Пнэўманія
захворваньне лёгкіх / From Wikipedia, the free encyclopedia
Пнэўмані́я (па-грэцку: πνευμονία ад πνεύμων — «лёгкія») або запале́ньне лёгкіх — запаленьне лёгачнай тканкі інфэкцыйнага паходжаньня зь пераважным паражэньнем пухірыкаў (з разьвіцьцём у іх запаленчай эксудацыі) і міжвузнай тканкі лёгкага. Тэрмін «пнэўманія» аб’ядноўвае большую групу хваробаў, кожная зь якіх мае сваю этымалёгію, патагенэз, рэнтгеналягічныя прыкметы, дадзеныя лябараторных дасьледаваньняў і асабліва тэрапіі. Можа працякаць як самастойнае захворваньне ці як ускладненьне іншых захворваньняў.
Пнэўманія | |
Сынонімы | запаленьне лёгкіх |
---|---|
Спэцыяльнасьць | пульманалёгія, інфэкталёгія |
Сымптомы | кашаль, абцяжаранае дыханьне, пачашчанае дыханьне, павышэньне тэмпэратуры цела[1] |
Працягласьць | некалькі тыдняў[2] |
Прычыны | бактэрыі, вірус |
Фактары рызыкі | кістозны фіброз, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, бранхіяльная астма, цукровы дыябэт, сардэчная недастатковасьць, паленьне[3] |
Мэтад дыягностыкі | на падставе сымптомаў, рэнтген грудной клеткі |
Лячэньне | кіслародная тэрапія[4] |
Лекі | антыбіётыкі, супрацьвірусныя сродкі[4] |
Частасьць | 450 млн (7%) за год |
Сьмяротнасьць | 4 млн за год[5] |
Пнэўманія ў Вікісховішчы |
Неінфэкцыйныя запаленчыя працэсы ў лёгачнай тканкі, звычайна называюць пнэўманітамі ці альвэлітамі. На фоне падобных асэптычных запаленчых працэсаў нярэдка разьвіваецца бактэрыяльная, вірусна-бактэрыяльная й грыбковая пнэўманія. Асноўным мэтадам дыягностыкі зьяўляецца рэнтгеналягічнае дасьледаваньне лёгкіх, а асноўным мэтадам лячэньня — антыбактэрыяльная тэрапія. Позная дыягностыка й затрымка з пачаткам антыбактэрыяльнага лячэньня пагаршае прагноз захворваньня. Магчымы лятальны сыход.
Пнэўманія закранае каля 450 мільёнаў чалавек ва ўсім сьвеце, што складае каля 7% агульнага насельніцтва Зямлі. Штогод рэгіструюцца прыкладна 4 мільёны сьмерцяў. Пнэўманія была ахрышчана доктарам Ўільямам Осьлерам у XIX стагодзьдзі, як «капітан па сьмерці сярод мужчынаў»[6]. Са зьяўленьнем антыбіётыкаў і вакцыны супраць хваробы ў XX стагодзьдзі выжывальнасьць падвысілася. Тым ня менш, у разьвіваных краінах, а таксама сярод вельмі старых і вельмі маладых людзей, а таксама хранічна хворых, пнэўманія застаецца адным зь вядучых чыньнікаў сьмерці[7].