былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Руды́я[1] — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Рудыя | |
Першыя згадкі: | 1638 год |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Стралічаўскі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°46′19.6″ пн. ш. 30°2′40.9″ у. д. |
Рудыя на мапе Беларусі Рудыя |
Найраней сяло Рудыя[a] згаданае ў 1638 годзе[b], калі князь Ярэмі Міхал Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых сваю палову Брагінскага маёнтку пану Мікалаю Лосятынскаму[4].
У акце Оўруцкага гродзкага суда ад 7 кастрычніка 1715 году, складзеным на скаргу панства Аляксандра і Людвікі з Чыхроўскіх Бандынэлі, войскіх мельніцкіх і пасэсараў часткі Брагінскага маёнтку, сказана, што ў 1711 г. пан маршалак мазырскі Антоні Аскерка адабраў ворыўныя землі і сенажаці, якімі здаўна карысталіся сяляне хутароў Рудых, ды загадаў сваім падданым губарэвіцкім араць, засяваць, касіць аж да самай ракі Брагінкі, рыбу лавіць, бортныя дрэвы руйнаваць і «іншыя пажыткі ўсялякія браць і на свой пажытак абарачваць»[5]. 11-м верасьня 1716 году датаваная заява пана войскага А. Бандынэлі аб тым, што насуперак дэкрэту Кіеўскага земскага суда, пан маршалак А. Аскерка не зьявіўся своечасова на паседжаньне для вырашэньня спрэчак з-за ўладаньняў: хутары Рудыя, Тварова, Рудакоў, Бабчын і Чахі. Акрамя таго, ён забараніў прыходзіць і сваім сялянам, пагражаючы ім пабоямі[6].
Згодна з «Тарыфам падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.», складзеным на падставе папярэдняй люстрацыі, futor Ruda (Rudy) — у частцы Брагінскага маёнтку, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дорпацкі падкаморы пан Аляксандар Антоні Бандынэлі[7]. А. Бандынэлі спачыў у 1733 годзе і менавіта тады князь Міхал Сэрвацы з старэйшай галіны і апошні мужчына ў родзе Вішнявецкіх ці не ўпершыню падпісаўся як «hrabia... na Brahiniu»[8].
У 1754 годзе з 8 двароў (каля 48 жыхароў) хутара Руды(я) Брагінскага маёнтку выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 24 гр.[9]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).
24 лістапада 1768 года пасэсар князь Войцех Шуйскі, староста ніжынскі, падаў у Оўруцкі гродзкі суд пратэст з нагоды насланьня панам Міхалам Ракіцкім, рэгентам ВКЛ, людей сваіх зь вёсак Рудыя і Варацец на чале з аміністратарам Брагінскага маёнтку на грунты дзедзічныя хвойніцкія ды ўчыненьня розных гвалтаў[10].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Рудыя апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[11]. На 1795 год хутар Рудыя разам з Бабчынам, Чахамі і Губарэвічамі належаў пану падстарасьце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[12], які годам раней страціў жонку Ізабэлу[13], дачку папярэдняга ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. У шляхецкай рэвізіі 1811 году паведамляецца, што фальварак Рудакоў зь вёскамі Рудакоў, Рудыя, Чахі, Варацец і іх 200 душамі прыгонных мужчынскага полу трымаў у шасьцігадовай арэндзе ад дзедзічнага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[c], менскага губэрнскага маршалка, пан Марцэлін Вешэнеўскі[15]. Як засьведчыў Аляксандар Ельскі, у 1816 годзе, згодна зь сямейным пагадненьнем, вёску Рудакоў з аднайменнай рэзыдэнцыяй і вёскі Чахі, Рудыя, Варацец атрымаў Уладыслаў, сын Ігнацыя, Аскерка, падкаморы рэчыцкі[16].
Паводле інвэнтару 1844 г. Рудыя – вёска з 15 дварамі Рудакоўскага маёнтку былі ўласнасьцю непаўналетніх Гэнрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіліся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава[17].
У 1850 годзе ў Рудых налічвалася 94 жыхары[3]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 87 жыхароў вёскі Рудыя зьяўляліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўздзьвіжанскай царквы[18].
У парэформавы пэрыяд Рудыя – у Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. На пачатак 1870 года тут — 54 мужчыны-гаспадары зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Плоскаўскага сельскага таварыства[19].У 1876 гадзе і пазьней жыхары вёскі заставаліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы[20]. Пані Алена, дачка Гэнрыка, Ваньковіч (Аскерчанка) названая ўладальніцай Рудакоўскага маёнтку ў «Списке землевладельцев Минской губернии» 1889 и 1911 г. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было 37 двароў, 227 жыхароў, працаваў вятрак[3]. На 1909 год у Рудых – 17 двароў з 79 жыхарамі[21][d]
9 лютага 1918 годe, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рудыя ў складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[22].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
З 8 сьнежня 1926 году Рудыя — у складзе БССР, у Бабчынскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 па 26 ліпеня 1930 году — Гомельскай акругі. У 1931 г. вяскоўцы ўступілі ў калгас[3]. З 20 лютага 1938 году Рудыя — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты загубілі жыцьці 3 вяскоўцаў, 25 жыхароў загінулі і прапалі бязь вестак на франтах[23].
На 8 лютага 1954 года Рудыя — у Рудакоўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года тут налічвалася 245 жыхароў. Вёска ў складзе калгасу «Кастрычнік» (цэнтар – сяло Бабчын)[3].
21 верасьня 2010 году вёска ліквідаваная рашэньнем Хвойніцкага раённага Савету дэпутатаў[24].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.