Італія
краіна ў Паўднёвай Еўропе / From Wikipedia, the free encyclopedia
Іта́лія (італ.: Italia [iˈtaːlja]), Італья́нская Рэспу́бліка (італ.: Repubblica Italiana) — краіна ў Паўднёвай Еўропе. Знаходзіцца на Апенінскім паўвостраве. Цягнецца ад паўночных Альпаў амаль да ўзбярэжжа Паўночнай Афрыкі, ствараючы, такім чынам, лінію даўжынёй 1100 км. Італію акружаюць Лігурыйскае і Тырэнскае мора на захадзе, Іанічнае мора на поўдні і Адрыятычнае мора на ўсходзе. У нацыянальную тэрыторыю Італіі ўваходзяць два вялікіх вострава, гэта Сардзінія і Сіцылія, а таксама мноства маленькіх астравоў, такіх як Капры, Іхія, Эльба; Ліпарскія астравы паўночней Сіцыліі; астравы Пантэлерыя, Ліноза, Ламп'ёнэ і Лампедуза паміж Сіцыліяй і Афрыкай. Па пагадненню з Югаславіяй 1954—1971 гг., у склад Італіі ўвайшоў Трыест з вобласцю Істрыя. На тэрыторыі самой Італіі існуюць два невялікіх незалежных анклава — Ватыкан і Рэспубліка Сан-Марына. Італія мяжуе на захадзе з Францыяй, на поўначы з Швейцарыяй і Аўстрыяй, на ўсходзе са Славеніяй. Сталіца Італіі — Рым.
Сучасная Італія ўтварылася ў 1861 г., пад кіраўніцтвам караля Сардзініі Віктора Эмануіла II. Дагэтуль Італія складалася з шматлікіх незалежных дзяржаў, чый сепаратызм і моц адлюстраваліся ў тэрытарыяльным падзеле Італіі на 20 рэгіёнаў. Восем з іх знаходзяцца ў Паўночнай Італіі: Эмілія-Раманья, Фрыулі-Венецыя-Джулія, Лігурыя, Ламбардыя, П’емонт, Трэнціна Альто-Адзіджэ, Вале-д’Аоста і Венета. Шэсць знаходзіцца ў Цэнтральнай частцы краіны: Абруца, Лацыё, Марке, Малізэ, Таскана і Умбрыя. Паўднёвая Італія складаецца з чатырох: Апулія, Базіліката, Калабрыя і Кампанія. Астатнія два рэгіёны — гэта астравы Сіцылія і Сардзінія. Італія знаходзіцца на сусветнай гістарычнай арэне з часоў Рымскай Імперыі. Сучасная Італія з’яўляецца індустрыяльна развітай краінай, адным з лідараў Еўрапейскага Саюза.