Смале́гаў[1] — былая вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Завайцянскага сельсавету.

Хуткія факты
Смалегаў
трансьліт. Smalehaŭ
Дата заснаваньня: перад 1435 годам
Былая назва: Смалігавічы (Смалегавічы)
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Нараўлянскі
Сельсавет: Нараўлянскі
Насельніцтва:
  • 3 чал. (2009)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2355
СААТА: 3238820051
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°44′7″ пн. ш. 29°23′9″ у. д.
Смалегаў на мапе Беларусі ±
Thumb
Смалегаў
Смалегаў
Thumb
Смалегаў
Смалегаў
Закрыць

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Thumb
Герб Харугва роду Кмітаў

Згодна зь «Вялікім гістарычным атлясам Беларусі», упершыню Смалігавічы згаданыя пад 1435 годам[2]. Недзе ад 1532 году сяло Смалігавічы Багуціцкай нядзелі[lower-alpha 1] Мазырскага замку воласьці было аддадзена ленным правам пану Крыштафу Кміцічу. Паводле апісаньня 1552 году, 9 чалавек таго сяла вось ужо 20 гадоў, як перасталі выконваць замкавыя работы, падводы і стацыі, аднак жа, працягвалі даваць. І ў апісаньні Чарнобыльскага замку таго ж 1552 году вядзецца пра патужнікаў зь сяла Смалігавічы Оўруцкай нядзелі[4], якія мусілі выконваць павіннасьці на карысьць згаданага замку. У апісаньні 1552 году Оўруцкага замку таксама паведамляецца пра сяло Смалыгавічы, як выслугу пана Крыштафа Кміціча, зь якога разам з суразьмернымі (па адной службе[lower-alpha 2] у кожным паселішчы) Церашковічамі выплачвалася капа (60) грошаў і тры кадзі мядовай даніны[5].

Thumb
Смалігавічы ў «Апісаньні Мазырскага замку». 1552 г.

Пасьля пана Крыштафа (†каля 1552?), Смалігавічы перайшлі да брата Сямёна і надалей заўсёды згадваюцца побач з Антонавам, падараваным яму каралём Жыгімонтам Аўгустам 5 сакавіка 1553 году[6]. У лісьце караля Жыгімонта Аўгуста да кіеўскага ваяводы пана Рыгора Хадкевіча ад 23 сакавіка 1555 году, якім пану Сямёну Кміцічу шэраг добраў у Кіеўскім ваяводзтве аддаваўся на вечнасьць, сказана, што ў Смалігавічах было тады дзьве службы[lower-alpha 3][7]. Недзе ў пачатку 1560 гадоў лен перайшоў да сына нябожчыка Сямёна пана Філона, пазьней вядомага як Кміта-Чарнабыльскі.

Thumb
Ліст Ф. Кміты сьвятару С. Пашкевічу. 1585 г.
Thumb
Смалігавічы ў канцы XVI ст. на Генэральнай мапе Вялікага гістарычнага атлясу Баларусі.

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[8]. Смалігавічы ў складзе Мазырскага павету, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, мусілі быць выведзены з Кіеўскага і далучаны да Менскага ваяводзтва. Але з адпаведных квітаў вынікае, што паборы 1576 — 1578 гадоў зь яго працягвалі аддаваць да скарбу Кіеўскага ваяводзтва[7].

24 верасьня 1585 году смаленскі ваявода Філон Кміта выдаў ліст настаяцелю антонаўскай царквы Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы Сэбасьцяну Пашкевічу на права штогадовага атрыманьня ад жыхароў Антонава, Смалегавічаў, Завайці і Галоўчыцаў па паўвядра жыта і па пяць вёдраў мёду прэснага з кожнага дыму. Але ў самыя ўгодзьдзі названых сёлаў сьвятар уступацца ня мусіў. У Смалегавічах на той час было 19 дымоў[9].

Thumb
Герб Ліс роду Сапегаў

Смаленскі ваявода Філон Кміта спачыў 29 лістапада 1587 году. Сын Філона Лазар памёр беспатомным. 6 красавіка 1595 году кароль Жыгімонт Ваза падараваў лен Антонавічы канцлеру Льву Сапегу[10]. Апошні ў 1598 годзе саступіў маёнтак разам з фальваркамі Смалегавічы (Смагулевічы) і Завайць стрыечнаму брату каралеўскаму двараніну Лукашу Сапегу[6], што кароль і зацьвердзіў. У 1602 — 1605 гадох падаткі зь ягоных добраў выплачваліся да Кіева[7].

Thumb
Згадка пра вёскі Смалігавічы, Завайць і Нароўля пана Лукаша Сапегі ў 1604 г.

У судовым дэкрэце ад 20 ліпеня 1604 году пан Лукаш Сапега абвінаваціў суседа пана Януша Збараскага ў гвалтоўным насланьні слуг і баяраў з маёнтку свайго Валадаркі на ўгодзьдзі вёскі Смалігавічы і ўгоне коней, валоў ды іншых крыўдаў учыненьне. 21-м траўня 1607 году датаваны судовы дэкрэт, у якім пан Юзаф Будзіла, харунжы мазырскі, абвінаваціў панства Лукаша і Зофію Кміцянку Сапегаў за гвалты падданых іхнага маёнтку Антонаўскага зь вёсак Нароўлі і Смалегавічаў, учыненыя ў добрах пацярпелага, а менавіта ў вёсцы Багуцічы, што ў Мазырскім павеце. 26 жніўня 1609 году Лукаш і Зофія Сапегі праз суд выдалі Мікалаю Харлінскаму і жонцы яго Гальшцы Андраважаўне квіт што да грашовай кампэнсацыі за рабункі іх падданых антонаўскіх, смалігаўскіх, нараўлянскіх ды за напад на Нароўлю[11].

30 сьнежня 1621 году, калі каронныя і вялікакняскія камісары працягвалі разьмяжоўваць Кіеўскае ваяводзтва Кароны з Мазырскім паветам ВКЛ, высьветлілася — і ў 1616 — 1618 гады падаткі з Антонава, Смалігавічаў, Завойці аддаваліся Кіеўскаму ваяводзтву, а гэта мазырскія ўраднікі паны Будзіла і Лозка кваліфікавалі як рабаўніцтва, бо насуперак Оўруцкай павятовай рэвізіі, у якой Антонаў і Смалігавічы прызнаныя оўруцкімі, у каралеўскім прывілеі зь пячаткай вялікняскай канцылярыі пану Лукашу Сапегу з жонкай названы лен нададзены, каб служба земская, вайсковая адпраўлялася да ВКЛ. Тады паны камісары левабярэжжа Славечны[lower-alpha 4] згодна засьведчылі прыналежным да Мазырскага павету, але супярэчлівыя дакумэнты, што да названых добраў, перадалі для разгляду на будучым сойме[7].

Thumb
Смалегавічы, Антонаў, Нароўля ў канцы XVIII ст.[12]
Thumb
Пастанова Генэральнай Канфэдэрацыі Кароны і ВКЛ на канвакацыі Варшаўскай 1764 г.[13]

Паводле нараўлянскага краязнаўца Васіля Чайкі, у фондах НГАБ у Менску захоўваецца дакумэнт, пазначаны 10-м лістапада 1682 году. У тэксьце яго вядзецца пра разьмежаваньне ўгодзьдзяў Антонава, Смалегавічаў (Смольговичей), Нароўлі, якія трымаў пан Дамінік Міхал Служка, староста рэчыцкі, з добрамі Вербкавічы і Канатоп, прыналежнымі Ксавэраўскаму[lower-alpha 5] езуіцкаму калегіюму[15].

Канвакацыйны сойм 1764 году прызнаў ленны маёнтак Нароўля на правабярэжжы Прыпяці дзедзічным уладаньнем Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павету. Смалігавічы побач з Антонавам, Мухаедамі, Угламі, Галоўчыцамі, Карповічамі не названыя, але, імаверна, яны былі сярод тых, што разумеліся ў фразе «y dalszemi wszystkiemi attynencyami»[16].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Thumb
Смалегавічы, Галоўчыцы, Дзямідавічы на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Смалегавічы апынуліся ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні, з 29 жніўня 1797 году далучаны да Рэчыцкага павету той самай Менскай губэрні.

Паводле перапісу 1897 году, у Смалегаве было 49 двароў, 199 жыхароў, існаваў хлебазапасны магазын. На 1909 год у вёсцы налічвалася 65 двароў з 406 жыхарамі[17].

Найноўшы час

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчаная часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Смалегаў у складзе Нараўлянскай воласьці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Ўкраінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[18].

Вёска была ліквідаваная 21 верасьня 2010 году[19].

Заўвагі

  1. Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці[3].
  2. 1 службу складалі 2 двары і болей.
  3. Адзінкі абкладаньня павіннасьцямі. 1 службу складалі 2 двары і болей.
  4. Тут жа sioło i dwór Antonów, Smolihowicze.
  5. У газэтным матэрыяле памылкова запісана, нібы ў Кіеўскім. Ксавэраў – сяло ў Малынскім раёне Жытомірскай вобласьці Украіны. У 1768 г. калегіюм пераведзены да Оўруча[14].

Крыніцы

Літаратура

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.