Гедройцы
княжацкі род / From Wikipedia, the free encyclopedia
Гедройцы — княжацкі род, прадстаўнікі якога займалі высокія дзяржаўныя, царкоўныя і ваенныя пасады ў ВКЛ. Карысталіся гербам «Порай», пазней — таксама і адменаю герба «Кітаўрас».
З удзельных князёў, уладанні якіх знаходзіліся ў Гедройцах і іх ваколіцах на поўнач ад Вільні. Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, гісторыкаў М. Стрыйкоўскага і А. Каяловіча, Гедройцы паходзяць ад легендарнага Даўспрунка, што прыбыў у Літву з Палемонам. Нібыта нашчадак Даўспрунка Гедрус (або Даўмонт) заснаваў Гедройцы і назваўся князем Гедройцкім. Нягледзячы на фантастычнасць гэтых звестак, магчыма, што Гедройцы паходзілі з княжацкай дынастыі, што кіравала ў Літве да Гедзімінавічаў. З 16 ст. карысталіся прыдомкам Даўмонт, што павінна было сведчыць пра іх старажытнае княжаскае паходжанне. Першае дакументальнае ўпамінанне Гедройцаў адносіцца да 1399, калі Вітаўт разглядаў іх судовую справу з віленскім біскупам. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года прынялі герб «Порай». У першай палове 15 ст. жылі князі Война, Гоюл і Ягайла Гедройцы, якія падпісалі як сведкі міжнародныя акты Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча. Ужо ў 16 ст. род Гедройцаў моцна разгалінаваўся, многія яго прадстаўнікі страцілі княжацкі тытул. Паводле попіса войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года ваеннаабавязанымі былі 85 Гедройцаў (князі і баяры), якія выступалі на вайну асобнай харугвай. Адна з княжацкіх ліній роду Гедройцаў карысталася прозвішчам Юрага. У 15 ст. ў Кракаўскім універсітэце вучыліся 6 Гедройцаў.