].
Лівійскі крызіс | |||
---|---|---|---|
![]() Карта Лівіі з пазначэннем гарадоў і гістарычных абласцей. | |||
Дата | 15 лютага 2011 — 23 кастрычніка 2020 | ||
Месца | Лівія і прыгранічныя тэрыторыі суседніх дзяржаў | ||
Прычына |
|
||
Вынік | мірнае пагадненне ў Жэневе, рэжым спынення агню, пачатак працэсу аб’яднання краіны, фарміраванне часовага ўрада на чале з Мухамедам Юнісам Манфі, зацвярджэнне даты ўсеагульных выбараў | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Агульныя страты | |||
|
|||
У крызісе вылучаюцца тры асобныя этапы. На першым этапе (2011) ішла грамадзянская вайна паміж урадам Муамара Кадафі і сіламі лівійскай апазіцыі, што пры падтрымцы замежных інтэрвентаў завяршылася звяржэннем дзеючага рэжыму[⇨]. У другі этап (2012—2014) адбыўся фактычны распад краіны на шэраг самастойных утварэнняў, працягваліся ваенныя сутыкненні паміж рознымі фракцыямі і групоўкамі[5][⇨]. Іх барацьба прывяла да стварэння двух лівійскіх урадаў у гарадах Трыпалі і Табрук, з чаго пачаўся трэці этап (2014—2020)[6][7][⇨]. На такім фоне набралі сілу розныя ісламарадыкальныя групоўкі, найбольш моцнай з якіх стала «Ісламская дзяржава»[⇨]. Бакамі канфлікту і міжнароднай супольнасцю былі зроблены шматлікія спробы пакласці канец ваенным дзеянням і аб’яднаць краіну[⇨]. Толькі ў 2020—2021 гадах атрымалася дасягнуць рэальнага перамір’я, адначасова сфармаваўшы адзіны часовы ўрад. Тым не менш сітуацыя ў Лівіі застаецца напружанай з-за прысутнасці замежных узброеных фарміраванняў і жадаючых працягнуць вайну[⇨].