вэнэсуэльскі палітык, вайсковец From Wikipedia, the free encyclopedia
У́га-Рафаэ́ль Ча́вэс-Фры́яс (па-гішпанску: Hugo Rafael Chávez Frías; 28 ліпеня 1954 — 5 сакавіка 2013[5]) — вэнэсуэльскі вайсковец і палітык, прэзыдэнт Рэспублікі Вэнэсуэлы ў 1999—2013 гадах. 3 сьнежня 2006 году на прэзыдэнцкіх выбарах пераабраны на трэці тэрмін.
Уга Чавэс | |
па-гішпанску: Hugo Rafael Chávez Frías | |
74-ы прэзыдэнт Рэспублікі Вэнэсуэла | |
---|---|
2 лютага 1999 — 5 сакавіка 2013 | |
Папярэднік: | Рафаэль Кальдэра |
Наступнік: | Нікаляс Мадура |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
28 ліпеня 1954[1][2][3][…] Сабанэта, штат Барынас, Вэнэсуэла |
Памёр: |
5 сакавіка 2013[4][1][2][…] (58 гадоў) Каракас, Вэнэсуэла |
Партыя: | Адзіная сацыялістычная партыя Вэнэсуэлы(en) |
Сужэнец: | Нэнсі Колменарэс[d] і Марысабэль Радрыгес[d] |
Дзеці: | María Gabriela Chávez[d] |
Бацька: | Уга дэ-лёс-Рэес Чавэс |
Маці: | Алена Фрыяс дэ Чавэс[d] |
Адукацыя: | Ваенная акадэмія Вэнэсуэлы (1975) |
Узнагароды: | Ордэн Дружбы народаў (Беларусь) |
Меў мяшанае афра-індзейска-гішпанскае паходжаньне. Продкі па матчынай лініі бралі ўдзел ў грамадзянскай вайне(en) 1859—1863 гадоў. Прадзед у пачатку 20-га стагодзьдзя ўзьняў антыдыктатарскае паўстаньне(en), якое здушылі[6]. Дзяцінства правёў ў невялікім гарадку ў штаце Барынас(be) на захадзе Вэнэсуэлы, дзе зачытваўся аповедамі пра герояў вайны за незалежнасьць(en) Лацінскай Амэрыкі ад Гішпаніі і працамі камуністычных філёзафаў. Яго сям’я была небагатая. У 1971 годзе 17-гадовым юнаком паступіў у Вайсковую акадэмію Вэнэсуэлы(en) (Каракас), якую скончыў праз 4 гады ў званьні малодшага лейтэнанта. Служыў у паветрана-дэсантных войсках(en).
У 1977 годзе, будучы лейтэнантам, заснаваў падпольную арганізацыю ў шэрагах узброеных сілаў(en) пад назовам Армія вызваленьня народа Вэнэсуэлы (затым Рэвалюцыйны баліварыянскі рух-200(en)). Па прызначэньні ў 1981 годзе выкладнікам Ваеннай акадэміі ў званьні капітана пачаў пашыраць свае перакананьні сярод кадэтаў(en). Ранкам 4 лютага 1992 году ў званьні маёра паспрабаваў на чале 5 воінскіх фармаваньняў захапіць прэзыдэнцкі палац(en), міністэрства абароны(en), ваеннае лётнішча і ваенны музэй. У выніку правалу загінула 14 салдатаў, 50 атрымалі раненьні. Сам здаўся, трапіў пад арышт і ў астрог. У 1994 годзе прэзыдэнт Рафаэль Кальдэра(en) выпусьціў яго на волю.
У 1998 годзе на чале «Руху Пятай Рэспублікі(en)» выйграў прэзыдэнцкія выбары(en) з 56,2% галасоў. Інаўгурацыя адбылася 2 лютага 1999 году. Пераабіраўся ў 2001, 2006 і 2012 гадах. У красавіку 2002 году[7] падчас мецяжу(en) 2 дні быў пад арыштам, але пад ціскам беднякоў мяцежнікі яго вызвалілі(en).
Называў сябе трацкістам(en) і прыхільнікам пастаяннага перавароту(en). Узнагароджваўся ордэнамі такіх краінаў, як Беларусь, Іран, Куба, Нікарагуа і Сырыя.
У 1999 годзе перайначыў назоў дзяржавы на «Баліварыянская Рэспубліка Вэнэсуэла». У 2006 годзе зьмяніў сьцяг(be) і герб(be) краіны. Таксама зьмяніў часавы пас на -4,5 гадзіны па Грынвічы. Празь зьмяненьне канстытуцыі атрымаў магчымасьць кіраваць не 5, а 6 гадоў, а таксама абірацца на другі тэрмін. У 2007 годзе нацыяналізаваў найбуйнейшыя ў Вэнэсуэле тэлекамунікацыйнае і электраэнэргетычнае прадпрыемствы «Нацыянальная тэлефонная кампанія Вэнэсуэлы(en)» (па-гішпанску: Compañía Anónima Nacional Teléfonos de Venezuela, C.A.N.T.V. — НТКВ) і «Электрычнасьць Каракаса(en)» (па-гішпанску: Electricidad de Caracas), якія належалі амэрыканскім кампаніям «Вэрайзан Камьюнікейшнз(en)» (Нью-Ёрк) і «Прыкладныя энэргетычныя паслугі(en)» (Вірджынія) адпаведна. Тады ж праз надзяленьне парлямэнтам надзвычайнымі паўнамоцтвамі нацыяналізаваў усе нафтарадовішчы(en) ў краіне. У красавіку 2008 году нацыяналізаваў цэмэнтную прамысловасьць, затым — найбуйнейшы мэталюргічны камбінат «Сталеліцейня Арынока(en)» (па-гішпанску: Siderúrgica del Orinoco, SidOr — СідАр). Закупаў узбраеньне ў Расеі. У лістападзе 2011 году пачаў вяртаньне 160 тоннага дзяржаўнага залатога запасу з банкаў ЗША і Эўропы[8].
Вызначаўся прасоўваньнем сваякоў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Яго бацька Уга-старэйшы(en) ў 1998—2008 гадах быў губэрнатарам штату Барынас, брат Адан(en) — міністрам адукацыі(en) ў 2007—2008 гадах і губэрнатарам Барынаса з 2008 году, брат Анібал Хасэ(en) стаўся мэрам роднага гарадка палітыка, а брат Архэніс ў 2011 годзе стаў намесьнікам міністра народнага дабрабыту Вэнэсуэлы. Зяць — Хорхэ Арэасэ, муж яго старэйшай дачкі Росы Вірхініі, у 2011 годзе заняў пасаду міністра па навуцы і тэхналёгіях.
Наведваў Беларусь з афіцыйным візытам у ліпені 2006 году, а ў чэрвені 2007-га, ліпені 2008-га, верасьні 2009-га і кастрычніку 2010 году — з працоўнымі візытамі, падчас якіх дамовіўся аб гандлёва-эканамічнай і навукова-тэхнічнай супрацы. У сьнежні 2007 году прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка зрабіў першы афіцыйны візыт у Вэнэсуэлу, падчас якога ў Каракасе праводзілася першая ў Лацінскай Амэрыцы Нацыянальная выстава Беларусі. У сакавіку 2010-га і чэрвені 2012 году адбыліся працоўныя візыты Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу. Вынікам супрацы стала адкрыцьцё ў Вэнэсуэле прадстаўніцтваў «Беларуснафты», «Белгархімпрама», «Белзамежбуда», сумесных прадпрыемстваў па здабычы нафты «Пэтралера БелаВэнэсаляна», сэйсмаразьведачных працаў «Сісміка БелаВэнэсаляна», газіфікацыі «Вэнэсуэлагазбуд», гандлі «Вэнбелком», «МАЗВэн» і «ВэнэМенск Тракторэс», узьвядзеньне прадпрыемстваў па зборцы грузавых аўтамабіляў МАЗ (5 тыс. грузавікоў на год) і трактароў МТЗ (10 тыс. трактароў на год), будаўніцтва найбуйнейшага ў Паўднёвай Амэрыцы завода па вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў. Адбыўся закуп у Беларусі прыладаў кіраваньня супрацьпаветранай абаронай(en), прыладаў сувязі, радыёэлектроннай выведкі(be) і радыёэлектроннай барацьбы(en) супраць высокадакладнай зброі(en) на суму 700 мільёнаў даляраў. У 2010 годзе ў Беларусь танкерамі пастаўлялася вэнэсуэльская нафта, кошт якой быў значна вышэйшым за расейскую[9]. Аднак пры абкладаньні поўным мытам закуп расейскай нафты выявіўся стратным, а ўвоз вэнэсуэльскай — прыбытковым[10]. З 1998-га па 2012 год двухбаковы таваразварот вырас з 3,6 млн даляраў да 1 млрд 200 млн даляраў[11] (за 15 год у 333 разы).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.