From Wikipedia, the free encyclopedia
Бітва пад Маладзечнам, Бітва пад Капачамі — сутыкненне войск Свідрыгайлы з войскам Жыгімонта Кейстутавіча ў часе грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім 1432—1438 гадоў.
Бітва пад Маладзечнам | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1432—1438 гадоў | |||
Дата | ліпень 1433 | ||
Месца | в. Капачы пад Маладзечнам | ||
Вынік | Перамога Свідрыгайлы. Жыгімонт Кейстутавіч збег з Вільні | ||
Змены | Свідрыгайла часова захапіў Маладзечанскую і Мінскую зямлю ў Жыгімонта | ||
Праціўнікі | |||
Камандуючыя | |||
|
|||
Вайна выбухнула ў абставінах агульнай палітычнай напружанасці ў ВКЛ у 1-й чвэрці XV стагоддзя, а непасрэдным повадам стаў палітычны крызіс пасля смерці вялікага князя Вітаўта і ўзброены канфлікт з-за кантролю над Падоллем. Вітаўт памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. яго адзіная дачка Соф’я выйшла замуж за маскоўскага князя Васіля I, ад якога мела толькі аднаго ацалелага сына Васіля II. Аднак ён быў праваслаўным і не мог узначаліць нядаўна ахрышчаную Літву[1].
Прадметам вайны стала палітычнае ўладкаванне ВКЛ ва ўмовах крызісу палітычнай сістэмы, утворанай Востраўскім пагадненнем (1392) і Гарадзельскім актам (1413).
Свідрыгайла, карыстаючыся пераважна падтрымкай праваслаўных феадалаў, стаў вялікім князем. Гэта супярэчыла ўмовам Гарадзельскай уніі 1413 года, паводле якой літоўцы не маглі абіраць князя бяз згоды польскай дзяржавы[1].
Канфлікт набыў характар грамадзянскай вайны ў 1432 годзе, калі пры дапамозе палякаў другі кандыдат на літоўскі пасад — Жыгімонт Кейстутавіч — здзейсніў замах на Свідрыгайлу, абвясціў яго мёртвым і быў абраны вялікім князем літоўскім. У якасці вялікага князя Жыгімонт быў прызнаны пераважны на заходніх землях дзяржавы, якія некалі належалі яго бацьке, у той час як Свідрыгайла, якому ўдалося пазбегнуць смерці, асталяваўся ва ўсходніх землях Вялікага Княства Літоўскага, дзе мясцовая шляхта працягвала прызнаваць вялікім князем менавіта яго.
У ліпені 1433 года Свідрыгайла, сабраўшы шматлікае войска, распачаў чарговы спусташальны паход на землі, якія прызнавалі ўладу Жыгімонта Кейстутавіча. Вялікі князь Барыс Аляксандравіч Цвярскі (1426—1461) другасна даслаў на дапамогу Свідрыгайлу Альгердавічу вялікае цвярское войска пад правадырствам свайго малодшага брата, князя Яраслава гарадзенскага. Магістр Лівонскага ордэна Франк фон Кірскорф (1433—1435) са сваім войскам паабяцаў злучыцца з раццю Свідрыгайлы для сумеснага паходу ў землі Жыгімонта. Хутка войска Свідрыгайлы, спусташаючы і руйнуючы навакольныя воласці і сёлы, у жніўні падступілі да Вільні і размясціліся лагерам у сяле Рудаміна. Ад Вільні Свідрыгайла з войскам рушыў на Старыя Трокі і ўзяў гэту крэпасць у аблогу. Пасля чатырохдзённай аблогі Старыя Трокі былі ўзяты прыступам і спалены. Затым Свідрыгайла ўзяў у аблогу і захапіў штурмам Каўнас, перабіўшы літоўска-польскі гарнізон[2]. Адтуль войскі Свідрыгайлы рушылі на замак Крэва, каб знайсці вялікага князя літоўскага Жыгімонта і яго войска. Насельніцтва Жамойтыі не жадала падтрымліваць Свідрыгайлу. Таму Свідрыгайла з раццю і велізарным палонам павярнуў назад. Узяты замак Каўнас Свідрыгайла Альгердавіч саступіў сваім саюзнікам, лівонскім рыцарам. У мястэчку Эйшышкі, пад Трокамі, Свідрыгайла знаходзіўся чатыры дні, пасля чаго адправіўся на Крэва і ўзяў у аблогу замак. Пасля двухдзённай аблогі Крэва было ўзята штурмам і выпалена, а шматлікія жыхары былі перабіты і захоплены ў палон[2]. Пасля гэтага Свідрыгайла накіраваўся ў Маладзечне.
У Маладзечне Свідрыгайла атрымаў паведамленне пра набліжэнне літоўскага апалчэння. Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч, пазнаўшы пра адступленне Свідрыгайлы з Крэва ў Маладзечна, адправіў з Вільні за ім у пагоню войска пад камандаваннем літоўскага ваяводы Пятра Мантыгірдавіча. Свідрыгайла неадкладна адправіў супраць войска Жыгімонта вялікае войска пад кіраўніцтвам кіеўскага ваяводы, князя Міхаіла Іванавіча Гальшанскага. Сам жа напалоханы вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч збег са сваёй сталіцы і атуліўся ў лясах.
У бітве каля вёскі Капачы, пад Маладзечнам, войска Свідрыгайлы пад камандваннем Міхаіла Гальшанскага нанесла адчувальную паражэнне войску Жыгімонта пад камандваннем Пятра Мантыгірдавіча[3]. Войскі Свідрыгайлы скарысталіся нявопытнасцю супернікаў і разграмілі апалчэнне Жыгімонта. У бітве загінулі і былі ўзяты ў палон шматлікія вяльможы і паны ВКЛ.
З Маладзечна Свідрыгайла разам з войскамі рушыў на Мінскую зямлю, якая прызнавала ўладу вялікага князя літоўскага Жыгімонта. Спачатку Свідрыгайла ўзяў у аблогу Заслаўль, які належаў Андрэю Заслаўскаму, які калісьці падтрымліваў Свідрыгайлу, але перайшоў на бок Жыгімонта. Пазнаўшы пра здраду заслаўскага князя, Свідрыгайла прыняў рашэнне пакараць яго і спаліць Заслаўль. Горад быў узяты штурмам, спустошаны і спалены, а жыхары захоплены ў палон. Адтуль Свідрыгайла рушыў на Мінск і абсадзіў гэты горад. Мінск быў узяты прыступам і спалены войскам Свідрыгайлы[2], пасля чаго Свідрыгайла рушыў на ўсход ВКЛ.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.