From Wikipedia, the free encyclopedia
Царква Сьвятой Тройцы — помнік гісторыі і архітэктуры XVI—XIX стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на Вастрабрамскай вуліцы[a]. Дзее. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку маскоўскай перабудовы. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятой Тройцы | |
Царква Сьвятой Тройцы па маскоўскай перабудове | |
Краіна | Летува |
Места | Вільня |
Каардынаты | 54°40′31″ пн. ш. 25°17′18″ у. д. |
Царква Сьвятой Тройцы |
Траецкая царква — адна з найстарэйшых у Вільні, заснаваная на месцы казьні віленскіх мучанікаў. Архітэктурная дамінанта комплексу Траецкага базылянскага манастыра.
Першую драўляную Траецкую царкву ў Вільні збудавалі ў 1347 годзе ў дуброве, на месцы казьні Віленскіх мучанікаў сьвятых Антона, Яна і Яўстаха. У 1514—1516 гадох з фундацыі Канстантына Астроскага збудавалі мураваную царкву абарончага тыпу. У канцы XVI або пачатку XVII стагодзьдзя ўнутраныя сьцены царквы атынкавалі і аздобілі фрэскамі.
Па складаньні Берасьцейскай уніі царква разам з манастыром адразу прынялі яе. У 1622—1624 гадох да бакавых фасадаў царквы прыбудавалі дзьве капліцы і рызьніцу. Направа ад уваходу разьмясьцілася капліца, збудаваная на сродкі Януша Скуміна Тышкевіча і асьвячоная пад тытулам Покрыва Багародзіцы. Налева ад уваходу — капліца Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа, неўзабаве прыстасаваная пад царкву жаночага базылянскага манастыра[1].
У 1706 і 1748 гадох царква атрымала моцныя пашкоджаньні ад пажараў. Неўзабаве яе аднавілі ў барокавым стылі: на месцы заходняй сьцяны зрабілі прыбудову, якая надала інтэр’еру базылікальную падоўжанасьць. У адноўленай царкве, апроч галоўнага алтара, уладкавалі шэсьць новых — Сьвятога Крыжа, Сьвятога Васіля Вялікага, Божай Маці, Сьвятога Язафата (Кунцэвіча), Сьвятога Мікалая і Сьвятога Анупрэя. Перад галоўным алтаром паставілі здымны іканастас.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая.
Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Адначасна з канчатковай ліквідацыяй манастыра ў 1869 годзе, мастацкае аблічча царквы зьнявечылі маскоўскай перабудовай паводле праекту расейскага архітэктара Мікалая Чагіна. У 1878 годзе на кутнімі кампартамэнтамі заходняй часткі царквы надбудавалі дзьве невялікія вежы. У канцы XIX — пачатку XX ст. да ўсходняга фасаду капліцы Покрыва Багародзіцы прыбудавалі царква Сьвятога Яна Багаслова.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе абразы, якія захоўваліся ў манастырскай царкве, вывезьлі ў Расею.
У 1940 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву.
У 1991 годзе ўлады Летувы перадалі царкву Ўкраінскай грэцка-каталіцкай царкве.
Помнік гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку маскоўскай перабудовы.
Гэта прастакутная ў пляне 3-нэфавая пабудова пад 2-схільным дахам, якая заканчваецца трыма паўцыркулярнымі апсыдамі. Ад пачатку мела блізкі да квадрата плян, купал і фартыфікацыйныя элемэнты[2] (схаваныя пад тынкоўкай масіўныя сьцены гатычнага мура захавалі сьляды контрфорсаў). У выніку рэканструкцыя 1761 году пад кіраўніцтвам Яна Глаўбіца на кутох заходняга і ўсходняга фасадаў збудавалі чатыры вежы (захаваліся дзьве пры ўсходнім фасадзе). 2-ярусныя вежы з валютамі і ляпнінай у пляне маюць форму авалу, кожны ярус аздабляецца чатырма парамі пілястраў. Вежы завяршаюцца купаламі-банямі ў выглядзе званоў з глухімі імітацыямі паддашкавых акенцаў. Да паўночнага і паўднёвага фасадаў далучаюцца капліцы.
У выніку маскоўскай перабудовы 1869 году надбудавалі невялікія вежы над галоўным заходнім фасадам і паставілі новы ўсходні франтон кілепадобнай формы, а таксама зрабілі драўляны купал з размаляванымі вокнамі (разабраны ў сярэдзіне XX ст.).
Унутраная прастора перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі. Масіўныя 8-гранныя пілёны завяршаюцца стукавымі капітэлямі. Пад тынкам на сьценах захаваліся сьляды фрэсак. Інтэр’ер аздабляюць клясыцыстычны алтар і арган. На пілёнах, якія падтрымлівалі купал, разьмяшчаліся выявы сьвятых. Драўляны іканастас быў простым, пафарбаваныьм алейнай фарбай і месцамі аздоблены пазалотай. Абраз Збаўцы ў царскай браме зьмяшчаўся ў масіўнай срэбранай шаце. У інтэре’ры захоўваліся абразы, напісаныя Янам Хруцкім, які быў сынам уніяцкага сьвятара, а таксама абразы Сьвятога Анупрэя, сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ды іншыя, выкананыя Францішкам Смуглевічам.
У паўднёвай сьцяне на вышыні прыкладна аднаго мэтра ад падлогі месьціцца надмагільная мэталёвая рэльефная пліта (памерам 1,55 на 2,25 мэтра) канца XVI стагодзьдзя. Пліта складаецца зь дзьвюх частак: у левай частцы знаходзіцца гербавы картуш, вакол якога — ляўровы вянок, лісьце аканта і галоўкі анёлаў, направа — апраўленае арнамэнтам надмагільле з кірылічнай эпітафіяй віленскага бурмістра Апанаса Брагі і яго сына Антона:
Түт лежит раб Божии Ѡѳана |
||
Мастацкім асаблівасьцям гэтага надмагільля прысьвяціла свае працы летувіская дасьледніца Марыя Матушакайце[3].
У процілеглай паўночнай сьцяне месьціцца пліта з эпітафіяй сёстрам Яленскім, якія памерлі ў 1757 і 1758 гадох.
Налева ад галоўнага ўваходу пры заходнім фасадзе, у нішы — выява сьвятых віленскіх мучанікаў Антонія, Яна і Яўстаха. Пад гэтай нішай зьмяшчаецца мэталёвая мэмарыяльная табліца. Побач з уваходам у царкву ёсьць мэмарыяльная шыльда ў памяць Сьвятога Язафата (Кунцэвіча).
У капліцы направа ад уваходу ў багатым мармуровым саркафагу спачыў яе фундатар Ян Скумін Тышкевіч з сваёй жонкай Барбарай, народжанай Нарушэвіч, пра што сьведчыць надпіс на пліце ў сьцяне.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.