У 1972 годзе ЮНЭСКО прыняла Канвэнцыю аб ахове сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны (уступіла ў моц у 1975 годзе). Ратыфікавалі канвэнцыю ў пачатку 1992 году 123 краіны-ўдзельніцы.
Статус аб’екта Сусьветнай спадчыны дае наступныя перавагі:
Дадатковыя гарантыі захаванасьці і цэласнасьці ўнікальных прыродных комплексаў.
Павышае прэстыж тэрыторыяў і ўстановаў, якія імі кіруюць.
Спрыяе папулярызацыі ўключаных у Сьпіс аб’ектаў і разьвіцьцю альтэрнатыўных відаў прыродакарыстаньня (у першую чаргу экалягічнага турызму).
Забясьпечвае прыярытэтнасьць у прыцягненьні фінансавых сродкаў для падтрымкі аб’ектаў сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны, у першую чаргу з Фонду сусьветнай спадчыны.
Спрыяе арганізацыі маніторынгу і кантролю за станам захаванасьці прыродных аб’ектаў.
Па стане на 2018 год у сьпісе Сусьветнай спадчыны 1092 аб’екты ў 167 краінах (845 — культурныя помнікі, 209 — прыродныя і 38 — аб’екты зьмяшанага тыпу).
Дзяржавы, на тэрыторыі якіх разьмешчаныя аб’екты Сусьветнай спадчыны, бяруць на сябе абавязкі па іх захаваньні.
Галоўная мэта сьпісу Сусьветнай спадчыны — зрабіць вядомымі і абараніць аб’екты, якія зьяўляюцца па-свойму ўнікальнымі. Для гэтага і з-за імкненьня да аб’ектыўнасьці былі складзеныя ацэнкавыя крытэры. Першапачаткова (з 1978 г.) існавалі толькі крытэры для аб’ектаў культурнай спадчыны — гэты сьпіс налічваў шэсьць пунктаў. Затым для ўзнаўленьня раўнавагі паміж рознымі кантынэнтамі зьявіліся прыродныя аб’екты і для іх сьпіс з чатырох пунктаў. І, нарэшце, у 2005 годзе ўсе гэтыя крытэры былі зьведзеныя разам, і зараз кожны аб’ект Сусьветнай спадчыны мае ў сваім апісаньні хоць бы адзін зь іх[1].
Культурныя крытэры
I. Аб’ект уяўляе сабой шэдэўр чалавечага мастацтва.
II. Аб’ект сьведчыць аб значным узаемаўплыве чалавечых каштоўнасьцяў у дадзены пэрыяд часу або ў вызначанай культурнай прасторы, у архітэктуры або ў тэхналёгіях, у манумэнтальным мастацтве, пры распляноўцы гарадоў ці стварэньні ляндшафтаў.
III. Аб’ект зьяўляецца ўнікальным або прынамсі выключным для культурнай традыцыі або цывілізацыі, якая існуе дагэтуль або ўжо зьнікла.
IV. Аб’ект зьяўляецца выдатным прыкладам канструкцыі, архітэктурнага або тэхналягічнага ансамблю або ляндшафту, якія ілюструюць значны пэрыяд чалавечай гісторыі.
V. Аб’ект зьяўляецца выдатным прыкладам чалавечага традыцыйнага будынку, з традыцыйным выкарыстаньнем зямлі або мора, зьяўляючыся ўзорам культуры (або культур) або чалавечага ўзаемадзеяньня з навакольным асяродзьдзем, асабліва калі яно становіцца ўразьлівым з-за моцнага ўплыву незваротных зьмен.
VI. Аб’ект наўпрост або рэчыўна зьвязаны з падзеямі або існымі традыцыямі, з ідэямі, вераваньнямі, з мастацкімі або літаратурнымі творамі і мае выключную сусьветную важнасьць (па меркаваньні камітэту ЮНЭСКО гэты крытэр пажадана выкарыстоўваць разам зь якім-небудзь яшчэ крытэрам або крытэрамі).
Прыродныя крытэры
VII. Аб’ект уяўляе зь сябе прыродны фэномэн або прастору выключнай прыроднай прыгажосьці і эстэтычнай важнасьці.
VIII. Аб’ект зьяўляецца выдатным прыкладам галоўных этапаў гісторыі зямлі, у тым ліку помнікам мінулага, сымбалем геалягічных працэсаў, якія адбываюцца ў разьвіцьці рэльефу або сымбалем геамарфічных або фізыяграфічных асаблівасьцяў.
IX. Аб’ект зьяўляецца выдатным узорам экалягічных або біялягічных працэсаў, якія праходзяць у эвалюцыі і разьвіцьці зямных, прэснаводных, берагавых і марскіх экасыстэмаў і расьлінных і жывёльных супольнасьцяў.
X. Аб’ект уключае ў сябе найбольш важнае або значнае натуральнае асяродзьдзе пражываньня для захаваньня ў ёй біялягічнай разнастайнасьці, у тым ліку зьнікаючых відаў выключнай сусьветнай каштоўнасьці з пункту гледжаньня навукі і аховы.