Гродна
горад у Беларусі / From Wikipedia, the free encyclopedia
Гро́дна[~ 1][6] (трансліт.: Hrodna) — горад абласнога падпарадкавання на захадзе Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Гродзенскай вобласці і Гродзенскага раёна. Размешчаны ў заходняй частцы вобласці, на рацэ Нёмане, на мяжы з Польшчай і Літвой (за 15 і 30 км адпаведна). Вузел чыгунак на Вільнюс (Літва), Масты, Беласток (Польшча), аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт.
Горад
Гродна
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Гродна — адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі. Упершыню згаданы пад 1128 годам у Іпацьеўскім летапісе[7]. З сярэдзіны XIII стагоддзя ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1376 годзе Гродна вылучана ў асобнае ўладанне князю Вітаўту. У 1795 годзе Гродна далучана да Расійскай імперыі, з 1801 года цэнтр Гродзенскай губерні. Горад быў цэнтрам паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі. У ліпені 1920 года ўстаноўлена савецкая ўлада, але ў кастрычніку 1920 года горад заняты польскімі войскамі, заставаўся ў складзе Польскай Рэспублікі да верасня 1939 года, калі горад заняла Чырвоная Армія. 23 чэрвеня 1941 года Гродна захоплена нямецкімі войскамі, а 16 ліпеня 1944 года ў ходзе аперацыі «Баграціён» у горад увайшлі савецкія войскі.