Уран
сёмая плянэта Сонечнай сыстэмы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Ура́н — сёмая па аддаленьні ад Сонца і трэцяя па велічыні плянэта Сонечнай сыстэмы. Уран зьяўляецца газавым гігантам, аналягічна Юпітэру, Сатурну і Нэптуну. Ён быў названы ў гонар старажытнагрэцкага бога Ўрана. Адкрыта ў 1781 годзе ангельскім астраномам Ўільямам Гэршэлем.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Уран (неадназначнасьць).
|
Уран стаў першай плянэтай, выяўленай у Новы час і пры дапамозе тэлескопа[1]. Аб адкрыцьці Ўрана Ўільям Гэршэль абвесьціў 13 сакавіка 1781 году[2], тым самым упершыню з часоў антычнасьці пашырыўшы межы Сонечнай сыстэмы ў вачах чалавека. Нягледзячы на тое, што часам Уран адрозны няўзброеным вокам, больш раньнія назіральнікі не здагадваліся, што гэта плянэта, з-за ейнай панікласьці й павольнага руху[1].
У адрозьненьне ад газавых гігантаў — Сатурна й Юпітэра, якія складаюцца ў асноўным з вадароду й гелю, у нетрах Урана й падобнага з ім Нэптуна адсутнічае мэталічны вадарод, але затое шмат высокатэмпэратурных мадыфікацыяў лёду — па гэтай прычыне спэцыялісты выдзелілі гэтыя дзьве плянэты ў асобную катэгорыю «ледзяных гігантаў». Аснову атмасфэры Ўрана складаюць вадарод і гель. Акрамя таго, у ёй выяўленыя сьляды мэтану й іншых вуглевадародаў, а таксама воблака з лёду, цьвёрдага аміяку й вадароду. Гэта самая халодная плянэтарная атмасфэра Сонечнай сыстэмы зь мінімальнай тэмпэратурай у —224 °C. Мяркуецца, што Ўран мае складаную слаістую структуру аблокаў, дзе вада складае ніжні пляст, а мэтан — верхні[3]. У адрозьненьне ад Нэптуна, нетры Ўрана складаюцца ў асноўным з ільдоў і горных пародаў.
Гэтак жа, як і ў іншых газавых гігантаў Сонечнай сыстэмы, ва Ўрана маецца сыстэма колцаў і магнітасфэры, і, акрамя таго, маецца таксама 27 спадарожнікаў. Арыентацыя Ўрана ў прасторы адрозьніваецца ад астатніх плянэтаў Сонечнай сыстэмы, то бок ейная вось кручэньня ляжыць як бы «на баку» адносна плоскасьці звароту гэтай плянэты вакол Сонца. З гэтае прычыны плянэта бывае зьвернутая да Сонца напераменку то паўночным канцавосьсем, то паўднёвым, то экватарам, то сярэднімі шыротамі.
У 1986 годзе амэрыканскі касьмічны апарат «Вояджэр-2» перадаў на Зямлю здымкі Ўрана з блізкай адлегласьці. На іх бачная «невыразная» ў бачным спэктры плянэта без хмарных палосаў і атмасфэрных штармоў, характэрных для іншых плянэтаў-гігантаў[4]. Аднак у цяперашні час наземнымі назіраньнямі атрымалася адрозьніць прыкметы сэзонных зьмяненьняў і павелічэньня актыўнасьці надвор’я на плянэце, выкліканых набліжэньнем Урана да кропкі свайго раўнадзенства. Хуткасьць вятроў на Ўране можа дасягаць 240 м/с.