From Wikipedia, the free encyclopedia
Аляксе́й Яўла́мпавіч Туранко́ў (9 (21) студзеня 1886, Санкт-Пецярбург, Расія — 27 верасня 1958, Мінск) — беларускі кампазітар .
Аляксей Яўлампавіч Туранкоў | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 21 студзеня 1886 ці 9 студзеня 1886[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 верасня 1958[1] (72 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
З шматдзетнай сям’і дворніка. У 1892 годзе пасля раптоўнай смерці бацькі трапіў у гарадскі прытулак для дзяцей-сірот. У 1895 годзе — у школу т. зв. «салдацкіх дзяцей» пры адным з армейскіх палкоў, дзе вучыўся граць на духавых інструментах, скрыпцы і фартэпіяна. Быў прыхаджанінам палкавой царквы, спяваў у царкоўным хоры. У 1901 годзе (па рэкамендацыі рэгента) накіраваны на трохгадовыя курсы па падрыхтоўцы рэгентаў пры Імператарскай Прыдворнай пеўчай капэле, вывучаў музычна-тэарэтычныя прадметы (гармонію і контрапункт) у А. К. Лядава, наведваў рэгенцкі курс М. А. Сакалова. Адначасова залічаны ў школу прапаршчыкаў. У 1904—1909 гадах радавым салдатам адбываў вайсковую павіннасць. У 1909—1911 гадах зарабляў прыватнымі ўрокамі, спяваў у рэстаранах і царкоўным хоры. Страціў усіх родных — маці, 8 братоў і сясцёр. У 1911 годзе паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю на кампазітарскі курс А. К. Лядава, але неўзабаве пакінуў яе, бо не меў сродкаў плаціць за навучанне. Уладкаваўся альтыстам у першакласны сімфанічны аркестр Паўлаўска (цяпер тэрыторыя Пушкінскага раёна Санкт-Пецярбурга) пад кіраўніцтвам кампазітара і дырэктара Пецярбургскай кансерваторыі А. К. Глазунова. Пры падтрымцы апошняга зноў паступіў (з правам бясплатнага навучання) на кампазітарскае аддзяленне кансерваторыі. У 1914 годзе мабілізаваны на фронт.
Дэмабілізаваўся ў Гомелі, дзе ў 1918—1919 гадах удзельнічаў у заснаванні музычнай школы і Народнай кансерваторыі (у 1920 годзе ператворана ў Дзяржаўную музычную школу 1-й і 2-й ступені, у 1921 — у Дзяржаўны музычны тэхнікум), працаваў у гарадскім сімфанічным аркестры, загадваў музычнай секцыяй гарадскога аддзела народнай адукацыі, кіраваў самадзейнымі харавымі калектывамі. У 1934 годзе пераехаў у Мінск, працаваў артыстам аркестра радыёкамітэта, альтыстам у сімфанічным аркестры[3]. У 1938 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР першага склікання. Атрымаў ганаровае званне Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1940).
28 чэрвеня 1941 года пры спробе пакінуць горад разам з жонкай (В. І. Фалькоўскай) абстраляны нямецкім дэсантам. Жонка загінула, ён, паранены, вярнуўся дамоў, жыў у цешчы (медсястры Н. М. Фалькоўскай). У 1941—1944 гадах працаваў у Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску і выдавецтве Канстанціна Езавітава ў Рызе.[4] У 1943 годзе пабраўся шлюбам з Ксеніяй Якаўлеўнай Ваўчок.
Падчас няўдалай аперацыі па вываду кампазітара з горада да партызан быў схоплены і расстраляны сувязны партызанскага атрада. За гэта Туранкоў арыштаваны 22 чэрвеня 1944 года ў Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 23.6.1945 года як «памагаты нямецкіх акупантаў» да 10 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ў адзін з канцлагераў ГУЛАГа, дзе, паводле сведчання Антона Царанкова, ледзь не загінуў ад голаду. Вызвалены, напэўна, да 1947 года. Паводле іншых звестак, знаходзіўся ў лагерах да 14 жніўня 1954 года.[5] Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 21.10.1959 года.[6]
Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.
Адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў беларускай музыцы. Аўтар опер «Кветка шчасця» (лібрэта Вольгі Барысевіч, Петруся Броўкі і Пятра Глебкі, пастаўлена ў 1939 годзе), «Яснае світанне», балета «Лясная казка». Напісаў музыку да многіх драматычных спектакляў («Пінская шляхта» і інш.) і кінафільмаў. Аўтар апрацоўкі беларускіх народных песень.
Асаблівае значэнне ў яго творчасці мае опера «Кветка шчасця», якая вызначаецца паэтычнасцю, лірызмам, сувяззю з нацыянальным музычным фальклорам, дакладнасцю музычных характарыстык у абмалёўцы вобразаў, дасціпным народным гумарам[7].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.