From Wikipedia, the free encyclopedia
Альбрэхт Венцэль Эўсебіус фон Валенштайн (Вальдштайн) (ням.: Albrecht Wenzel Eusebius von Waldstein (Wallenstein), чэшск.: Albrecht (Vojtech) Václav z Valdštejna, 24 верасня 1583, Гержманіцы, Багемія (цяпер — Кралавеградзецкі край) — 25 лютага 1634, Хеб, Багемія) — імперскі генералісімус і адмірал флоту (21 красавіка 1628), выдатны палкаводзец Трыццацігадовай вайны. Герцаг Фрыдландскі і Мекленбургскі.
Альбрэхт фон Валенштайн | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Albrecht Wenzel Eusebius von Waldstein | |||||||
|
|||||||
Пераемнік | невядома | ||||||
Нараджэнне |
24 верасня 1583[1] ці 14 верасня 1583[2] |
||||||
Смерць |
25 лютага 1634[1][5][…] (50 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Вальдштайны | ||||||
Бацька | Wilhelm Waldstein[d] | ||||||
Маці | Margareta, Freiin Smirziczky von Smirzicz[d][6] | ||||||
Жонка | Anna Lukretia Nekesch von Landeck[d][7] і Elisabeth Harrach[d] | ||||||
Дзеці | сын (памёр у маленстве), дачка | ||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | ваенная справа[8][9] і палітыка[8] | ||||||
Род войскаў | Imperial Army[d] | ||||||
Званне | генералісімус | ||||||
Бітвы | |||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Валенштайн быў звольнены з вайсковай службы 13 жніўня 1630 года пасля таго, як імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанда II пачалі непакоіць амбіцыі генералісімуса. Аднак некалькі паражэнняў ад пратэстанцкіх армій вымусілі імператара Фердынанда зноў прызваць Валенштайна на вайсковую службу, што дазволіла пераламаць ход вайны на карысць імператара. Незадаволены тым, як імператар паставіўся да яго, Валенштайн пачаў разглядаць магчымасць саюза з пратэстантамі. Аднак ён быў забіты адной са службовых асоб арміі, якую звалі Уолтэр Дэвера.
Валенштайн належаў да старажытнай чэшскага дваранскага роду Вальдштайнаў, якая вызнавала пратэстанцкую веру, але пасля смерці бацькі, на 16-м годзе свайго жыцця, быў аддадзены ў езуіцкае вучылішча ў Ольмюцы і там перайшоў у каталіцтва. Скончыўшы ўніверсітэт у Альтдорфе і здзейсніўшы затым падарожжа па Італіі, Францыі, Нідэрландах і Германіі, ён у 1606 годзе вярнуўся на радзіму, уступіў у шэрагі імперскіх войскаў, якія дзейнічалі ў Венгрыі, і за заслугі пры аблозе Грана атрымаў капітанскі чын[10].
Пасля заключэння міру Валенштайн вярнуўся ў Багемію і ажаніўся з багатай пажылой удавой, якая ў 1614 годзе памерла бяздзетнай, пакінуўшы яму ўсю сваю маёмасць. Гэта і іншая спадчына, атрыманая тады ж ад дзядзькі, далі яму магчымасць адыгрываць важную ролю пры двары імператара Мацвея. У кароткачасовую вайну 1617 года паміж Венецыяй і герцагам Фердынандам Штырыйскім (будучым імператарам), Валенштайн сфарміраваў за свой рахунак атрад конніцы (200 чалавек) і прывёў яго да герцага, за што атрымаў ад яго вялікую ласку. Пры вызваленні Градзішкі ад аблогі, ён праявіў бясстрашнасць, а сваёй шчодрасцю, роўна як і клопатам пра войска, набыў такую вядомасць, што кожны лічыў за гонар служыць у яго атрадзе. Па заканчэнні паходу, ён быў прызначаны камандзірам палка земскай міліцыі ў Маравіі; неўзабаве пабраўся другім шлюбам з дачкой графа Гараха, саветніка і любімца імператара, прычым атрымаў графскую годнасць, званне канцлера і начальства над мараўскай міліцыяй.
Калі ў 1618 годзе разгарэлася паўстанне ў Маравіі і Багеміі, Валенштайн выратаваў з Ольмюца дзяржаўную казну, удзельнічаў са сфарміраваным ім кірасірскім палком у здушэнні паўстання і ачысціў усю краіну ад пратэстанцкіх войскаў, за што быў узведзены ў генерал-маёры з прызначэннем губернатарам Маравіі. У вайне з Габарам Бетленам, князем Трансільваніі, нанёс яму вырашальны ўдар — паражэнне пры Штандмюцы, а яго саюзніку, маркграфу брандэнбург-эгерндорфскаму — пры Крэмзіры (1621).
Павыкупляўшы ў Багеміі многія канфіскаваныя маёнткі і атрымаўшы ад імператара вялікі Фрыдландскі маёнтак на граніцы Сілезіі, у тым ліку Ліберац, Грабштэйн і Валечаў, Валенштайн стаў адным з найбагацейшых людзей у Аўстрыі. У 1623 годзе за перамогу над Габарам Бетленам яму было нададзена званне імперскага князя і герцага. У 1625 годзе, калі сродкі імператара для барацьбы з пратэстантамі зусім скончыліся, Валенштайн, які валодаў 30-мільённым станам, прапанаваў выставіць 50-тысячную армію за свой рахунак (з выплатай пасля), пры ўмове быць яе галоўнакамандуючым і ўтрымліваць яе кантрыбуцыямі з непрыяцельскіх зямель. Імператар пагадзіўся на гэта. Слава і шчодрасць Валенштайна хутка прыцягнулі пад яго сцягі мноства народа. З гэтай нованабранай арміяй ён разбіў Мансфельда, разграміў Мекленбург, Памеранію, Шлезвіг, Гальштынію, пры дапамозе Цілі нанёс рашучы ўдар датчанам, які вымусіў Хрысціяна IV заключыць у 1629 годзе мірны дагавор у Любеку.
Мекленбургскія ўладанні, якія Валенштайн заваяваў, перададзены былі яму імператарам, з тытулам герцага Мекленбургскага. Але па меры поспехаў Валенштайна, фанаберыстасць і пыха развіліся ў ім да края і наклікалі на яго нянавісць імперскіх князёў, абураных, акрамя таго, і насіллем яго войскаў. Саступаючы іх просьбам, выкладзеным на Рэгенсбургскім з’ездзе (1630), імператар пазбавіў Валенштайна начальства над каталіцкім ваярствам. Апошні прыняў гэту вестку з гордай абыякавасцю і, пакінуўшы армію, з’ехаў у Прагу, дзе зажыў прыватным жыццём.
Бяздзейнасць яго, аднак, працягвалася нядоўга; поспехі шведскага караля Густава Адольфа прымусілі імператара зноў звярнуцца па дапамогу Валенштайна, але той толькі пасля доўгіх просьбаў пагадзіўся (1632) прыняць начальства над арміяй. Згоду гэта ён абставіў такімі ўмовамі, якія давалі яму неабмежаваную і бескантрольную ўладу не толькі ў арміі, але і ў землях, якія яна займала. Набраўшы новыя палкі, Валенштайн узяў Прагу, ачысціў Багемію ад саксонскіх войскаў; але, рушыўшы затым у Баварыю, ён, нягледзячы на трайную перавагу сіл, тры месяцы прастаяў пад Нюрнбергам, занятым Густавам-Адольфам, і ад бою ўхіляўся. Пацярпеўшы затым паражэнне пад Лютцэнам, Валенштайн адступіў у Багемію, і, пераканаўшыся, што цяжка выцесніць шведаў з Германіі, вырашыўся дасягнуць гэтага пасродкам паступовага пазбаўлення іх саюзнікаў.
Для гэтага ён уступіў у перамовы з курфюрстам саксонскім і, працягваючы рашучыя ваенныя дзеянні супраць шведаў там, дзе мог біць іх па частках, даваў літасці іх пратэстанцкіх саюзнікаў у Германіі. Гэта стала падставай для ворагаў герцага для абвінавачвання яго ў здрадзе. Яшчэ большай нагодай да абвінавачвання Валенштайна паслужыла вызваленне ўзятага ім у палон графа Турна, главы паўстання ў Багеміі. Асабліва злоснічалі на Валенштайна езуіты.
Хоць Валенштайн не звяртаў увагі на незадаволенасць венскага двара, але ўсё ж, атрымаўшы ад імператара загад ісці на дапамогу курфюрсту баварскаму, рушыў, нягледзячы на познюю пару года, у Баварыю; але, даведаўшыся па дарозе пра ўзяцце Рэгенсбурга пратэстантамі, вярнуўся назад і размясціўся ў Багеміі, на зімовых кватэрах. Ворагі Валенштайна, карыстаючыся гэтым, імкнуліся выкрыць яго ў намеры, абапіраючыся на войскі, зрабіцца чэшскім каралём; а вельмі раздражнёны імператар запатрабаваў ад яго ачышчэння аўстрыйскіх уладанняў. Валенштайн не падпарадкаваўся гэтаму наказу, спасылаючыся на дагавор, заключаны з імператарам перад прыняццем начальства над войскамі. Калі ж курфюрст баварскі Максіміліян, які стаяў на чале варожай партыі, запатрабаваў, каб Валенштайн быў пазбаўлены звання галоўнакамандуючага, апошні (які пакутаваў да таго ж на падагру) склікаў ваенны савет і, выказаўшы сваю нязгоду з імператарам, заявіў гатовасць адысці ад спраў.
Але старэйшыя афіцэры, якія лічылі сябе больш на службе Валенштайна, чым імператара, і ведаючы, што з падзеннем першага яны могуць пазбавіцца яшчэ неатрыманай імі значнай грашовай сумы за ранейшую службу, пратэставалі супраць намеру Валенштайна і 12 студзеня 1634 года заключылі з ім дагавор (Пільзенскі), якім абавязваліся не пакідаць адзін аднаго, але пры ўмове не прадпрымаць нічога супраць імператара і каталіцкай царквы.
Імператару Фердынанду прадставілі ўсё гэта ў выглядзе палітычнай змовы. Ён адхіліў Валенштайна ад камандавання і абвясціў яго мяцежнікам, а начальства над арміяй было даручана генералам Пікаламіні і Галасу, якім загадана было даставіць абвешчанага мяцежніка жывым ці мёртвым. У той жа час імператар не пераставаў весці з Валенштайнам сяброўскую перапіску. Апошні, даведаўшыся пра небяспеку, якая пагражае яму, і пра значэнне, якое нададзена Пільзенскаму збору, ізноў сабраў сваіх старэйшых афіцэраў і абвясціў, што вызваляе іх ад дадзенай клятвы, калі яны падазраюць яго ў намерах супраць імператару; разам з тым ён падпісаў рэверс, што «ніколі і ў думках не меў прадпрымаць штосьці супраць імператара і рэлігіі».
Рэверс гэты Валенштайн адправіў у Вену, з заявай пра сваю гатовасць здаць начальства над арміяй, і на судзе даць справаздачу пра свае ўчынкі. Але лёс яго быў ужо вырашаны; яго рэверс не быў прадстаўлены імператару. Дэкрэтам канфіскоўваліся маёнткі герцага. Валенштайн, даведаўшыся пра рух супраць яго войскаў Пікаламіні і Галаса, бег з верным яму слабым прыкрыццём у замак Эгер, (цяпер Хеб, Чэхія). Цяжкасць становішча прымусіла яго ўступіць у перамовы з правадырамі пратэстантаў, але герцаг Бернхард Саксен-Веймарскі і Оксеншэрна, не давяраючы Валенштайну, адпрэчылі яго прапановы.
Тым часам палкоўнік Бутлер, начальнік канвою Валенштайна, быўшы падкуплены генераламі Пікаламіні і Галасам, 25 лютага 1634 года, з дапамогай двух афіцэраў, каменданта крэпасці шатландца Джона Гордана і яго суайчынніка маёра Уолтэра Леслі, па-здрадніцку забіў набліжаных Валенштайна фельдмаршала Крысціяна Ілава, генерала Адама Тэрцкі, палкоўніка Вільгельма Кінскі і ротмістра Ноймана. У той жа час капітан Дэверу з драгунамі ўварваўся ў спальню герцага, які ўжо ляжаў у ложку. Убачыўшы ў чым справа, Валенштайн устаў, прыхінуўся да сцяны і спакойна прыняў смяротны ўдар алебардай у грудзі.
Забойцы былі шчодра ўзнагароджаны за кошт маёмасці загінулага герцага. Кожны з 36 драгунаў палка Бутлера, якія прымалі ўдзел у начным забойстве, атрымаў па 500 талераў. Капітану Вальтэру Дэверу, паводле меркавання гісторыкаў, які нанёс апошні ўдар у грудзі палкаводца, што стаяў перад ім у начной кашулі, дасталася 1000 талераў. Вальтэр Бутлер атрымаў з канфіскаваных уладанняў маёнтка Доксы і Бернштэйн, Джон Гордан — маёнткі Снідары і Скршываны.
Шырока распаўсюджана паданне пра тое, што Валенштайн запрасіў астролага наведаць яго апоўначы, каб даведацца па сваю будучыню. Астролаг запазніўся. Гэта сцэна намалявана на карціне Пілаці, якую высока цаніў І. Я. Рэпін.
Магіла Альбрэхта фон Валенштайна знаходзіцца ў горадзе Йічын.
Ад шлюбу з графіняй Ізабелай фон Гарах у Валенштайна быў сын (памёр у маленстве) і дачка, у час яго смерці яшчэ зусім дзяўчынка. Ад яе вядуць сваё паходжанне чэшскія графы Каўніцы.
У Празе захаваліся раскошны палац і сады Валенштайна.
Валенштайн — герой шэрагу твораў:
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.