From Wikipedia, the free encyclopedia
Фізы́чны факультэ́т Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту — адзін з самых вялікіх факультэтаў галоўнай ВНУ Беларусі. Створаны ў 1958 годзе. У складзе факультэту 10 катэдраў[1], 10 навукова-дасьледчых лябараторыяў, «Беларускі міжвузаўскі цэнтар» і абсэрваторыя. На факультэце вядуцца фундамэнтальныя і прыкладныя дасьледаваньні, а таксама прамысловыя, тэхналягічныя і іншыя распрацоўкі.
Факультэт бярэ пачатак ад фізыка-матэматычнага аддзяленьня пэдагагічнага факультэту БДУ, утворанага ў 1932 годзе. У 1933 годзе зь фізыка-матэматычнага аддзяленьня быў створаны фізыка-матэматычны факультэт. У 1938 годзе фізыка-матэматычны факультэт уключаў 4 катэдры: катэдру агульнай фізыкі (заг. — дацэнт Ільля Некрашэвіч), катэдру тэарэтычнай фізыкі (заг. катэдры — дацэнт Фёдар Фёдараў), катэдру рэнтгенафізыкі (заг. — дацэнт Іосіф Шапіра), катэдру электрамагнітных ваганьняў (заг. — прафэсар Яўген Сьняткоў). У 1941 годзе, у сувязі з вайной і акупацыяй, фізыка-матэматычны факультэт прыпыніў сваю дзейнасьць і зь верасьня 1943 году функцыянаваў на станцыі Сходня пад Масквой, дэканам з таго моманта да 1950 году быў Фёдар Фёдараў. У 1944 годзе супрацоўнікі вярнуліся ў Менск. Першыя пасьляваенныя выпускі складалі 5—10 чалавек штогод[2]. У 1950-я гг. на аддзяленьні фізыкі навучалася толькі 50 студэнтаў. У 1953 гадзе акадэмікі АН БССР Антон Сеўчанка, Барыс Сьцяпанаў і крыху пазьней Міхаіл Ельяшэвіч пераехалі ў Менск і пачалі працаваць у БДУ. Зь іхнімі імёнамі зьвязанае стварэньне буйных навуковых школ. Імі адпаведна ўсталёўваецца сувязь паміж будовай і спэктральна-люмінесцэнтнымі ўласьцівасьцямі злучэньняў урану, разьвіваецца спэктраскапія адмоўных плыняў сьвятла, разьвіваюцца мэтады разьліку ваганьняў малекулярных комплексаў[3]. У 1953 годзе створаная катэдра спэктральнага аналізу, для спэцыялізацыі на катэдру былі накіраваныя 20 студэнтаў[4]
У кастрычніку 1958 году фізыка-матэматычны факультэт разьдзяліўся на фізычны факультэт і матэматычны факультэт (апошні у 1975 годзе перайменаваны ў мэханіка-матэматычны факультэт). Першым дэканам факультэту стаў Міхаіл Халімановіч. У 1960—1970 гады фізычны факультэт актыўна разьвіваўся. У 1971 годзе на дзённым аддзяленьні вучыліся 1875 студэнтаў, існавала таксама вячэрняе аддзяленьне, на якім вучыліся 455 студэнтаў. На базе навукова-дасьледчых лябараторыяў фізычнага факультэту ў 1971 годзе ствараецца Навукова-дасьледчы інстытут прыкладных фізычных праблемаў пад кіраўніцтвам акадэміка Антона Сеўчанкі. У 1976 годзе на базе 4-х катэдраў фізычнага факультэту быў створаны факультэт радыёфізыкі і электронікі. У 1984—2003 гг. загадчыкам катэдры тэарэтычнай фізыкі быў прафэсар Леанід Баркоўскі. У 1986 пры падтрымцы загадчыка катэдрай ядзернай фізыкі Станіслава Шушкевіча (малодшага) ствараецца Інстытут ядзерных праблемаў, які ўзначаліў прафэсар катэдры ядзернай фізыкі Уладзімер Барышэўскі.
У 2018 годзе катэдра атамнай фізыкі і фізычнай інфарматыкі ліквідаваная, супрацоўнікі перайшлі ў склад катэдры фізычнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі. 17 сьнежня 2018 году загадам рэктара БДУ дэканам факультэта прызначаны кандыдат фізіка-матэматычных навук Міхаіл Ціваноў, які да гэтага з’яўляўся загадчыкам кафедры энергафізікі.[5].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.