Паўправаднік
From Wikipedia, the free encyclopedia
Паўправаднік — цьвёрды матэрыял, які валодае адначасова двума тыпамі праводнасьці — электроннай і гэтак званай дзіркавай. Паўправаднік па сваёй удзельнай праводнасьці займае прамежкавае месца паміж праваднікамі й дыэлектрыкамі й адрозьніваецца ад праваднікоў моцнай залежнасьцю ўдзельнай праводнасьці ад канцэнтрацыі прымешкаў, тэмпэратуры й узьдзеяньня розных відаў выпраменьваньня. Паўправаднікі зьяўляюцца шырокай клясай рэчываў, якія характарызуюцца значэньнямі электраправоднасьці, прамежкавымі паміж электраправоднасьцю мэталаў (106—104 Ом-1 см-1) і добрых дыэлектрыкаў (10-10—10-12 Ом-1см-1, пры 20 oC). Характэрнай асаблівасьцю паўправаднікоў, якая адрозьнівае іх ад мэталаў, зьяўляецца ўзрастаньне электраправоднасьці з ростам тэмпэратуры[1].
Паўправаднікамі зьяўляюцца рэчывы, шырыня забароненай зоны якіх складае каля некалькіх электрон-вольт (эВ). Напрыклад, алмаз можна аднесьці да шыроказоннага паўправадніка, а арсэнід інда — да вузказоннага. Да ліку паўправаднікоў ставяцца шматлікія хімічныя элемэнты, як то герман, крэмн, сэлен, тэлюр, аршэньнік і іншыя, вялікая колькасьць сплаваў і хімічных злучэньняў. Амаль усе неарганічныя рэчывы навакольнага нас сьвету зьяўляюцца паўправаднікамі. Самым распаўсюджаным у прыродзе паўправадніком зьяўляецца крэмн, які складае амаль 30% зямной кары.
У залежнасьці ад таго, аддае ці прымешаны атам электрон або захоплівае яго, прымешныя атамы называюць донарнымі або акцэптарнымі. Характар прымешку можа зьмяняцца ў залежнасьці ад таго, які атам крышталічнай рашоткі яна замяшчае, у якую крышталяграфічную плоскасьць убудоўваецца. Праводнасьць паўправаднікоў моцна залежыць ад тэмпэратуры. Паблізу тэмпэратуры абсалютнага нуля паўправаднікі маюць уласьцівасьці дыэлектрыкаў. Паўправаднікі складаюць аснову сучасных электронных тэхналёгіяў, шырока ўжываюцца ў прамысловай і спажывецкай тэхніцы.