вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Хару́жынцы[1] — вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці. Уваходзіць у Янушкавіцкі сельсавет. Знаходзіцца за 1,6 км ад дарогі Р58 Менск — Калачы — Мядзел і за 1,5 км ад дарогі Жодзін — Дзяніскі. Вёска расьцягнулася ўздоўж дарогі на 1,8 км.
Харужынцы | |
трансьліт. Charužyncy | |
Будынак філіі «Акопы» музэю Янкі Купалы ў Харужынцах | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Лагойскі |
Сельсавет: | Янушкавіцкі |
Насельніцтва: | 26 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1774 |
Паштовы індэкс: | 223124 |
СААТА: | 6232880161 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°13′3″ пн. ш. 27°32′35″ у. д. |
± Харужынцы |
Назву вёска займела ад першых пасяленцаў, што служылі ў арміі харунжымі — беларуса Купрэя Макрыцкага і ўкраінца Астапа Дзявочкі[2].
За 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, у лесе на дугападобнай градзе знаходзіцца курганны могільнік X—XIII стагодзьдзяў. Могільнік уяўляе сабой 65 насыпаў вышынёй 0,4—2,0 м, дыямэтрам 3—10 м. Усе яны абкладзеныя камянямі. Значная частка курганоў на вяршынях мае западзіны глыбінёй да 0,25 м. Адзін насып раскапаны на глыбіню 2 м. Адкрыў і абсьледаваў могільнік у 1979 годзе М. І. Лашанкоў. Раскопкі не праводзіліся[3][4].
Наяўнасьць каля вёскі Харужынцы, сярод іншых месцаў, кургану з каменнай абкладкай, які лічыцца балцкай этнакультурнай прыкметай, паводле меркаваньня навукоўцаў, сьведчыць аб тым, што балты жылі ў паўднёва-заходняй частцы сучаснага Лагойскага раёну ў пэрыяд і да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага[5].
Некалі жыў тут нейкі князь. Аднаго разу ўгнявіў яго чымсьці вядомы ва ўсёй аколіцы лірнік-жабрак, які лічыўся чараўніком. Князь загадаў слугам забіць яго і закапаць на… ўзгорку. Назаўтра ўсе крыніцы, якія білі адсюль, быстрацечная рака, што ўтварала гэтыя крыніцы, у адзін момант перасохлі. Гэта была кара за забойства лірніка-чараўніка. | ||
—З народнага паданьня[6] |
Лічыцца, што легенда-паданьне менавіта аб гэтым старажытным кургане, якое Янка Купала чуў ад свайго сябра Янкі Аўлачынскага, натхніла народнага паэта Беларусі на напісаньне яго славутай паэмы «Курган»[7].
У пачатку ХХ стагодзьдзя вёска была вядомая далёка за межамі Лагойшчыны сваімі кірмашамі. На сьвята Пакровы, 14 кастрычніка, на гандаль садавінай, гароднінай і печывам сюды зьяжджаліся жыхары Менску, Вялейкі, Даўгінава, Радашкавічаў, Заслаўя, Смалявічаў. У 1930-я гады вёска моцна разраслася і ў яе склад увайшлі хутары Ляўшова і Міхалішкі[8].
Непадалёк Харужынцаў раней быў хутар Акопы, у якім на працягу амаль 20 гадоў жыла і працавала маці Янкі Купалы Бянігна Луцэвіч. Акопы лічуць творчай калыскай беларускага песьняра, месцам, дзе адкрыўся ягоны геній[9]. У хутары Ляўшова (на тэрыторыі сёньняшніх Харужынцаў) жыла сястра Янкі Купалы Марыя[8]. Купала часта бываў у Харужынцах.
Раней тут жыло многа засьцянковай шляхты, часта наладжваліся кірмашы. Прыязджаючы да маці, Янка не прамінаў выпадку, каб не прыйсьці сюды, не паслухаць, аб чым гавораць людзі. Пры ім заўсёды былі папера і аловак. Пачуе што-небудзь цікавае — і абавязкова запіша. Іншы раз ён хадзіў на поле да жней або ехаў на начлег… Назіраньні над жыцьцём харужанцаў далі маладому Купалу цікавы матэрыял. Напісаная ім п’еса «Паўлінка» ўзята з жыцьця маіх аднавяскоўцаў, яе дзеючыя асобы — гэта людзі, якіх я ведаў асабіста… | ||
—Жыхар Харужанцаў Ф. Сліжук. Успаміны пра Янку Купалу[10] |
У Харужынцах на тэрыторыі колішняга хутару Міхалішкі ў 1991 годзе была пабудаваная хата, у якой знаходзіцца гістарычная (літаратурна-мастацкая) частка філіі «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы[11].
Даехаць да вёскі зь Менску можна са сталічнага аўтавакзалу «Маскоўскі» аўтобусам №369 «Менск — Янушкавічы» да прыпынку «Харужынцы»[12]. Філія «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы працуе штодзень акрамя панядзелку з 10 да 17 гадзінаў[13].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.