Чарнобыльская катастрофа
ядзерная катастрофа на Чарнобыльскай АЭС (Украінская ССР) 26 красавіка 1986 року / From Wikipedia, the free encyclopedia
Чарнобыльская катастрофа — радыяцыйная аварыя, што адбылася 26 красавіка 1986 году на Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраінскай ССР (цяпер Украіна). Выбух і наступны за ім пажар спрычынілі масавы выкід (5,2 млн тэрабэкерэляў)[2] радыяактыўных рэчываў у атмасфэру, якія распаўсюдзіліся на большую частку Эўропы. У захадах стрымліваньня радыяактыўнага забруджваньня і прадухіленьня шырэйшай катастрофы задзейнічалі звыш 880 тыс. ліквідатараў катастрофы[3], што каштавала каля 18 млрд рублёў і стала моцным ударам па эканоміцы СССР[4].
Чарнобыльская катастрофа | |
Чацьверты рэактар ЧАЭС пасьля выбуху | |
Краіна | СССР |
---|---|
Месца | Прыпяць, Украінская ССР |
Тып катастрофы | радыяцыйная аварыя |
Дата | 26 красавіка 1986 |
Час | 01:23:45 (EEST) |
Наступствы | |
Загінулі |
|
Пацярпелі | 134 |
Каардынаты | 51°23′22″ пн. ш. 30°05′56″ у. д. |
Чарнобыльская катастрофа | |
Здарэньне адбылося падчас выпрабаваньняў абсталяваньня АЭС групай Аляксандра Акімава 26 красавіка 1986 на чацьвёртым рэактары Чарнобыльскай атамнай станцыі. Раптоўны выкід атамнай энэргіі, наступная за ім спроба аварыйнага адключэньня рэактара і паўторнае павышэньне магутнасьці спрычынілі пашкоджаньне гермэтычнай абалонкі, што выклікала сэрыю выбухаў. У выніку гэтых падзеяў агаліліся графітавыя стрыжні, якія пры кантакце з паветрам пачалі расьпякацца[5]. Запачаткаваныя ад выбуху клубы пажару ўтварылі надзвычай радыяактыўнае воблака, якое перамяшчалася над большай часткай СССР і Эўропы. Цягам 1986—2000 гадоў, 350 400 чалавек былі эвакуяваныя з найбольш моцна забруджаных тэрыторыяў Беларусі, Украіны і Расеі[6][7]. Паводле афіцыйных пасьлясавецкіх зьвестак[8][9], каля 60% радыяактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі.
Катастрофа выклікала скептычнае стаўленьне да бясьпечнасьці савецкай ядзернай індустрыі і ядзернай энэргетыкі ўвогуле, што запаволіла яе разьвіцьцё на некалькі гадоў і прымусіла савецкае кіраўніцтва стаць менш засакрэчаным у дачыненьні да ядзерных працэдураў. Для Расеі, Украіны і Беларусі гэты інцыдэнт зазначыў пачатак працяглай дэкантамінацыі і грашовых выдаткаў на лячэньне пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.