From Wikipedia, the free encyclopedia
Даўгі́наў — вёска ў Беларусі, на рацэ Сярчыстай. Цэнтар сельсавету Вялейскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1110 чалавек. Знаходзіцца за 47 км на паўночны ўсход ад Вялейкі, за 18 км ад чыгуначнай станцыі Крывічы. Вузел аўтамабільных шляхоў на Менск, Вялейку, Будслаў, Крывічы, Докшыцы, Плешчаніцы, Краснае.
Даўгінаў лац. Daŭhinaŭ | |
Касьцёл Сьвятога Станіслава | |
Першыя згадкі: | XV стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Вялейскі |
Сельсавет: | Даўгінаўскі |
Вышыня: | 176 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 1110 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1771 |
Паштовы індэкс: | 231442 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°38′47″ пн. ш. 27°28′49″ у. д. |
± Даўгінаў | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Даўгінаў — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Станіслава ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст.
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Даўгінаў утварыўся ад прыметніка доўгі або ад прозьвішчаў Доўгі, Даўгінаў[1].
Традыцыйная гістарычная назва паселішча — Даўгінаў[2] (упамінаецца як Долгиновъ ужо ў 1635 годзе[1]), афіцыйная — Даўгі́нава[3] (рас. Долгиново).
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Долгинов (1553 год)[4].
Упершыню Даўгінаў (пад назвай Даўгінавічы) упамінаецца ў 1440—1443 гадох як уладаньне Яна Доўгірда, ваяводы віленскага. Пазьней маёнтак перайшоў да Івашкі Манівідавіча, а ў 1485 годзе — да Багдана Саковіча, ваяводы троцкага. У 1525 годзе Даўгінаў знаходзіўся ў валоданьні Альжбеты Саковіч[5]. У пачатку XVI ст. тут збудавалі царкву Сьвятой Тройцы, у 1553 годзе — касьцёл.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Даўгінаў увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. З 1567 году маёнткам валодаў Юры Хадкевіч, з 1622 году — Януш Кішка, ваявода полацкі. У 1634 годзе апошні прадаў Даўгінаў Язэпу Руцкаму, грэцка-каталіцкаму мітрапаліту кіеўскаму, галіцкаму і ўсяе Русі.
Пад 1643 годам Даўгінаў упамінаецца як мястэчка. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у ваколіцах Даўгінава адбыліся жорсткія баі, само паселішча спалілі маскоўскія захопнікі. З 1690 году Даўгінаў знаходзіўся ў валоданьні Караля Міхала Друцкага-Сакалінскага. У 1704 годзе Караль і Эва Друцкія-Сакалінскія фундавалі тут новы касьцёл. У 1746 годзе ў мястэчку разьмяшчаўся грэцка-каталіцкі дэканат, які ахопліваў 26 парафіяў. У 1793 годзе сьвятар Дамінік Марціноўскі збудаваў новую царкву.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Даўгінаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Вялейскага павету Віленскай губэрні[6]. На 1800 год у мястэчку было 88 двароў, на 1866 год — 362 двары. У XIX ст. тут штогод праводзіліся славутыя кірмашы, да 1866 году працавала суконная фабрыка з больш як 300 работнікамі (на 1850 год). Мануфактуру збудаваў уладальнік мястэчка граф С. Л. Каменскі. На 1824 год прадпрыемства мела 2, на 1840 год — 28 ткацкіх станкоў, вадзяны і паравы рухавікі. Ткаліся тонкія сукны ўсіх колераў. Вырабы збываліся ў Рыгу, Вільню, Мітаву, Ромны. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Даўгінаве існавала школа, 60 крамаў, паштовая станцыя. У пачатку XX ст. — расейскія царкоўнапрыходзкая школа і 2-клясная народная вучэльня (2 настаўнікі, 124 навучэнцы).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Даўгінаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Даўгінаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, а жыхары Даўгінаўскай воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[7]. 1 студзеня 1919 годзе ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Даўгінаў увайшоў у склад Беларускай ССР[8]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1938 год існавалі аднайменныя мястэчка (547 двароў) і сяліба (33 двары).
У 1939 годзе Даўгінаў увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету Крывіцкага раёну (з 25 сьнежня 1962 году ў Вялейскім раёне). 1 траўня 1940 году мястэчка атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году Даўгінаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 16 ліпеня 1954 году статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год тут быў 501 двор, на 1993 год — 596, на 1997 год — 596. У 2000-я гады Даўгінаў атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
У Даўгінаве працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Ленінская вуліца | Полацкая вуліца |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Вялікі пляц[13].
На адным зь перакрыжаваньняў вуліцаў стаіць памятны знак у гонар беларускага пісьменьніка Зьмітрака Бядулі.
У Даўгінаве жыў і навучаўся беларускі пісьменьнік Зьмітрок Бядуля (сапраўднае імя — Самуіл Плаўнік).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.