Германская медыятызацыя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Медыятызацыя ў Германіі (ням.: Reichsdeputationshauptschluss) — рэарганізацыя палітычных адзінак, якія складалі Свяшчэнную Рымскую імперыю, якая была ажыццёўлена ў 1803—1806 гадах пад кіраўніцтвам напалеонаўскага міністра Талейрана. У выніку рэформы колькасць нямецкіх дзяржаўных утварэнняў паменшылася амаль у дзесяць разоў:
- Секулярызацыя: скасаваны былі ўсе «імперскія» (падпарадкоўваліся непасрэдна імператару) біскупствы і абацтвы. Заключная пастанова імперскай дэпутацыі (1803) прадугледжвала захаванне архібіскупстваў Зальцбургскага і Рэгенсбургскага, а таксама ўладанняў тэўтонскіх і мальтыйскіх рыцараў, аднак і яны зніклі з карты Еўропы да канца напалеонаўскіх войнаў.
- Скасаваны ўсе вольныя і імперскія гарады, за выключэннем чатырох — Франкфурта, Гамбурга, Брэмена і Любека.
- Буйнейшыя дзяржавы паглынулі тэрыторыю некалькіх сотняў дробных графстваў і княстваў — такіх, як раздробненыя паміж некалькімі ўладальнікамі Гогенлоэ, Сольмс, Лейнінген, Сайн-Вітгенштэйн, Зальм, Ізенбург, Шонбург.
Медыятызаваныя арыстакраты апыняліся падпарадкаванымі ўладзе імператара не непасрэдна, як раней, а праз пасрэдніцтва кіраўніка буйнейшай дзяржавы, захоўваючы пры гэтым юрыдычнае з ім раўнапраўе. За кошт паглынання тэрыторыі дробных княстваў Напалеон нарасціў тэрыторыю сваіх саюзнікаў, і ў першую чаргу Баварыі і Бадэна.
Шматлікія з дзяржаў, якія выстаялі падчас медыятызацыі, павялічылі свой статус — замест княстваў сталі герцагствамі або вялікімі герцагствамі, а замест курфюрстваў — каралеўствамі. У 1806 годзе яны аб'ядналіся ў Рэйнскі, а ў 1815 годзе — у Германскі саюз. Тым самым быў адкрыты шлях да даўно наспелага аб'яднання Германіі.