From Wikipedia, the free encyclopedia
Далга́ны (саманазва долган, таксама тыакіхі, саха) — народ, карэнныя насельнікі Паўночнай Сібіры.
Далганы (долган) | |
Далганская пісьменніца Агдо Аксёнава | |
Агульная колькасць | 7885 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Расія |
Мова | далганская |
Рэлігія | Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | якуты |
Жывуць пераважна ў Краснаярскім краі і Рэспубліцы Саха (Расія). Агульная колькасць у Расіі (2010 г.) — 7 885 чал.[1] У 2009 г. у Беларусі жыў 1 чал., які вызначаў сваю этнічную тоеснасць як далган[2].
Далганы — адна з найбольш маладых этнічных супольнасцяў Сібіры. Лічыцца, што склаліся на працягу XVIII — XIX стст. з прадстаўнікоў якутаў, эвенкаў, рускіх затундраных сялян. Размаўляюць на цюркскай мове, блізкай да якуцкай, аднак назва народа паходзіць ад назвы эвенкскага рода далган, дангот[3]. Нягледзячы на тое, што праблема паходжання далганаў лічыцца дэталёва распрацаванай[4], існуюць дыскусіі аб важнасці ўплыва той ці іншай групы стваральнікаў далганскага этнаса. Так, частка даследчыкаў прызнае вядучую ролю эвенкаў[5], што, аднак, супярэчыць дадзеным антраполагаў. Генетыкі таксама адзначаюць блізкасць далганаў да суседзяў-самадыйцаў[6].
У мінулым для далганаў быў характэрны качавы лад жыцця, які асобныя групы часткова захоўваюць і ў нашы дні. Асноўныя заняткі — аленегадоўля, паляванне на дзікіх аленяў і футравых звяроў, рыбалоўства. Вызначальна, што роля аленегадоўлі ў нашы дні неістотная, статкі свойскага аленя скарацілася ў дзясяткі разоў.
На поўдні тэрыторый свайго рассялення далганы здаўна будавалі хаты па рускім узоры. Качэўнікі ўзводзілі чумы па эвенкскім і якуцкім узорам. Вельмі распаўсюджаная форма жытла — бало́к, чум, усталяваны на нарты.
Народная вопратка ўключае сакуі, глухую футравую адзежу з каптуром, тканныя спадніцы, кашулі, капялюшы бэрсегэ, скураныя боты, якія па-мастацку ўпрыгожваюцца бісерам і аплікацыямі. У нашы дні народную вопратку на святы часцей апранаюць жанчыны, чым мужчыны.
Асноўная сацыяльная адзінка — малая нуклеарная сям'я. Падзел на роды прынцыпіяльнага значэння не мае.
Далганскі фальклор прадстаўлены казкамі, легендамі, эпічнымі казаннямі, песнямі. Распаўсюджаны танец карагоднага тыпу хейро. Папулярныя святы — вясновы хейро, дні аленявода і рыбака.
Далганская мова блізкая да якуцкай. Вылучаюць 3 асноўныя дыялекты. Пісьмовасць на аснове кірыліцы. Далганская мастацкая літаратура прадстаўлена пераважна паэзіяй і прозай. Пачынальніцай прафесійнай далганскай літаратуры лічыцца пісьменніца Агдо Аксёнава (1936—1995).
Большасць вернікаў — праваслаўныя. Захаваліся некаторыя анімістычныя звычаі, у тым ліку шанаванне духаў прыродных аб’ектаў сайтан. У мінулым далганскія шаманы лічыліся даволі аўтарытэтнымі ў справах барацьбы з хваробамі і злымі духамі сярод суседзяў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.