From Wikipedia, the free encyclopedia
Лявонцій Ульянавіч Здане́віч (нар. 10 чэрвеня 1955, в. Аркадзія, Брэсцкі раён, Брэсцкая вобласць, цяпер у межах Брэста) — беларускі архітэктар і палітык.
Лявонцій Ульянавіч Зданевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 чэрвеня 1955 (69 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Нарадзіўся 10 чэрвеня 1955 года ў вёсцы Аркадзія Брэсцкага раёна (з 2007 г. у межах Брэста)[1].
У 1978 годзе скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут па спецыяльнасці «архітэктар». Вучыўся ў А. Д. Кудзіненкі, М. М. Суцягіна, М. М. Гайдуковіча. Працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект», з 1986 года — галоўны архітэктар праектаў i член Саюза архітэктараў БССР[1].
Займаецца грамадскай і палітычнай дзейнасцю. У 1990—1995 гадах быў народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь ХІІ склікання[1] ад Машэраўскай акругі № 39 горада Мінска[2]. Паводле ўспамінаў Зданевіча змаганне за мандат было жорсткае[3]:
Мой супернік, Ганчарык Уладзімір Іванавіч, які ўзначальваў тады беларускія прафсаюзы, альбо ягоныя памагатыя, выкарысталі ўсе — і нават брудныя — магчымасці супраць мяне. Але гэта спрацавала наадварот. (…) Я ўжо апошнім абіраўся, і змаганне было жорсткае, таму што ў партыйных органах было шмат рэзерваў. Усе выбары скончыліся, адна толькі акруга засталася ў Мінску, і на яе накіравалі ўсе сілы. Міліцыя заходзіла ў кожную кватэру, каб агітаваць супраць мяне. Мне пра гэта казаў ужо пасля дэпутат Цесавец, які ў зале паседжанняў сядзеў побач са мной. А ў апошнія дні супраць мяне аж тры лістоўкі, вельмі брудныя, непрыгожыя, раскідалі… |
У 1990-я гады быў членам Камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сяла і горада, Камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, Камісіі па забяспячэнню адзінай палітыкі выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета РБ[1], Часовай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі ацэнцы дзейнасці службовых і іншых адказных асоб у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Канстытуцыйнай Камісіі. Член Ценевага кабінета (урада) Апазіцыі БНФ. Браў удзел у распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, а таксама ў падрыхтоўцы законапраектаў да надзвычайнай сесіі Вярхоўнага Савета 24-25 жніўня 1991 года, у ходзе якой была абвешчана незалежнасць Беларусі. Сааўтар Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР на рыначную эканоміку (восень 1990), Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (вясна 1992), Асноўных накірункаў рэформаў для выхаду з крызісу — перадвыбарчая эканамічная платформа БНФ «Адраджэньне» (вясна 1995). Адказны за распрацоўку шэрагу законапраектаў аб зямлі (Зямельны кодэкс і інш.), якія прадугледжвалі перадачу зямлі ва ўласнасць грамадзянам (кастрычнік 1990), сааўтар іншых законапраектаў[2][1].
Зянон Пазняк у сваіх успамінах пра пачатак 1990-х гадоў апісаў Зданевіча наступным чынам[4]:
(…) малады архітэктар, творчая асоба (…) меў дзве зацікаўленасці і без перабольшання скажу – два захапленні: архітэктуру і зямлю. Зямлю ён любіў, ведаў, разумеў, вывучаў заканадаўства пра зямлю, умеў яе апрацоўваць, вырошчваў дзіўныя расліны, памідоры па паўпуда і агуркі, як дом (гэта, вядома, перабольшаньне, але не нашмат). Ад любові да зямлі і разумнага да яе падыходу было і такое глыбокае веданне зямельнага права. |
Удзельнік галадоўкі 11-12 красавіка 1995 г. у Авальнай зале, абвешчанай ў знак пратэсту супраць ініцыяванага Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай і змяненні дзяржаўных сімвалаў — герба «Пагоня» і бела-чырвона-белага сцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве Прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет[2]. Удзельнікі галадавання былі жорстка збітыя і выведзеныя з Дома ўрада, ужо 13 красавіка дэпутаты Вярхоўнага Савет, без фракцыі апазіцыі БНФ, прынялі з пастанову аб правядзенні рэферэндуму[5].
Член Савета заснавальнікаў Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва»[6].
У 1999—2009 гадах дырэктар, галоўны архітэктар УП «ТМ архітэктара Зданевіча Л. У.»[7]. Асноўныя напрамкі дзейнасці майстэрні: праектаванне жылых і грамадскіх будынкаў, дызайн інтэр’ераў, ландшафтны дызайн, малыя архітэктурныя формы. Асаблівая тэма — індывідуальныя жылыя дамы, якія майстэрня, як правіла, распрацоўвае комплексна з участкам, унутраным і вонкавым дызайнам[1].
З 2012 года з’яўляецца членам Савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз архітэктараў»[1].
Асноўныя творчыя працы Л. У. Зданевіча: будынак пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь па вуліцы Старавіленскай, яго інтэр’еры і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі (1995—2000, сааўтары М. М. Пірагоў, К. А. Філіповіч[7]); рэканструкцыя комплексу будынкаў Упраўлення Беларускай чыгункі па вуліцы Леніна, 17 (2002—2006, у сааўтарстве з М. С. Раманоўскім, А. М. Сарайкіным[7]); жылая індывідуальная забудова квартала Вялікая Сляпянка, квартал № 5 (1998—2000); забудова пасёлка Сонечны Мінскага раёна на землях вучгаса імя Фрунзэ (2006—2014); рэканструкцыя будынка ў Мінску па вуліцы Сурганава, 54; індывідуальныя жылыя дамы ў Мінску і Мінскім раёне (2000)[1], ландшафтны дызайн, інтэр’еры[7].
Л. У. Зданевіч удзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, на якія прадставіў, напрыклад, праекты: Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь (1994, сумесна з архітэктарам М. М. Піраговым), парк «Даліна смерці» мемарыяльнага комплексу «Трасцянец» (2-е месца; 2004, сумесна з архітэктарам Д. А. Цяльцовым)[1].
Разам са скульптарам Канстанцінам Селіханавым з’яўляецца аўтарам помніка журналісту Ігару Герменчуку (1961—2002) на Усходніх могілках г. Мінска (2004)[1]. Л. У. Зданевіч распрацаваў вобразнае і аб’ёмна-прасторавае рашэнне Палаца Рэспублікі (1986—2001, у складзе аўтарскага калектыва М. М. Пірагоў (кіраўнік); В. М. Данілаў, А. Шабалін і іншыя) з абгрунтаваннем горадабудаўнічага рашэння для канкрэтна прынятага месца прывязкі (распрацоўка эскізаў, макетаў аб’ёмнага і горадабудаўнічага рашэння розных варыянтаў).[1].
У 1992 годзе ажаніўся з Аленай Зданевіч, з якой мае чацвёра дзяцей. Дзве старэйшыя дачкі, Надзея і Марыя (працуе разам з бацькам), сталі архітэктарамі, сын Уладзімір — будаўніком[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.