From Wikipedia, the free encyclopedia
Германія адносіцца да ліку самых буйных па плошчы краін Еўропы. Прырода Германіі разнастайная і моцна зменена чалавечай дзейнасцю. У рэльефе краіны выдзяляюць тры прыступкі: нізіна на поўначы, невысокія старыя горы ў цэнтральнай частцы, на поўдні праходзіць горная сістэма Альпаў. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага, з адносна цёплай зімой і прахалодным летам. Галоўныя рэкі цякуць з поўдня на поўнач — гэта Одэр, Эльба, Рэйн. Жывая прырода за доўгую гісторыю асваення моцна пацярпела ад чалавека, аднак сёння Германія адносіцца да ліку краін з найбольш прагрэсіўным экалагічным заканадаўствам.
Германія займае цэнтральнае становішча ў заходняй Еўропе. Германія мяжуе з дзевяццю краінамі: з Даніяй на поўначы (працягласць агульнай мяжы — 67 км), з Польшчай (442 км) на паўночным усходзе і з Чэхіяй (811 км) на ўсходзе, з Аўстрыяй (815 км) на паўднёвым усходзе, са Швейцарыяй (316 км) на поўдні, з Францыяй (448 км) на паўднёвым захадзе, з Люксембургам (135 км) і Бельгіяй (156 км) на захадзе і з Нідэрландамі (567 км) на паўночным захадзе. Агульная працягласць мяжы складае 3757 км. Частка межаў праходзіць па вялікіх рэках: польская мяжа — па Одэры (Одры), швейцарская і французская — па Рэйне. Паўднёва-ўсходнія і паўднёвыя рубяжы адзначаны гарамі: Багемскі лес і Рудныя горы на мяжы з Чэхіяй, Альпы — з Аўстрыяй і Швейцарыяй. На поўначы Германія мае выхад да Балтыйскага і Паўночнага мораў. Паміж морамі пракапаны Кільскі канал. Паўночнаморскае ўзбярэжжа вядома пад назвай Ватавага мора — тут у шырокай прыліўнай паласе чаргуюцца балоты і пясчаныя выспы.
Проста насупраць Ватавага мора, якое працягваецца і ў Нідэрландах з Даніяй, знаходзяцца Фрызскія астравы. Паўночна-Фрызскія астравы, што ўзніклі ў выніку прасядання глебаў і наступнага затаплення ўзбярэжжа, а Усходне-Фрызскія астравы — у выніку прасядання алювіяльных глеб з-за паралельных плыняў, хваль і высокага узроўню асадкаў, што ў рэшце рэшт прывяло і да іх аддзялення ад мацерыка. Размешчаны сярод Нямецкай Бухты востраў Гельгаланд з’яўляецца самым аддаленым нямецім востравам з пастаяным насельніцтвам.
Самыя вялікія астравы ў Балтыйскім моры (з захаду на ўсход): Фёмарн, Пёль, Хідэнзэе, Руген і Узэндом. Руген з’яўляецца самым вялікім нямецкім востравом па плошчы. А самы вялікі паўвостраў — Фішланд-Дарс-Цынгіс. Усе астравы, акрамя Фемарна, з’яўляюцца часткай Бодэнскага ўзбярэжжа і былі створаны ў працэсе затаплення дновых марэн.
Глядзіце таксама: Спіс астравоў Германіі.
Тэрыторыя Германіі знаходзіцца на сутыку геалагічна старажытных (дакебрыйскіх) пліты Усходне-Еўрапейскай платформы (на поўначы і паўночным усходзе) і яе Балтыйскага шчыта (на поўначы) са складкаватымі абласцямі: геалагічна маладой (кайназойскай) Альпійска-Карпацкай горнай сістэмай на поўдні і старажытнай герцынскай на захадзе. Германію можна падзяліць на тры геалагічныя рэгіёны: Цэнтральна-Еўрапейская Дэпрэсія, Цэнтральныя Еўрапейскія блокі і Альпы. Дэпрэсія суадносіцца з плітой платформы, што адчувае апусканне. Блокі з’яўляюцца ў геалагічным паняцці часу сярэдняга ўзросту і былі створаны на Усходне-Еўрапейскай платформе ў працэсе акрэцыі падчас палеазою, Альпы адносяцца да Альпійска-Гімалайскага пояса.
Тэрыторыя Германіі падзяляецца на тры буйныя шыротнаарыентаваныя вобласці, такі характар рэльефу абумоўлены геалагічнай будовай.
Германія, як і ўся Заходняя Еўропа, адрозніваецца ўмераным марскім кліматам з агульнай заходняй цыркуляцыяй атмасферы. Паколькі ўзімку воды Паўночнай Атлантыкі цяплейшыя, чым суша, цёплае паветра распаўсюджваецца ў Еўропе, забяспечваючы тэмпературы нашмат вышэй сярэдніх для дадзеных шырот. На ўсход і на поўдзень клімат становіцца больш кантынентальным. Халоднае палярнае паветра, пранікаючы да поўдня, прыціскаецца да паверхні, а цёплае паветра рухаецца на поўнач і зацягваецца ў вільготныя катлавіны.
Нізкія тэмпературы назіраюцца пры распаўсюджванні над Еўропай антыцыклона, які прыносіць масы халоднага паветра з Сібіры. У такіх сітуацыях тэмпературы на Паўночна-Германскай нізіне могуць панізіцца да −12 °C. У цэлым узімку тэмпературы памяншаюцца да ўсходу: сярэдняя ізатэрма студзеня 0 °C праходзіць па лініі Любек — Бон. На поўдні краіны тэмпературы паніжаюцца за кошт большых вышынь. Снежны полаг звычайна трымаецца 20-25 дзён на поўначы, больш 40 дзён у паўднёвай Баварыі і звыш 100 дзён у Альпах і на вяршынях Шварцвальда.
Улетку сітуацыя процілеглая. Тэмпературы падвышаюцца ў паўднёвым кірунку, і самыя высокія паказчыкі адзначаюцца на Верхнерэйнскай нізіне. Сярэдняя тэмпература ліпеня там 19 °C. Летнія тэмпературы на Паўночна-Германскай нізіне павышаюцца на ўсход і паўднёвы ўсход. Сярэдняя тэмпература ліпеня ў Берліне 18,5 °C.
Сярэднія гадавыя сумы ападкаў на Паўночна-Германскай нізіне дасягаюць максімуму парадку 750 мм на ўзбярэжжы Паўночнага мора і паступова памяншаюцца да ўсходу. На поўдзень ад нізіны ва ўмовах рассечанага рэльефу размеркаванне ападкаў ускладняецца: у гарах выпадае звыш 1000 мм, а часам да 2000 мм ападкаў, тады як у некаторых ізаляваных катлавінах за год выпадае не больш 500 мм. Гэткія жа малыя сумы ападкаў выпадаюць у паласе, змешчанай да поўначы ад Сярэднегерманскіх гор, у іх дажджавым ценю. На поўдні і ўсходзе максімум ападкаў прыходзіцца на лета, паўночна-заходнія прыморскія раёны атрымліваюць большую частку ападкаў узімку ва ўмовах мяккага надвор’я.
З шасці рэк з найбуйнейшымі басейнамі, Рэйн, Эльба, Везер, Эмс (Паўночне мора) і Одэр (Балтыйскае мора) належаць да рэк Паўночнай Атлантыкі; і толькі Дунай ўпадае ў Чорнае мора, якое гідраграфічна мае сувязь з Міжземным морам. Вадазборы гэтых двух сістэм падзяляюцца адзін ад аднаго Галоўным Еўрапейскім водападзелам.
Самая вялікая і славутая рака Германіі — Рэйн, які жывіцца ад велізарнага веера прытокаў у перадгор’ях Альпаў. Паміж Бінгенам і Бонам гэтая рака праразае глыбокую цясніну ў Рэйнскіх Сланцавых гарах, далей выходзіць на Паўночна-Германскую нізіну і ўпадае ў Паўночнае мора. Амаль палову сцёку Рэйн атрымлівае з Альпійскай вобласці. У пачатку лета адбываецца разводдзе, абумоўленае раставаннем снега ў гарах. Горы Сярэдняй Германіі, адкуль паступае другая палова сцёку, маюць цалкам іншы рэжым з максімумам сцёку ўзімку, калі выпарэнне мінімальнае. Спалучэнне гэтых двух крыніц забяспечвае Рэйну не толькі багаты, але і рэгулярны сцёк, што вельмі спрыяльна для суднаходства.
Большасць іншых рэк краіны пачынаецца ў гарах Сярэдняй Германіі. У асноўным гэта прытокі Рэйна, але ёсць і самастойныя рэкі, напрыклад Везер і Эльба, якія нясуць свае воды ў Паўночнае мора. Паколькі жыўленне ад снягоў Альпійскай вобласці адсутнічае, на гэтых рэках у канцы лета і ўвосень назіраецца межань. Одэр і яго асноўны прыток Нейсэ таксама бяруць пачатак у горах Сярэдняй Германіі. На поўдні краіны ў Шварцвальдзе пачынаецца і цячэ на ўсход Дунай. Яго водны рэжым фармуецца ў асноўным пад уплывам правых прытокаў (Ізар, Ін, Вертах), якія бяруць пачатак у Альпах. Летнія паводкі і зімовая межань ствараюць неспрыяльныя ўмовы для навігацыі.
Натуральныя азёры ў асноўным ледавіковага паходжання. Ледавікі ўтварылі вялікую частку буйных азёр у перадгор’ях Альпаў, у Гальштынскай Швейцарыі (горныя) і ў Мекленбургу (старажытныя покрыўныя). Самым вялікі возерам, якое цалкам ляжыць на нямецкай тэрыторыі, з’яўляецца возера Мюрыц — частка Мекленбургскага паазёр’я. А самым вялікім памежным возерам, большая частка якога належыць Германіі, з’яўляецца Бодэнскае возера, акваторыя якога належыць таксама Аўстрыі і Швейцарыі.
Найбуйнейшыя і найбольш вядомыя астравы ва ўнутраных водах (азёрах або рэках) гэта — Райхенау, Майнау, Ліндау, а таксама Херэнінзэль у Кімзэ.
Разнастайнасць глебаў залежыць пераважна ад мясцовых мацярынскіх парод і характару карэннага расліннага полага. Пясчаныя субстраты Паўночна-Германскай нізіны моцна вышчалачаны, асабліва пад верасоўнікамі і хваёвымі лясамі. Гэтыя бедныя кіслыя падзолістыя глебы не спрыяльныя для вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Ёсць буйныя арэалы кіслых балотных глеб. Глебы прыбярэжных маршаў пасля правядзення меліярацыі становяцца ўрадлівымі.
Глебы гор Сярэдняй Германіі вельмі разнастайныя. Трывалыя карэнныя пароды горных масіваў доўгі час падвяргаліся выветрыванню ва ўмовах прахалоднага вільготнага клімату, і там сфармаваліся вышчалачаныя кіслыя бурыя лясныя глебы, якія часам утрымоўваюць шмат камянёў. Яны выкарыстоўваюцца пад пашы або лясы. Самыя ўрадлівыя глебы распаўсюджаныя на нізінах і рачных тэрасах, асабліва пры наяўнасці лёсавых адкладаў, — гэта чарназёмы, якія сустракаюцца на ўсход ад Гарца і ў Цюрынгіі і пераходзяць у бурыя лясныя глебы. У мінулым гэтыя раёны былі пакрыты шыракалістымі лясамі, у значнай ступені зведзенымі. Тут размешчаныя лепшыя ворныя землі. Глебы групы буразёмаў распаўсюджаныя на марэнных раўнінах усходняга Шлезвіг-Гальштэйна і перадгорных раўнінах Баварыі. Глебы Альп адрозніваюцца ў залежнасці ад вышыннага становішча мясцовасці і стромкасці схілаў. Гэта маламагутныя камяністыя глебы, вышчалачанасць якіх узрастае з вышынёй.
Германія цалкам знаходзіцца ва ўмеранай кліматычнай зоне. Таму, у асноўным, яе флора будзе прадстаўлена раслінамі шыракалістых і змешаных лясоў. Лакальна флора Германіі ў значнай ступені дыверсіфікавана такімі фактарамі, як геаграфічнае, геалагічнае і метэаралагічнае размяшчэнне. Расліннасць з захаду на ўсход мяняецца з-за пераходу ад марскога клімату да кантынентальнага. Агульная колькасць дзікіх відаў раслін у Германіі ацэньваюць у 9.500 відаў. Акрамя таго, расце каля 14.000 відаў грыбоў.
У густанаселенай Германіі, дзе карэнныя лясы былі альбо зведзеныя, альбо замененыя лесапасадкамі (пад лесапасадкі адводзяцца бяднейшыя землі, асабліва хвоі., натуральная расліннасць амаль не захавалася. Карэнныя лясы з дуба і бярозы на поўначы краіны на працягу стагоддзяў былі замешчаныя арэаламі апрацаваных земляў у атачэнні пашаў-верасоўнікаў. У цяперашні час верасоўнікі прадстаўленыя толькі ў запаведніках.тНізкагор’і Сярэдняй Германіі пакрытыя пышнымі букавымі лясамі, якія чаргуюцца з буйнымі масівамі пасадак яловых лясоў. На пясчаніках з’яўляецца хвоя.
У больш высокіх гарах Сярэдняй Германіі і ў Альпах букавыя лясы з вышынёй змяняюцца букава-піхтавымі, а затым яловымі. У самых высокіх масівах, а таксама ў Альпах вышэй 2200—2800 м растуць травы, лішайнікі і імхі. Здзіўляе багацце кветкавых раслін.
Флора Германіі, як і ў большасці краін умеранага кліматычнага пояса, застаецца аднароднай і без значнага ўплыву чалавека. Выключэннямі з гэтага правіла будуць толькі ўзбярэжжы рэк і азёр (не багатыя пажыўнымі рэчывамі), вельмі сухія месцы, верасовыя нізіны (пусткі) і балоцістая мясцовасць, а таксама альпійскія (Баварскія Альпы) і субальпійскія (Шварцвальд, Гарц і Усходнія Рудныя горы) вяршыні, на тэрыторыі якіх вельмі кепскія кліматычныя ўмовы для жыццядзейнасці якой-небудзь расліннасці.
Сярод самых характэрных жывёл у лясах Германіі вылучаюцца вавёрка, дзік і лісіца. Звычайныя высакародны алень, казуля і лань. На высечках прыжыліся зайцы, трусы і іншыя грызуны, замест лясных птушак там распаўсюджваюцца тыповыя для адкрытых прастораў і жывых загарадзяў віды. На альпійскіх лугах жыве сурок. Забруджванне рэк пагражае існаванню выдры. Вільготныя раёны па берагах Балтыйскага і Паўночнага мораў маюць важнае значэнне для пералётных птушак Еўропы, асабліва качак, гусакоў і балотных птушак. На дахах паўночнай Германіі часам можна ўбачыць гнёзды буслоў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.