Плянэта
From Wikipedia, the free encyclopedia
Плянэ́та (па-грэцку: aster planetes — блукаючая зорка) — нябеснае цела, якое верціцца па арбіце вакол зоркі альбо ейных рэшткаў, досыць масіўнае, каб стаць акруглым пад дзеяньнем уласнай гравітацыі, але недастаткова масіўнае для пачатку тэрмаядзернай рэакцыі, і якая здолела ачысціць навакольлі сваёй арбіты ад плянэтазымалей[1].
Тэрмін «плянэта» ёсьць старажытны й мае сувязі з гісторыяй, навукай, міталёгіяй і рэлігіяй. У многіх раньніх культурах плянэты разглядаліся як носьбіты боскага пачатку ці, па меншай меры, статусу боскіх эмісараў. Па меры таго, як навуковыя веды разьвіваліся, чалавечае ўспрыманьне плянэт зьмянілася ў немалой ступені й дзякуючы адкрыцьцю новых аб’ектаў і выяўленьні адрозненьняў паміж імі. У 2006 годзе Міжнародны астранамічны зьвяз у сваім рашэньні даў новае вызначэньне плянэты, што выклікала як адабрэньне, гэтак і крытыку з боку вучонай супольнасьці, якая працягваецца некаторымі навукоўцамі й па сёньня.
У разуменьні навукоўцаў пталямэеўскай эпохі плянэты круціліся вакол Зямлі па ідэальна круглых арбітах. Нягледзячы на тое, што ідэя зваротнага — што на самой справе Зямля падобна іншым плянэтам круціцца вакол Сонца — вылучалася не адзін раз, толькі ў XVII стагодзьдзі яна была абгрунтавана вынікамі назіраньняў, з дапамогай першых пабудаваных чалавекам тэлескопаў, зробленых Галілео Галілеем. Дзякуючы грунтоўнаму аналізу дадзеных Ёган Кеплер выявіў, што арбіты плянэт ня круглыя, а эліптычныя. Паколькі інструмэнты назіраньняў паляпшаліся, астраномы ўсталявалі, што, як і Зямля, плянэты круцяцца вакол нахіленай да плоскасьці экліптыкі восі й валодаюць такімі асаблівасьцямі, уласьцівымі Зямлі, як палярныя шапкі зь лёду й зьмена сэзонаў. З росквітам касьмічнай эры блізкія назіраньні дазволілі выявіць і на іншых плянэтах Сонечнай сыстэмы вульканічную дзейнасьць, тэктанічныя працэсы, ураганы й нават прысутнасьць вады.
Плянэты можна падзяліць на дзьве асноўныя клясы: вялікія, якія маюць невысокую шчыльнасьць, то бок плянэты-гіганты, і менш буйныя землепадобныя плянэты, якія маюць цьвёрдую паверхню. Згодна з вызначэньнем Міжнароднага астранамічнага зьвяза, у Сонечнай сыстэме знаходзяцца 8 плянэт. У парадку выдаленьня ад Сонца спачатку ідуць чатыры землепадробныя: Мэркурый, Вэнэра, Зямля, Марс, затым чатыры плянэты-гіганта: Юпітэр, Сатурн, Уран і Нэптун. У Сонечнай сыстэме таксама ёсьць па меншай меры 5 карлікавых плянэт: Плютон, які да 2006 году лічыўся дзявятай плянэтай, Макемаке, Хаўмэя, Эрыс й Цэрэра. За выключэнньем Мэркурыя й Вэнэры, вакол усіх плянэт зьвяртаецца хоць бы па адным спадарожніку.
Пачынаючы з 1992 году, з адкрыцьцём сотняў плянэт вакол іншых зорак, названых экзаплянэтай, навукоўцы пачалі разумець, што плянэты можна выявіць у Галяктыцы ўсюды й шматлікія іхныя характарыстыкі падобныя з аналягічнымі асаблівасьцямі плянэтаў Сонечнай сыстэмы. На пачатак сьнежня 2010 году вядома ўжо 505 экзаплянэт, у межах ад плянэт-гігантаў да плянэт зямной групы[2].