![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/60/Zvartnots_img_6965.jpg/640px-Zvartnots_img_6965.jpg&w=640&q=50)
Армянская міфалогія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Армянская міфалогія — комплекс міфалагічных уяўленняў армян. Вытокі армянскай міфалогіі сыходзяць да міфалогіі і вераванняў плямёнаў, якія жылі на Армянскім нагор'і і ўдзельнічалі ў этнагенезе армянскага народа (урумейцы, мушкі, якія ўварваліся ў 12 ст. да н. э. у межы асірыйскай правінцыі Шупрыа, хурыта-урарцкія плямёны і інш.). Матыў барацьбы паміж урумейцамі і Асірыяй, а з 9 ст. — паміж Урарту і Асірыяй ў мадыфікаваным выглядзе лёг у аснову многіх старажытнаармянскіх міфаў. Армянская міфалогія складвалася пад значным уплывам іранскай культуры (многія бажаствы армянскага пантэона — іранскага паходжання: Арамазд, Анахіт, Вахагн і інш.), семіцкіх міфалагічных уяўленняў (напрыклад Астхік, Баршамін, Нанэ). У эліністычную эпоху (3-1 стст. да н. э.) старажытнаармянскія бажаствы атаясамляліся з антычнымі багамі: Арамазд — з Зеўсам, Анахіт — з Артэмідай, Вахагн — з Гераклам, Астхік — з Афрадытай, Нанэ — з Афінай, Міхр — з Гефестам, Тыр — з Апалонам або Гермесам.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/b/b3/%D5%8E%D5%AB%D5%B7%D5%A1%D5%BA%D5%A1%D6%84%D5%A1%D5%B2.jpg/640px-%D5%8E%D5%AB%D5%B7%D5%A1%D5%BA%D5%A1%D6%84%D5%A1%D5%B2.jpg)
Пасля афіцыйнага прыняцця ў Арменіі хрысціянства (301) з'яўляюцца новыя міфалагічныя вобразы і сюжэты, старажытныя міфы і вераванні падвяргаюцца трансфармацыі. У армянскай міфалогіі біблейскія персанажы пераймаюць функцыі архаічных багоў, духаў, напрыклад Ян Хрысціцель (армянскі Карапет) — Вахагна, Тыра, архангел Гаўрыіл (Габрыел Хрэштак) — Вахагна, духу смерці Гроха. У познім сярэднявеччы частковае ўздзеянне аказалі міфалагічныя ўяўленні суседніх мусульманскіх народаў.
Асноўныя звесткі пра армянскую міфалогію захаваліся ў творах старажытнагрэчаскіх, візантыйскіх (Платон, Герадот, Ксенафонт, Страбон, Пракоп Кесарыйскі), сярэднявечных армянскіх (5 ст. — Моўсес Харэнацы, Агатангехас (Агафангел), Езнік Кохбацы, 7 ст. — Себеас, Ананія Шыракацы) аўтараў, а таксама ў позняй народнай традыцыі.