Сацыялёгія (ад лац. societsa — „грамадзтва“ й стар.-грэц. λóγος — „навука“[1]), таксама грамадазна́ўства навука, якая сыстэматычна дасьледуе функцыянаваньне й зьмены грамадзтва, сацыяльныя законы, працэсы й структуры, якія яднаюць ці падзяляюць людзей, ствараюць сувязі паміж людзьмі альбо ёсьць іхняя праява, а таксама працэс іхніх зьменаў.

Асноўная мэта сацыялёгіі — аналіз структуры сацыяльных адносін у тым выглядзе, у якім яны складваюцца ў ходзе сацыяльнага ўзаемадзеяньня. Мэтадалягічна сацыялёгія ў значнай ступені базуецца на эмпірычных дасьледаваньнях. Сацыялёгію адносяць да грамадзкіх альбо гуманітарных навук.

Сацыёлягі дасьледуюць таксама адзінкі ў складзе сацыяльных групаў, чалавечыя стасункі (напрыклад, сям’я, супольнасьці, таварыствы, задзіночаньні й г. д.). Чалавечыя стасункі ў разуменьні сацыяльнае дынамікі могуць аб’ядноўваць людзей праз утварэньне сацыяльных групаў, установаў ці нават цэлых грамадзтваў, альбо падзяляць праз грамадзкія падзелы.

Гісторыя

Ужо ў старажытнасьці на высокім узроўні існавала грамадзкая думка. На эўрапейскім культурным абшары філёзафам, якога можна назваць першым сацыёлягам, быў Плятон. Грамадзкая думка ў той ці іншай форме існавала й да яго й мела сваё разьвіцьцё пасьля. Першым мысьляром, які запрапанаваў назву сацыялёгія быў Аўгуст Конт. Аб’ектам дасьледаваньня сацыялёгіі ёсьць супольнасьць. Адзінкі цікавяць сацыёляга толькі ў працэсе іхніх зьнешніх стасункаў паміж сабой.

Сыстэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі сацыялёгіі ажыцьцявіў Г. Спэнсэр, які стварыў канцэпцыю сацыяльных інстытутаў як мэханізмаў самаарґанізацыі сумеснага жыцьця людзей.

Канцэпцыя сацыялягізму найбольш поўна адлюстравана ў працах Э. Дзюркгейма, які вызначаў прадмет сацыялёгіі як сацыяльныя факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай.

Імкненьне знайсьці абʼектыўныя заканамернасьці сацыяльных зьяў абумовіла неабходнасьць выкарыстаньня ў сацыялёгіі статыстыкі. М. Вэбэр вызначаў сацыялёгію як навуку, якая вывучае дзеяньне сацыяльнае, пры ўмове субʼектыўнай матывацыі індывіда або групы. Паводле Вэбэра, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеяньне — той ідэальны тып, узор сацыяльнага дзеяньня, зь якім суадносяцца іншыя тыпы.

П. А. Сарокін разьвіў вучэньне пра „інтэгральную“ сацыялёгію і вылучыў 4 яе разьдзелы: агульнае вучэньне пра грамадзтва, вывучэньне сацыяльных заканамернасьцяў яго разьвіцьця, вывучэньне асноўных тэндэнцыяў у разьвіцьці грамадзтва і грамадзкіх інстытутаў, сацыяльная палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэньня грамадзкага жыцьця.

Працэс фармаваньня сацыялёгіі адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналітычнага падыходу, тэарэтычныя пабудовы якога цесна зьвязаны з эмпірычнымі дасьледаваньнямі. У межах агульнай праблематыкі фармаваліся розныя тэарэтычныя арыентацыі ў адпаведнасьці з пануючымі ў пэўны пэрыяд філязофскімі плынямі. Так, „сацыялягізм“ Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты „як рэчы“, парадзіў лінію пазытывісцкага абʼектывізму. „Разумеючая“ сацыялёгія Вэбэра (імкненьне расшыфраваць унутраны сэнс сацыяльных дзеяньняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філязофіі жыцьця. У 1950-х гадах у сацыялёгіі існавала некалькі тэарэтычных арыентацыяў, самая ўплывовая зь іх — структурны функцыяналізм (Т. Парсанс, Р. К. Мэртан), які ставіў на першы плян прынцып цэласнасьці і інтэграцыі сыстэмы і тлумачыў прыватныя зьявы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.

Паўстаньне сацыялёгіі ў сучасным выглядзе было спрычыненае грамадзкімі зьменамі зьвязанымі з індустрыялізацыяй канца XIX стагодзьдзя, у выніку якіх утварылася новае прамысловае грамадзтва. Зараз адбываецца паўставаньне новых постіндустрыяльных, ці інфармацыйных, грамадзтваў.

Глядзіце таксама

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.